Якія святы адзначаць каталікі ў 2025 годзе?

У літургічным календары можна знайсці шмат святаў. Частка з іх – святы абавязковыя, найважнейшыя, якія кожны хрысціянін мусіць адзначаць.

Да такіх адносіцца Вялікдзень – найважнейшае свята ва ўсім годзе.

Урачыстасці Вялікадня – Уваскрасення Пана – папярэднічае Пасхальны Трыдуум (Вялікі чацвер, Вялікая пятніца і Вялікая субота). Гэта асаблівыя дні года, звязаныя з успамінам падзей, якія датычаць смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста.

Традыцыйна ў нашых сем’ях урачыста адзначаецца Божае Нараджэнне (25 снежня). Напярэдадні ў кожным каталіцкім доме адбываецца вігілійная вячэра (стравы гатуюцца без мяса), на якой збіраюцца цэлымі сем’ямі. Вернікі дзеляцца аплаткай, выказваюць адзін аднаму віншаванні, спяваюць калядкі.

Два разы ў год – у Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу – у Каталіцкім Касцёле захоўваецца сціслы пост. Ён заключаецца ва ўстрыманні ад мяса і абмежаванні спажыцця ежы пры пасілках: на працягу дня адзін пасілак дасыта і два няпоўныя.

Акрамя таго, у Каталіцкім Касцёле ўстрыманне ад мясных страў абавязковае кожную пятніцу на працягу года.

У час Вялікага посту (падрыхтоўкі да ўрачыстасці Уваскрасення Пана) і Адвэнту (падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння) ва ўсе дні, акрамя пятніцы, можна спажываць мясныя стравы без усялякіх абмежаванняў. Калі хтосьці ў гэты час вырашае не спажываць мясных страваў, гэта яго асабістае жаданне.

Кожную ўрачыстасць вернікі павінны адзначаць у сямейным коле. Гэты час павінен быць прысвечаны ўдзелу ва Эўхарыстыі. Без святой Імшы ніякае свята не будзе сапраўдным. Эўхарыстыя – тое, што яднае людзей, будуе супольнасць. Потым святкаванне павінна перанесціся ў дом, каб яго працягвалі разам за сталом.
Святы Вялікадня і Божага Нараджэння – асаблівая нагода, каб адведаць хворых і пажылых людзей – членаў нашай сям’і і не толькі, а таксама людзей самотных, калі мы ведаем, што такія ёсць недалёка ад нас. Ім трэба прысвяціць свой час, падзяліцца з імі цеплынёй свайго сэрца.

Хацелася б, каб кожнае свята яшчэ больш яднала нас з іншым чалавекам, каб мы былі здольныя адкласці ўсе астатнія справы і знайсці час для бліжняга, а што самае важнае – для Бога.

1.JPG
2.JPG