К 9 Мая в Кореличском районе благоустраивают памятники воинской славы

Карэліцкі раён захоўвае памяць аб тым, якой цаной заваявана Перамога ў маі 1945-га. Помнікі воінскай славы, воінскія пахаванні — усяго 78 святых месцаў, куды кожны можа прыйсці, пакланіцца і пакласці кветкі. Захаваць іх — значыць захаваць памяць для будучых пакаленняў, каб такое ніколі не паўтарылася зноў. Для гэтага прыкладаюцца немалыя намаганні. Як расказалі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, у 2019 годзе на добраўпарадкаванне помнікаў воінскай славы і месцаў масавых пахаванняў выдаткавана 26 тысяч рублёў з мясцовага бюджэту і сродкаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Бягучы год таксама не выключэнне.

Напрыклад, у аграгарадку Краснае да рамонту помніка воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, прыступілі яшчэ ў пачатку красавіка. І гэта не разавая акцыя, адзначае намеснік старшыні СВК “Маяк-Заполле” па ідэалагічнай рабоце Вольга Грыгаровіч. Пра кожнае з памятных месцаў тут асаблівы клопат: штогадовы дробны рамонт і афарбоўка, абарона ад пустазелля і смецця. У некалькіх дзясятках крокаў ад мемарыялу — сярэдняя школа, вучні якой нясуць сюды жывыя кветкі, і не толькі на 9 мая. Тут да дробязяў памятаюць пра суровыя гады ваеннага ліхалецця: сем настаўнікаў з Красненскага сельсавета ў 1944 годзе пайшлі на фронт.

Пра лёс аднаго з іх, Вырко Канстанціна Філіпавіча, ураджэнца вёскі Краснае, кавалера ордэна Славы III-й ступені, ордэна Айчыннай вайны I ступені, узнагароджанага медалём «За перамогу над Германіяй» і нагрудным знакам «Выдатнік народнай адукацыі БССР», часцей за ўсё расказваюць у школьным музеі.

Канстанцін Філіпавіч не любіў распавядаць пра сваё жыццё ў гады суровых выпрабаванняў, але пра яго красамоўна гавораць сабраныя дакументы. Звычайная, дакладней, тыповая біяграфія хлопца заходне-беларускай вёскі. Як многія дзеці тых гадоў, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, добра вучыўся ў Запольскай школе і не пакідаў мары стаць настаўнікам, адчуваў, што гэта яго прызванне.

… Грымнула Вялікая Айчынная вайна. Стала не да вучобы, але калі ў 1942 годзе ў Навагрудку адкрыліся настаўніцкія шасцімесячныя курсы пры Акруговым школьным інспектараце, ён рызыкнуў падаць дакументы і быў залічаны. Адвучыўшыся з 10 сакавіка да 1 верасня 1942 года і атрымаўшы пасведчанне, стаў часова працаваць настаўнікам 1-4 класаў Беларускай народнай школы.

25 ліпеня 1944 года Канстанцін Філіпавіч прызваны ў дзеючую армію і накіраваны ў 346-ы стралковы полк, у складзе якога ваяваў па кастрычнік 1944 года. Сямнаццатага кастрычніка 1944 г. пад Кёнігсбергам ва Усходняй Прусіі быў першы раз паранены. Пасля лячэння ў шпіталі ў лютым 1945 года быў накіраваны ў 311-ы стралковы полк кулямётчыкам. Аднак ваяваць доўга не прыйшлося: праз месяц, у сакавіку 1945 года, на тэрыторыі той жа Усходняй Прусіі — зноў раненне. На гэты раз цяжкае. Зноў шпіталь. У маі 1945 года прынята рашэнне медкамісіі: з-за цяжкага ранення да страявой службы не годны.

Пасля вайны працаваў настаўнікам Запольскай школы. Ведаў, атрыманых на настаўніцкіх курсах, не хапала, і ў 1946 годзе Канстанцін Філіпавіч паступае на першы курс Навагрудскага педагагічнага вучылішча. Працуе і вучыцца завочна. Праца вясковага настаўніка Вырко К. Ф. неаднаразова адзначалася ўзнагародамі розных узроўняў: ад раённых да рэспубліканскіх. Канстанцін Філіпавіч карыстаўся вялікай павагай не толькі сярод аднавяскоўцаў, але і сярод школьнікаў як строгі, патрабавальны і ў той жа час справядлівы чалавек. Захавалася Ганаровая грамата Карэліцкага райкама работнікаў асветы, якой Канстанцін Філіпавіч быў узнагароджаны 4 кастрычніка 1969 года «За поспехі ў навучанні і камуністычным выхаванні навучэнцаў і ў сувязі з 25-годдзем педагагічнай працы».

Пажоўклая ад часу фатаграфія… Глядзяць з яе маладыя твары настаўнікаў Запольскай 8-гадовай школы (1960-70-я г.г.). Сярод іх — Канстанцін Філіпавіч. Фатаграфіі 50-60-гадовай даўніны — неацэнная памяць, сімвал нябачнай сувязі пакаленняў.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара і з архіва музея ДУА “Красненскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”