Да 85-годдзя Карэліцкага раёна. Як маладыя аграрыі ездзілі на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву
СА СПРАВАЗДАЧНАГА ДАКЛАДА САКРАТАРА МІРСКАГА РК ЛКСМБ т. ГЛАЗУНОВА НА СПРАВАЗДАЧНА-ВЫБАРНЫМ РАЁННЫМ КАМСАМОЛЬСКІМ СХОДЗЕ
8 верасня 1940 года.
…У час выбараў у Вярхоўныя Саветы ССР і БССР камсамольская арганізацыя в. Даўгінава арганізавала масавы выхад камсамольцаў і моладзі на дарожнае будаўніцтва. 36 камсамольцаў удзельнічалі (у рабоце) па рэалізацыі пазыкі 3-й пяцігодкі «выпуску трэцяга года».
…Камсамолка пярвічнай камсамольскай арганізацыі калгаса імя Варашылава тав. Палуян Клаўдзія, камсамолец калгаса «Першага Мая» тав. Валько як лепшыя працаўнікі ў калгасе былі прэміраваны пуцёўкамі на Сельскагаспадарчую Выстаўку.
Камсамолец калгаса імя Кірава тав. Мацько з’яўляецца брыгадзірам па малацьбе, і яго брыгада штодзённа намалочвала па 16 тон зерня ў суткі. Камсамольцы калгаса «17 Верасня» тт. Мамончык Міхаіл, Дука Раіса з’яўляюцца перадавымі ў гаспадарчых работах. Звяно камсамолкі т. Дука Жэні з’яўляецца перадавым звяном у калгасе па якасці работы і перавыкананню норм выпрацоўкі.
Брыгада трактарыста-камсамольца тав. Лазука выканала план па малацьбе на 200%, камсамолец МТС тав. Саланец за добрую пастаноўку ўліку ў МТС быў прэміраваны дырэкцыяй МТС, камсамолец спіртзавода тав. Лабаза перавыконвае штодзённа нормы выпрацоўкі да 140% і за добрую работу вылучаны зменным майстрам гарэлачнага цэху.
Камісія па рабоце сярод школьнай моладзі і піянераў (старшыня тав. Баранчук) прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Усе члены камісіі мелі замацаваныя ўчасткі па рамонту і будаўніцтву школ. (ПА ІГП пры ЦК КПБ, ф. 716, воп. 1, спр. 25, лл. 1, 2).
Пачаткам сацыялістычных утварэнняў у эканоміцы з’явілася нацыяналізацыя прамысловасці і банкаў, якая адбылася ў асноўным у лістападзе-снежні 1939 года. Былі нацыяналізаваны не толькі буйныя і сярэднія прадпрыемствы, але і большая частка дробных. Напрыклад, згодна з рашэннем Мірскага райвыканкама ад 18 лютага 1940 года былі нацыяналізаваны аптовы склад, млыны і электрастанцыі, у тым ліку млын і электрастанцыя буйнога фабрыканта Ліхцінгера.
У адпаведнасці з пастановамі ХVIII з’езда КП(б)Б у заходніх абласцях ставілася задача развіцця і рэканструкцыі старых прамысловых прадпрыемстваў, потым будаўніцтва новых. Рамесныя і саматужныя майстэрні пачалі аб’ядноўвацца ў больш буйныя прадпрыемствы.
На пачатак сорак першага года ў Карэліцкім раёне налічвалася (акрамя калгасных) 53 прадпрыемствы, на якіх працавала 97 чалавек, з іх 90 рабочых. У Мірскім раёне дзейнічала 7 прадпрыемстваў, на якіх працавала 134 чалавекі, у тым ліку 112 рабочых. Дырэктарамі прадпрыемстваў, як правіла, назначаліся спецыялісты з усходніх абласцей або людзі, якія праявілі сябе ў рэвалюцыйнай барацьбе.
Увесь даваенны перыяд 1941 года стаў часам далейшай індустрыялізацыі заходніх абласцей. Да прыкладу, у Мірскім раёне налічвалася 15 прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і іншых, якія падпарадкоўваліся мясцоваму Райпрамкамбінату. Сярод іх два лесазаводы, два маторныя млыны і электрастанцыя (у Міры і Турцы), сем вадзяных млыноў, сталярна-мэблевая і аўчынна-футравая майстэрні ў Міры.
Столькі ж прадпрыемстваў аб’ядноўваў і Карэліцкі Раймелькамбінат. Сярод іх два цагельныя і столькі ж вапнавых заводаў, млын і лесазавод, электрастанцыя і слясарны цэх, маслабойня (у Карэлічах), 9 вадзяных млыноў. (Філіял ДА Брэсцкай вобл. у Баранавічах, ф. 188. воп. 5, спр. 9. лл. 205, 213).
У 1941 годзе планавалася адкрыць у Міры кавальскі, бандарны і ганчарны цэхі, у Карэлічах — харчсмакавае прадпрыемства і пашырыць ужо дзеючыя.
Нацыяналізацыя, зразумела, закранула ўсе галіны склаўшыхся гаспадарчых структур Заходняй Беларусі. У першай палавіне 1940 года былі нацыяналізаваны ўсе буйныя і сярэднія гандлёвыя ўстановы. Па рашэнню райвыканкама ў Міры нацыяналізуюцца аптэка, бакалейны, мануфактурны і жалезны магазін, дамы буйных гандляроў.
З гэтага моманту пачынаюць стварацца таварыствы спажывецкай кааперацыі. Райспажыўсаюзы адкрывалі сталовыя, чайныя, хлебапякарні. Наладжвалася забеспячэнне гандлёвых устаноў таварамі. На пачатак сорак першага года ў Карэліцкім раёне налічвалася 25 памяшканняў для рознічнага гандлю. У тым ліку — 15 магазінаў, сталовая, памяшканне для прадпрыемстваў агульнага харчавання, адзін нарыхтоўчы пункт. (Філіял ДА Брэсцкай вобл. у г. Баранавічы, ф. 693, воп. 1, спр. 1, л. 23).
(Працяг будзе)
Святлана КОШУР
Фота з кнігі «Памяць»