Павел Вадап’янаў, доктар філасофскіх навук з Паланой, святкуе 85-годдзе

10 лютага  адзначаецца юбілейная дата, 85-годдзе з дня нараджэння нашага славутага земляка Паўла Аляксандравіча Вадап’янава – беларускага філосафа, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара філасофскіх навук, прафесара, выдатніка адукацыі Беларусі.

Нарадзіўся ў вёсцы Паланая Карэліцкага раёна ў 1940 годзе. Дзяцінства было нялёгкім:  перажытая акупацыя, усе нягоды пасляваеннай разрухі…

У 1959 г. скончыў Гомельскі тэхнікум механічнай апрацоўкі драўніны. Самастойную працоўную дзейнасць пачаў рабочым мэблевай фабрыкі. З кастрычніка 1959 г. па жнівень 1962 г. служыў у Савецкай арміі.

Вышэйшую адукацыю атрымаў на філасофскім факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння ў 1967 годзе працягнуў сваю працу ў Інстытуце філасофіі і права АН БССР. Тут ён скончыў аспірантуру і бліскуча абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працягнуў працу ў аддзеле дыялектычнага матэрыялізму і філасофскіх пытанняў прыродазнаўства.

У 1982 г. ён паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю. Пачаў працаваць у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, дзе да 2010 года ўзначальваў кафедру філасофіі і права, затым – прафесар гэтай жа кафедры.

Больш за пятнаццаць гадоў Павел Вадап’янаў быў старшынёй экспертнага савета па філасофіі пры Прэзідыуме ВАК Рэспублікі Беларусь.

Да асноўных узнагарод вучонага трэба аднесці: нагрудны знак «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (1995), прэмія акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы (1996) за манаграфію «Вялікі дзень гневу: экалогія і эсхаталогія».

Павел Вадап’янаў з’яўляецца адным з вядучых філосафаў у Рэспубліцы Беларусь. Ён шырока вядомы як аўтарытэтны вучоны ў краінах СНД і ў далёкім замежжы. Мае шматлікія публікацыі ў рэспубліканскіх і замежных спецыялізаваных крыніцах. Аўтар больш за 210 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій.

Алена МАКАРЧЫК, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»

Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц