Как решены вопросы жителей деревни Кожево после встречи с заместителем председателя Кореличского райисполкома Александром Быличем

2 жніўня намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама па будаўніцтве Аляксандр Быліч сустрэўся з жыхарамі вёскі Кожава Жухавіцкага сельвыканкама. Тады вяскоўцы скардзіліся на дрэнны стан дарогі і парослыя быльнягом пустуючыя будынкі.

Начальнік дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 158 Мікалай Кадлубай расказаў, што на мінулым тыдні ўчастак дарогі Пясочная-Радунь-Вялікая Мядзвядка працягласцю амаль 14 кіламетраў прагрэйдзіраваны. Цяпер і пешаходам, і транспарту будзе зручней рухацца.

Жухавіцкі сельсавет накіраваў свае намаганні на скошванне пустазелля вакол пустуючых будынкаў былых ФАПа і школы. Па словах старшыні Жухавіцкага сельвыканкама Аляксандра Івашкі, сёння ў кожным сельскім савеце працуюць па два сезонных рабочых, якія не ў стане скасіць пустазелле вакол усіх пустуючых будынкаў. Толькі ў адным Жухавіцкім сельсавеце налічваецца 9 могілак, 7 помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, два паркі ў Жухавічах і Трашчычах, якія трэба абкошваць. І гэта не лічачы пустуючых дамоў у вёсках, колькасць якіх расце. Таму мясцовыя сельвыканкамы бачаць простае выйсце з гэтага становішча: арганізаваць суботнікі і ўсім разам наводзіць парадак на малой радзіме. Нездарма ў народзе кажуць, што талакой справа ладзіцца.

Іна ЛЕЙКА