Строительная амнистия в Беларуси продлена до 1 января 2028 года. Пользуются ли ей в Кореличском районе?
13 студзеня Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам быў падпісаны Указ № 10 аб падаўжэнні «будаўнічай амністыі» на тры гады. Дзякуючы шматлікім зваротам грамадзян нашай краіны, якія не паспелі ўзаконіць свае самавольныя пабудовы, у Адміністрацыю Прэзідэнта і ў Мінбудархітэктуру згодна з даручэннем Кіраўніка дзяржавы гэты дакумент быў падрыхтаваны. І сёння з’явілася магчымасць забяспечыць рэгістрацыю такіх аб’ектаў без адміністрацыйнай цяганіны і штрафа.
Як паведаміла начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама Ірына Малышава, узаконіць пабудовы на сваім участку па спрошчанай схеме можна, выконваючы наступныя ўмовы. Першае – гэта месца размяшчэння, яно не павінна быць самазахопам зямлі і выкананы адлегласці ад межаў зямельнага ўчастка да прымаемай у эксплуатацыю пабудовы. І наступнае: аб’екты будаўніцтва, пабудаваныя (рэканструяваныя) грамадзянамі на зямельных участках, прадастаўленых для будаўніцтва і (або) абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў, правы на якія з’явіліся да 1 верасня 2022 года.
У перыяд дзеяння папярэдняга ўказа на Карэліччыне гэтым механізмам было зарэгістравана 1389 квадратных метраў агульнай плошчы індывідуальных жылых дамоў пасля рэканструкцыі.
Прыёмка аб’ектаў будзе весціся прыёмачнай камісіяй, якая мае права і адмовіць грамадзяніну, калі аб’ект будаўніцтва не будзе гатовы да эксплуатацыі з улікам звестак, указаных у ведамасці тэхнічных характарыстык. Такое можа здарыцца, калі ў будынку, напрыклад, адсутнічаюць дах, вокны, уваходныя дзверы, ацяпленне і іншае.
Абмежаванняў на падачу паўторнай заявы аб выдачы акта прыёмкі ў эксплуатацыю не ўстаноўлена. Пасля выпраўлення заўваг грамадзянін мае права звярнуцца ў службу «адно акно» мясцовага выканаўчага камітэта з заявай паўторна.
Указ дазволіць комплексна вырашыць пытанні па навядзенні парадку ў дачыненні да індывідуальных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў, завершаных будаўніцтвам або рэканструкцыяй, лічыць спецыяліст жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва. Яго сутнасць у тым, што жылыя дамы і нежылыя пабудовы: прыбудовы, веранды, хлявы, гаражы і лазні, узведзеныя або рэканструяваныя без праекта або з адступленнем ад праекта, цяпер могуць быць прыняты ў эксплуатацыю ў спрошчаным парадку. Яны выйдуць з ценю шляхам легалізацыі і не будуць прызнавацца самавольнымі, а значыць уладальнікі не будуць несці адміністрацыйную адказнасць і на іх не будзе накладвацца штраф за незаконнае будаўніцтва. Гэта значыць, што самы час узаконіць узведзеныя капітальныя пабудовы.
– Прыходзіць да нас грамадзянін, мы глядзім – ці вытрыманы горадабудаўнічыя, санітарныя і супрацьпажарныя нормы пры будаўніцтве, ці мае месца самазахоп зямельнага ўчастка, ці выкананы адлегласці ад межаў зямельнага ўчастка да прымаемай у эксплуатацыю пабудовы. Калі парушэнняў няма, значыць, маем права ўзаконіць. Узвядзенне новага жылога дома і гаспадарчых пабудоў, а таксама рэканструкцыя існуючага жылога дома і гаспадарчых пабудоў у месцы ўжо існуючай сядзібнай забудовы дапускаецца адпаведна на адлегласці 3 і 2 м ад мяжы зямельнага ўчастка пры наяўнасці натарыяльна заверанай пісьмовай згоды сумежнага(-ых) землекарыстальніка(-аў).
Па Указе Прэзідэнта № 253, дзеянне якога працягнулі, дастаткова звярнуцца ў службу “адно акно” райвыканкама з заявай, ведамасцю тэхнічных характарыстык, выдадзенай агенцтвам па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, і дакументальным пацвярджэннем, што грамадзянін з’яўляецца ўласнікам участка. Дадзены Указ не толькі эканоміць час грамадзян, а яшчэ выключае адміністрацыйную адказнасць за самавольнае будаўніцтва. Разбіраемся з кожным выпадкам індывідуальна, – падкрэслівае Ірына Казіміраўна. – Для тых, хто зарэгістраваў свае правы на зямельны ўчастак пасля 1 верасня 2022 года, таксама ёсць паслабленні, прадугледжаныя Указам № 202 “Аб спрошчаным парадку ўзвядзення і рэканструкцыі аб’ектаў будаўніцтва”. Ён дазваляе грамадзянам узводзіць або рэканструяваць жылыя дамы і нежылыя капітальныя пабудовы пятага класа складанасці без атрымання дазваляльнай і распрацоўкі праектнай дакументацыі ў сельскіх населеных пунктах, на падставе дакумента, які сведчыць права на зямельны ўчастак, і пры ўмове, што адлегласць ад межаў сумежнага зямельнага ўчастка да жылога дома складае не менш за тры метры, нежылых капітальных пабудоў – не менш за два метры. Пасля завяршэння будаўніцтва ў выпадку, калі названыя нормы не парушаныя, можна звяртацца для рэгістрацыі капітальных пабудоў у агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры без афармлення акта прыёмкі аб’екта ў эксплуатацыю.
Кацярына КУКАНАВА
Жыхарка г.п. Карэлічы Наталля Альшэўская падзялілася:
У мяне ўзнікла неабходнасць скарыстацца дзеяннем Указа аб «будаўнічай амністыі», калі трэба было атрымаць адпаведныя дакументы і ўзаконіць праведзеныя рэканструкцыі ў доме ў в. Скорычы і гаспадарчыя пабудовы каля яго. Навіна пра тое, што тэрмін дзеяння «будаўнічай амністыі» працягнуты, не магла мяне не ўзрадаваць. Перажывала, што не паспею да заяўленага тэрміну ў 2025 годзе прывесці дакументы ў парадак. Цяпер не страшна, што прыйдзе штраф ці трэба будзе зносіць пабудовы. Можна спакойна займацца гэтым пытаннем. Думаю, што многіх узрадавала падаўжэнне тэрмінаў гэтага Указа.