Рассказываем о сотрудниках Кореличского РОВД, которые вошли в число победителей областного этапа конкурса «Лучший наставник»
Вопытны супрацоўнік міліцыянер-канваір канвойнага падраздзялення Віктар Шылюк і яго малады падапечны Антон Шэўка занялі трэцяе месца ў абласным этапе конкурсу “Лепшы настаўнік”, які прайшоў ва ўпраўленні ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама.
Падраздзяленне ізалятара часовага ўтрымання Карэліцкага РАУС, у якім працуюць міліцыянеры, мае добрыя вынікі ў аператыўна-службовай дзейнасці. У калектыве здаровы маральна-псіхалагічны клімат, што спрыяе якаснаму выкананню пастаўленых задач. Больш вопытныя супрацоўнікі падраздзялення ўвесь час працуюць над павышэннем прафесійнага ўзроўню сваіх падначаленых. Графік працы ў супрацоўнікаў ІЧУ досыць напружаны. Службу даводзіцца несці пазменна. Ізалятар часовага ўтрымання – месца закрытае, так што староннім сюды зайсці практычна немагчыма. Часцей за ўсё сюды трапляюць сямейныя скандалісты, тыя, на каго пастановай суда накладаецца адміністратыўны арышт да 15 сутак за парушэнне правапарадку. Аднак сярод кантынгенту ёсць і такія, хто праходзіць па крымінальных артыкулах.
Адной з форм прафесійнага станаўлення і выхавання маладых супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з’яўляецца настаўніцтва. За маладым супрацоўнікам канвойнага падраздзялення ізалятара часовага ўтрымання быў замацаваны вопытны настаўнік – міліцыянер-канваір Віктар Шылюк, які ў міліцыі праслужыў больш сямі гадоў.
Віктар Вячаслававіч – дасведчаны і строгі настаўнік. Ён вучыць моладзь перш за ўсё дысцыпліне, таму што любы промах можа дорага каштаваць. Сярод станоўчых момантаў у сваёй працы ён адзначае працоўны калектыў, які складаецца з маладых людзей.
– Навучаючы моладзь тонкасцям працы, ты таксама самаўдасканальваешся і расцеш, – гаворыць вопытны міліцыянер. – Нямала гэтаму спрыяюць і сістэматычныя заняткі па службовай падрыхтоўцы і самападрыхтоўцы. Найбольш важнымі якасцямі, якімі павінен валодаць міліцыянер – дзяжурны ІЧУ, для паспяховай працы лічу ўважлівасць, ураўнаважанасць, уменне пазбягаць канфліктных сітуацый і чалавечнасць, бо кожны зняволены – гэта, перш за ўсё, чалавек. Трэба валодаць асновамі псіхалогіі і медыцынскімі ведамі, каб у выпадку неабходнасці аказаць першую дапамогу пацярпеламу.
Нават знаходзячыся ў працоўным адпачынку, ён не здымае з сябе адказнасці за тое, як ідуць справы на даручаным яму ўчастку, бо любую справу ён прывык выконваць з вялікай доляй адказнасці, якасна і старанна. Менавіта таму ў паслужным спісе прапаршчыка Віктара Шылюка ёсць узнагароды за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў.
Антон Шэўка ў канвойнае падраздзяленне ІЧУ Карэліцкага РАУС прыйшоў на службу ў жніўні 2023 года. Малады сяржант міліцыі – ураджэнец нашага раёна. Працаваць у Карэліцкі РАУС прыйшоў адразу пасля заканчэння Навагрудскага дзяржаўнага каледжа. Юнак заўсёды гатовы з гонарам і годнасцю выконваць свае абавязкі.
Пра перамогу ў конкурсе настаўнік і яго вучань сціпла гавораць: “Мы нічога асаблівага не рабілі, проста штодня добрасумленна выконвалі сваю працу так, як гэта робім заўсёды”.
Такія адказныя супрацоўнікі, як Віктар Шылюк і Антон Шэўка з’яўляюцца гонарам Карэліцкага РАУС і прыкладам для пераймання для сваіх калег.
Кацярына КУКАНАВА
Фота прадастаўлена Карэліцкім РАУС