Фото, вязание и резьба по дереву. Жительница агрогородка Жуховичи Ирина Дуко на пенсии не скучает
На заслужаным адпачынку чалавек аддадзены самому сабе. У яго за плячыма дзясяткі гадоў працы, а зараз можна прысвяціць сябе любімаму занятку для душы, ажыццявіць мары юнацтва, якія пранёс у думках праз усё жыццё.
Любы сэрцу куточак
Вёска Стары Лес у Навагрудскім раёне — маленькая радзіма Ірыны Сяргееўны Дука. Яна па сённяшні дзень захоўвае ў памяці гэты цудоўны куточак. Там засталіся толькі чатыры жылыя дамы з карэннымі жыхарамі. У гады яе дзяцінства вёска была вялікая, семдзесят дамоў, іх хата знаходзілася пасярэдзіне населенага пункта.
У сям’і выхоўвалася трое дзяцей. Яна была старэйшай і яшчэ дзве сястры. Валянціна і зараз жыве ў Старым Лесе, а Таіса ў Мінску выкладае ў адным з будаўнічых каледжаў.
— Я наведваю родны куточак, — прызнаецца жанчына. — Люблю яго, прырода прыгожая ў нас. Па-асабліваму душа адпачывае. Настальгія па мінулым не пакідае — заўжды ў думках з роднымі мясцінамі.
Любімая справа
Ірына закончыла сярэднюю школу № 1 г. Навагрудка. Затым паступіла ў Бабруйскі каледж імя А. Ларына па спецыяльнасці мастак-афарміцель. Яшчэ ў школе выпускала насценныя газеты. Старалася прыгожа і па-мастацку афармляць канспекты. Наведвала гурток па маляванні. Бачачы здольнасці дзяўчыны, педагогі падтрымлівалі яе захапленне і прыводзілі ў прыклад іншым.
У 1973 годзе закончыла каледж з адзнакай. Узяла свабоднае накіраванне і прыехала ў калгас «Перамога» Карэліцкага раёна на працу па запрашэнні старшыні Мікалая Ціханавіча Сакалова. Афармляла чырвоныя куткі і мясцовую бібліятэку.
— Неўзабаве пабудавалі вялікі дзіцячы садок у Жухавічах, — успамінае субяседніца. — Дзетак было шмат, шэсць груп, і я пачала афармляць дзіцячую ўстанову. Калі садзік атрымаў мастацкі ўхіл, выкладала выяўленчае мастацтва.
Яшчэ адной прафесійнай прыступкай для Ірыны Сяргееўны стала праца ў Жухавіцкай сярэдняй школе. Тут прадоўжыла справу свайго жыцця — працавала да выхаду на заслужаны адпачынак па абранай спецыяльнасці і выкладала ўрокі малявання.
Да захапленняў — з любоўю
Жыццё на заслужаным адпачынку ў Ірыны Сяргееўны Дука стала не менш насычаным.
— Была кароўка, — успамінае гаспадыня. — Лішкі малака здавалі дзяржаве, гэта і падспор’е для сям’і. Гадавалі свіней, курэй, індыкоў. Агарод быў вялікім — саджалі ўсю гародніну, без гэтага ў вёсцы не абысціся.
Толькі на адной асабістай гаспадарцы жанчына не засяроджвала ўвагу. Любіла шыць адзенне, нават заказы брала. Як і вязаць розныя рэчы: сукенкі, швэдры, тунікі, шарфы — і ў яе атрымлівалася вельмі добра.
З задавальненнем суразмоўца прызналася, што любіць фатаграфаваць, у асноўным прыроду. Мае розныя фотаапараты і нават прынтар, каб выводзіць каляровыя здымкі. Зараз у яе з’явіўся яшчэ адзін памочнік — мабільны тэлефон. Яна паказвае свае фотаздымкі, на якіх — бацькоўскі дом, нацюрморты, пейзажы.
— Ружы зрэзала ў лістападзе, паставіла ў вазу — і атрымаўся прыгожы нацюрморт, — апавядае Ірына Сяргееўна. — А вось яблыневы цвет, лілія пасля дажджу, чмель на півоні, матылёк на бэзе, раніца ў садзе, першы снег, пянёк з апятамі, вячэрняе неба…
Паведаміла яшчэ пра адно захапленне — разьбу па дрэве. Мой позірк прыцягнула вялікая вышытая карціна ў драўлянай прыгожа аздобленай рамцы.
— Гэты талент перадаўся ад бацькі, — патлумачыла далей жанчына. — Ён быў майстрам на ўсе рукі: шыў боты і штаны, вырабляў кажухі, ён і бондар, і пячнік, і сталяр. Мама ткала, шыла, прала, вязала. Гэта пакаленне, якое шмат працавала і старалася жыць годна.
Аб сэнсе жыцця
Зараз Ірына Сяргееўна шукае сабе занятак для душы. Яна ці з фотаапаратам, ці з кручком, ці са спіцамі. Усё гэта робіць дзеля таго, каб перамагчы дрэнны настрой. Раней аб гэтым задумвацца не было часу: праца была творчай і шмат задумак, якія ператварала ў жыццё. Дома чакалі любімая сям’я і гаспадарчыя справы. Трэба было ўсё паспець і агарнуць клопатам кожнага ў сям’і.
— Не шкадую, што шмат працавала, праца — аснова асноў. Трэба, каб чалавек меў занятак для душы. Калі праца ў радасць, і дорыш яе людзям, ты шчаслівы чалавек, — зазначыла напрыканцы сустрэчы Ірына Сяргееўна.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ
Вёска Малыя Жухавічы