Профсоюзные награды вручены победителям районного соревнования на заготовке кормов из трав первого укоса

Традыцыйна па ініцыятыве раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК на Карэліччыне праводзяцца працоўныя спаборніцтвы на розных відах сельскагаспадарчых работ, у тым ліку падчас корманарыхтоўчай кампаніі. Не так даўно фінішаваў першы ўкос траў, які вызначыў сваіх герояў. Механізатары, якія найлепш спрацавалі на зялёным жніве, атрымалі прафсаюзныя ўзнагароды – Падзячнае пісьмо і грашовы сертыфікат.

У панядзелак, 6 ліпеня, павіншаваць тых працаўнікоў Карэліччыны, якія ўносяць неацэнны ўклад у стварэнне трывалай кармавой базы для грамадскага статку на прадстаячы зімовы перыяд, накіравалася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская. Зразумела, у напружаныя дні корманарыхтоўчай кампаніі з перадавікамі зялёнага жніва можна сустрэцца толькі на сенажацях раёна. Вось і трактарыст-машыніст КСУП “Царука” Генадзій Васілеўскі, які на трактары МТЗ-82 з прычапным агрэгатам KRONE па выніках першага ўкосу траў скасіў 723 га, атрымаў узнагароду непасрэдна на працоўным месцы – на палетках сельгаспрадпрыемства.

– Падвёўшы вынікі першага ўкосу траў на 25 чэрвеня бягучага года, райкам прафсаюза работнікаў АПК вызначыў пераможцаў. Вы – адзін з тых, хто спрацаваў найлепш і выканаў найбольшы аб’ём працы, – звярнулася да механізатара Ірына Пянькоўская. – Прыміце шчырыя словы падзякі за працу і пажаданне здароўя і новых працоўных дасягненняў.

Дарэчы, Генадзій Васілеўскі штогод у перадавіках раёна, а стаж працы аграрыя ў гаспадарцы перавышае 30 гадоў.

– Пасля арміі некаторы час працаваў у Мінску, на заводзе жалезабетонных канструкцый, – дзеліцца мужчына. – Але вярнуўся на малую радзіму, прыйшоў на працу ў мясцовую гаспадарку. Тут і застаўся. Усё лета на касьбе заняты, вясной і восенню – на ўнясенні арганікі. Касіць вельмі люблю. Калі добры сенакос, за працоўны дзень магу 30-35 га скасіць. На сённяшні дзень мой рэкорд – 36 га. А як прыемна з самага ранку выйсці ў поле і пакасіць звычайнай ручной касой. Адно задавальненне!

У гэты дзень яшчэ адна заслужаная ўзнагарода ад прафсаюзаў раёна знайшла свайго ўладальніка. Найлепшы вынік на прасаванні траў першага ўкосу паказаў трактарыст-машыніст КУСП “Чарняхоўскі- Агра” Мікалай Грэмяка, які на трактары МТЗ-1221 у звязцы з агрэгатам FBP-2135 выканаў працу на 1313 га.

– У гаспадарку прыйшоў у 1992 годзе. Летам на прэсе працую, у стрэйч-плёнку сянаж пакую, сена – у катушкі, на жніве салому цюкую, – расказвае аграрый. – Зразумела, часам паломкі здараюцца. У такіх выпадках імкнешся адрамантаваць тэхніку як мага хутчэй. Не хочацца падводзіць кіраўніцтва гаспадаркі, ды і заробак страчваць.

На зграбанні траў першага ўкосу лепшым прызнаны трактарыст-машыніст КСУП “Малюшычы” Аляксандр Саладуха. На трактары МТЗ-82 у звязцы з прычапным агрэгатам Tonutti механізатар выканаў працу на 1091 га.

– З 1980 года, адразу ж пасля заканчэння 10 класаў Малюшыцкай сярэдняй школы, маім нязменным месцам працы з’яўляецца сучаснае КСУП “Малюшычы”. А гэта ні многа ні мала – 40 гадоў, – дзеліцца механізатар гаспадаркі. – За гэтыя дзесяцігоддзі давялося папрацаваць на ўсіх відах сельгасработ, рознай тэхніцы. Адзінае магу сказаць дакладна: тэхніка любіць клопат. Добра яе падрыхтуеш, тады і яна табе аддзячыць бесперабойнай работай.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара