Да 85-годдзя Карэліцкага раёна. Арганізацыя першых калгасаў
Аб працоўным энтузіязме вызваленых людзей па будаўніцтву новага грамадства сведчаць матэрыялы Баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная звязда» за 1940 год.
![](http://www.polymia.by/wp-content/uploads/2025/02/IMG_7407-1-730x530.jpg)
24 жніўня
Цяжка было адразу працаваць, не ладзілася работа, не хапала нажоў, тачак, дошак, на якіх адвозяць торф і г.д. Але паступова работа стала наладжвацца, павялічвалася колькасць рабочых. Зараз на заводзе працуе ўжо больш 30 рабочых.
З кожным днём усё павялічваецца прадукцыйнасць працы. Калі ў пачатку мая здабывалі 25 тыс. цаглін торфу ў дзень, то ў чэрвені здабывалі па 45 тыс. цаглін.
Н. ВАЛЧОК, КРЫШКО.
Торфазавод «Крышылоўшчына», Мірскага раёна.
30 кастрычніка
ПАВЯЛІЧЫЎСЯ ВЫПУСК ПРАДУКЦЫІ
Нядаўна закончылася рэканструкцыя спіртавога цэха і цэха рацыфікацыі на Мірскім спіртзаводзе. Рэканструкцыя значна павялічвае выпуск прадукцыі і павышае якасць яе. Спіртавы цэх у чацвёртым квартале будзе выпускаць прадукцыі на 250 працэнтаў больш, чым у трэцім. Па папярэдніх падліках цэх рацыфіката ў чацвёртым квартале выканае план больш чым на 120 працэнтаў.
Гарэлачны цэх увесь час выконвае свой план са значным перавышэннем. Паасобныя стаханаўцы гэтага цэха маюць выдатныя вынікі ў рабоце. Напрыклад, мыечнік тав. Вінакур выконвае нормы на 220 працэнтаў, тав. Н. Э. Уровіч — на 180 працэнтаў, тав. Р. Я. Сталовая — на 170 працэнтаў і тав. Крупец — на 160 працэнтаў.
Стаханаўка разлівачнага аддзялення тав. Развадоўская выпрацоўвае па дзве нормы ў змену, рабочы С. І. Літвін выконвае штодзённа нормы на 170 працэнтаў. Павысілася прадукцыйнасць працы. Значна перавыконвае заданне сталоўшчыца разлівачнага аддзялення С. А. Крупец.
Д. А. СТУЛЬ, начальнік планавага аддзела Мірскага спіртзавода.
У сельскай гаспадарцы пасля канфіскацыі памешчыцкіх зямель і падзелу іх паміж малазямельнымі сялянамі дзяржава накіравала намаганні на арганізацыю розных формаў кааперацыі ў вёсцы. Праз спажывецкую кааперацыю сяляне куплялі па дзяржаўных цэнах сельгасмашыны, розныя прылады, сартавое насенне. Нарыхтоўчым кааператыўным арганізацыям яны прадавалі прадукцыю сваёй гаспадаркі. Вясной 1940 года ў заходніх абласцях БССР былі створаны машынна-конныя пракатныя пункты, якія дапамагалі сялянам праводзіць ворыва — забяспечвалі іх неабходным інвентаром і цяглавай сілай.
Яшчэ восенню 1939 года, пры падзеле памешчыцкай зямлі, сяляне асобных вёсак падавалі заявы ў павятовыя і абласныя органы з просьбаю арганізаваць у іх калгасы. Часовыя праяўленні не мелі паўнамоцтваў на арганізацыйнае афармленне гаспадарак. Рашэнне па стварэнню калгасаў прымалася мясцовымі партыйнымі органамі, выканкамамі і створанымі ў снежні 1939 года абласнымі і павятовымі зямельнымі аддзеламі.
Вясной 1940 года ў час падрыхтоўкі і правядзення сяўбы сяляне Валеўскага і Мірскага раёнаў пачалі аб’ядноўвацца ў калгасы.
Больш як 200 сялян вёскі Беражна Мірскага раёна ў пачатку сакавіка звярнуліся ў выканкам раённага Савета дэпутатаў працоўных з калектыўнай заявай, у якой гаварылі аб сваім цвёрдым намеры «огранизоваться в колхоз, чтобы жизнь крестьянскую строить по-новому…» — прасілі неадкладнай дапамогі ў стварэнні сельскагаспадарчай арцелі. («Советская Белоруссия», 1940, 15 сакавіка).
З дакладной запіскі сакратара Валеўскага РК КП(б)Б Дзянісава сакратару Баранавіцкага абкама КП(б)Б т. Туру ад 28.11.1940 г.
Па Валеўскаму раёну на 28.11.1940 г. паступіла заяў ад груп грамадзян аб арганізацыі калгасаў ад 19 вёсак. Райкам партыі 27 кастрычніка рашыў арганізаваць 5 калгасаў, астатнія заявы вывучаюцца.
(Працяг будзе)
Святлана КОШУР
Фота з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея