К 80-летию Кореличского района. Краевед Светлана Кошур рассказывает о том, каким выдался 1940 год для нашей малой родины

На ВДНГ у 1940 г.

У 1940 г. у Карэліцкім раёне было арганізавана 11 калгасаў, у Мірскім – 9. Усяго ж да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, згодна з дакументамі філіяла ДА Брэсцкай вобласці ў г. Баранавічы, у Карэліцкім раёне налічвалася 14 калгасаў, у Мірскім – 13 калгасаў.

У Карэліцкім раёне быў створаны таксама саўгас “Карэлічы”, які меў два аддзяленні – у Карэлічах і Шчорсах. У 1940 г. гэта гаспадарка, якую узначальваў Мікалай Войтаў, атрымала ўраджай збожжавых па 17,8 ц з га, бульбы – 192,7 ц. На адну карову надаілі тут у сярэднім па 3060 літраў малака. Калгас імя Молатава Карэліцкага раёна атрымаў сярэдні ўраджай зерневых па 17,6 ц з гектара, бульбы – па 180 ц з га. За 8 месяцаў на жывёлагадоўчай ферме ад кожнай каровы надоена па 1,521 л малака. Па выніках работы за 1940 г. саўгас “Карэлічы” і амаль усе калгасы Карэліцкага і Мірскага раёнаў былі зацверджаны ўдзельнікамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі 1941 г.

Каб дапамагчы калгасам і сялянам апрацоўваць зямлю, у заходніх абласцях БССР пачынаюць арганізоўвацца дзяржаўныя машынна-трактарныя станцыі.

У маі 1940 г. у былым маёнтку Чамброў была створана Валеўкаўская МТС, а ў былым маёнтку Мір – Мірская МТС. Пры кожнай МТС існавалі майстэрні для рамонту трактароў, праводзіліся курсы для таго, каб навучыць калгаснікаў працаваць на сельскагаспадарчых машынах. Мірская МТС распачала будаўніцтва нафтабазы і пераабсталяванне старога памяшкання для трактарнай майстэрні і гаража. Летам 1940 г. у Мірскай МТС налічвалася 10 трактароў розных марак, што дало магчымасць прадпрыемству ў два разы перавыканаць план.

7 жніўня 1940 г. дырэктар Мірскай МТС А. Бернштэйн на старонках Баранавіцкай абласной газеты паведаміў, што МТС заключыла з усімі калгасамі дагаворы амаль на ўсе работы і абавязалася абмалаціць калгасам ураджай з 650 га. 28 ліпеня ў калгасах раёна пачалі працу тры складаныя малатарні. 31 ліпеня ў калгасе імя Кірава Ярэміцкага с/с малатарня, на якой працаваў машыніст Бразоўскі, за 8 гадзін намалаціла 13700 кг пры норме 8000 кг за 10 гадзін.

22 жніўня 1940 г. сакратар Мірскага райкама партыі Еўна Сосінаў рапартаваў, што ў Мірскім раёне ўборка збожжавых поўнасцю закончана. Увесь ураджай звезены з поля, 4 малатарні МТС штодзённа працуюць у калгасах, якія заканчваюць малацьбу жыта. Брыгада трактарыста Лазука выканала план па малацьбе на 200%. Машыніст Садоўскі і трактарыст Цырлюкевіч на малатарні “МКІ.100” намалацілі 550 тон збожжа пры плане 300. МТС паспяхова выканала план абмалоту збожжа. Усе 9 калгасаў поўнасцю разлічыліся з дзяржавай па хлебапастаўках. На здатачныя пункты калгасамі было здадзена 760 цэнтнераў зерня. Па здачы хлеба дзяржаве перадавым аказаўся Ярэміцкі с/с, на 20 жніўня ён выканаў план на 90%. Калгасы і сяляне-аднаасобнікі здалі дзяржаве 60 цэнтнераў ільносемя. Адначасова сяляне-аднаасобнікі прадавалі дзяржаве сена і салому.

Пачалася падрыхтоўка глебы для азімых культур. 5 трактароў МТС за 7 дзён узаралі 150 га. Трактарыст Матвеенка абавязаўся на трактары “ХТЗ-Наці” ўзараць за сезон 500 га пры норме 300 га і штодзённа ўзорваў 5-6 га пры норме 4. У канцы верасня 1940 г. ст. аграном Мірскай МТС М. Ждановіч рапартаваў аб хуткім выкананні плана зяблевага ворыва. У 1940 г. калгасы Мірскага раёна павінны былі ўзараць 850 га. Да 28 верасня трактарыстамі МТС было ўзарана 638 га і цяглавай сілай калгасаў – 102 га. Трактарыст Мікалай Шыш на трактары “Універсал” выконваў заданне на 175%, за змену ўзорваў па 3,5-4 га. Трактарыст Савейка трактарам “Наці” ўзорваў за змену па 10 га. Пры заданні 80 га ён узараў 143 га. Мірская МТС першая ў вобласці выканала план трактарных работ. Першынство ў сацыялістычным спаборніцтве заваявала брыгада Лазука. Тры трактары гэтай брыгады апрацавалі 702 га пры плане 475. Стаханавец-трактарыст Фурманаў выканаў гадавы план работ на 190%, выдатных паказчыкаў дабіўся і трактарыст Шыш. МТС узорна выконвала сваю задачу.

5 кастрычніка 1940 г. ст. аграном Валеўкаўскага раёна Д. Клецк у “Чырвонай Звяздзе” паведаміў, што ў Валеўкаўскім раёне на 1 кастрычніка 1940 г. план зяблевага ворыва выкананы на 114%. Паспяхова і высакаякасна праведзена ворыва ва ўсіх вёсках Карэліцкага, Запольскага, Ятранскага і Міратыцкага сельсаветаў, дзе план выканалі да 25 верасня. Першымі ў раёне закончылі гэту працу калгасы “17 верасня” і “1 Мая”. Пры ворыве ўсе калгасы захоўвалі правілы агратэхнікі. 16 кастрычніка сельскагаспадарчыя арцелі “1 Мая” Асташынскага с/с, імя Варашылава Варанчанскага с/с і “17 верасня” Райчанскага с/с закончылі копку бульбы і поўнасцю разлічыліся з дзяржавай па бульбапастаўках.

Якую ж плату атрымалі калгаснікі за сваю працу? 27 лістапада 1940 г. газета “Чырвоная Звязда” паведаміла, што на працадзень у калгасе “17 верасня” Мірскага раёна будзе выдана па 6 кг збожжа, 12 кг бульбы і па рублю і 50 капеек грашыма.

У галіне аховы здароўя таксама адбылося шмат змен. Адкрыліся новыя бальніцы, паліклінікі, амбулаторыі, урачэбныя пункты, дзе медыцынскую дапамогу насельніцтву аказвалі бясплатна.

У Мірскім раёне да лістапада 1940 г. былі адкрыты 3 бальніцы на 104 ложкі, 2 урачэбныя пункты, 22 фельчарска-акушэрскія пункты, жаночая і дзіцячая кансультацыі, дзе працавалі 14 урачоў, 8 медсясцёр і іншы медперсанал.

Раней жа не было ніводнай бальніцы, а толькі некалькі платных фельчараў. Пачала працаваць санітарная станцыя. У Карэліцкім раёне на пачатак 1941 г. налічвалася адна бальніца, адзін урачэбны пункт, амбулаторыя і некалькі ФАПаў.

Вялікая ўвага ў гэты час надавалася і адукацыі, пачалі адкрывацца школы, дзе навучанне вялося на беларускай мове, а не на польскай, як да 1939 г. Там, дзе не было школьных будынкаў, заняткі праводзіліся ў памешчыцкіх дамах.

На 25 сакавіка 1940 г. у Валеўкаўскім раёне налічвалася 10 няпоўных сярэдніх школ (з іх 1 руская і 1 яўрэйская) і 68 пачатковых школ (з іх 1 польская, 1 руская). У Мірскім раёне налічвалася 11 НСШ (з іх 1 яўрэйская) і 30 пачатковых школ.

Асаблівая ўвага звярталася на навучанне дарослага насельніцтва – працавалі вячэрнія школы і курсы ліквідацыі непісьменнасці.

Адбыліся змены і ў галіне культуры, пачалі адкрывацца новыя бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы.

Вясной 1940 г. у Мірскім раёне налічвалася 10 клубаў, у Валеўкаўскім – 7.

Клубы і хаты-чытальні разгарнулі работу гурткоў мастацкай самадзейнасці, праводзілі палітмасавую работу сярод насельніцтва. 29 лютага 1940 г. Баранавіцкая абласная газета “Чырвоная Звязда” напісала аб пачатку першай алімпіяды мастацкай самадзейнасці, дзе ў другім аддзяленні выступіў хор з мястэчка Карэлічы Валеўкаўскага раёна. На наступны дзень гледачы з вялікім уздымам сустракалі ансамбль з вёскі Сімакава Мірскага раёна, які выканаў “Лявоніху”, і хор той жа вёскі, які праспяваў частушкі.

За два няпоўныя гады на тэрыторыі Заходняй Беларусі адбыліся перамены, якія па-рознаму адбіліся на лёсах людзей. Большасць насельніцтва пасля значных сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэнняў, якія паступова змянялі аблічча краю, уключылася ў стваральную працу. На жаль, мірнае жыццё краіны перарвала Вялікая Айчынная вайна.

Святлана КОШУР
Фота з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея і кнігі «Памяць. Карэліцкі раён»