Какие секреты хранит деревня Подгайна?

На карэліцкай зямлі ёсць яшчэ нямала куточкаў, трошкі забытых, але якія, дзякуючы сваім адметным цікавым асаблівасцям, можна смела ўключаць у новыя турыстычныя маршруты роднага краю (мару, што так яно і будзе). Адзін з такіх — вёска Падгайна, мая малая радзіма, размешчаная ў паўднёва-ўсходняй частцы Карэліцкага раёна. З аднаго боку яе абрамляе лясны масіў, з другога — цягнуцца лугі і тарфяныя прасторы, дзе раней мясцовыя жыхары нарыхтоўвалі таннае прыроднае паліва (чаму б не адрадзіць?). Тарфянікі шчыльна мяжуюць з в. Карчова Баранавіцкага раёна і прыгожым Туганаўскім паркам, апетым калісьці славутым Адамам Міцкевічам. У далёкія 50-60-я гады мінулага стагоддзя ў парку штогод 1 мая праводзілася святочнае мерапрыемства, яго называлі людзі  «маёўкай», куды з’язджаліся жыхары навакольных вёсак з двух раёнаў. Гучалі песні, ладзіліся танцы, прадаваўся чаканы для нас, дзяцей, ласунак, найсмачнейшы ў свеце: марожанае — 5 капеек порцыя! Яго прывозілі ў бочках, пасля прадавец накладваў у папяровыя стаканчыкі пахучую бела-лімонную масу, адарвацца ад якой было немагчыма.

Цябе я пакінула, вёска,

Ды сэрцам заўсёды я там…

Галіна КАЛТУНОВА

Паўз балота і луг уецца блакітнай стужкай рака Сэрвач, некалі шырокая і паўнаводная, багатая на рыбу і ракаў. Іх мы, пасучы кароў, лавілі рукамі ў норах пад карнявішчамі алешнікаў, варылі тут жа, на беразе, і лепшых прысмакаў не ведалі. Недалёка ад Падгайны — в. Цырын, на захад, за горкай — в. Літараўшчына. Сёння назва Падгайна для многіх жыхароў Карэліччыны ні аб чым не гаворыць, і мала хто ведае, што ў біяграфіі вёскі ёсць шмат цікавых старонак, што ў 60-70 гадах яна была на слыху не толькі ў раёне, вобласці, а і на прасторах былога Савецкага Саюза. І нават у Крамлі, дзякуючы праслаўленай у той час Падгаенскай малочнатаварнай ферме. Але ўсё папарадку.

Лепшы механізатар саўгаса «Варонча» з в. Падгайна Уладзімір Левы (справа)

ЦІКАВЫЯ ДРОБЯЗІ

Калі звярнуць з шашы Цырын-Варонча каля в. Бабонеўка ўлева, грунтавая дарога прывядзе вас на горку, адкуль адкрываецца панарама в. Падгайна. Але перш чым спусціцца ўніз да першых хат, можна зазірнуць на мясцовы дагледжаны пагост, падысці да мармуровага помніка Сак Антаніне, ураджэнцы Падгайны. Яна, дзякуючы сваім здольнасцям, перад рэвалюцыяй 1917 г. вучылася ў Пецярбургскім інстытуце дваранскіх дзяўчат (неверагодны, рэдкі выпадак для тых часоў!). Але падзеі 1917 г., вайна паўплывалі на лёс жанчыны, і свой век яна дажывала ў бацькоўскім доме, зведаўшы галечу і гора. Сяльчане называлі яе «барыняй» не ў здзеклівым сэнсе, а з ноткай шкадавання, таму што не была яна прыстасавана да вясковага жыцця. Дарослыя і дзеці любілі слухаць яе аповеды пра вучобу ў Пецярбурзе, зачароўвалі і знешні велічны воблік, і прыгожая граматная руская мова, гучаўшая з вуснаў «барыні».

Перад уездам у вёску дарога зварочвае ўправа да Петрыкавага хутара, на жаль, цяпер нежылога, раней вядомага дзякуючы сцюдзёнай крынічцы, цвірчэўшай зусім побач, дагледжанай, наталяўшай у спёку смагу і мясцовым жыхарам, і праезджым. Сёння крынічцы можна падараваць новае жыццё, добраўпарадкаваўшы доступ да яе і навакольную тэрыторыю.

Вуліца ў вёсцы незвычайная, — брукаваная, пракладзеная яшчэ ў часы панскай Польшчы, калісьці заўсёды чыста вымеценая, любоўна абсаджаная дрэвамі, і зараз захоўвае належны выгляд. Першая хата ў пачатку Падгайны належала шматдзетнай сям’і Грыбок. Яе гаспадар слыў адмысловым грыбніком, прыносіў з лесу ў сезон кошыкамі маладзенькія баравікі; у лес хадзіў адзін, не раскрываў нікому месцазнаходжанне грыбных мясцін. Наогул, прозвішча Грыбок было самым распаўсюджаным у вёсцы, а яшчэ Адамушка, Міселя, Лопух, Шамкуць. Праз два дамы ад Валодзі Грыбка захаваўся падворак знакамітага на ўсю акругу сталяра Івана Грыбка, майстраваўшага на заказ цудоўныя рэчы.

Лепшыя даяркі фермы «Падгайная» — Лідзія Пятрушка, 3-я справа ў 1-ым радзе, за ёй стаяць у 2-ім радзе Зінаіда Грыбок (4-ая злева) і Клаўдзія Пацко на злёце перадавікоў гаспадаркі

Гістарычныя факты

У ХIХ-пачатку ХХ стагоддзяў в. Падгайна ўваходзіла ў склад Цырынскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні. Упамінаецца ў творчасці Адама Міцкевіча. З 1886 г. працавала школа граматы. У 1908 г.  — 59 двароў, 444 жыхары. У 1921-1939 гг. — у складзе Цырынскай гміны Навагрудскага павета і ваяводства. У верасні 1921 г. — 100 жыхароў. З 12.10.1940 г. — у Цырынскім сельсавеце Валеўскага, з 25.11.1940 г. Карэліцкага раёна Баранавіцкай, з 08.01.1954 г. — Гродзенскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 24 жыхары. У верасні 1949 г. створаны калгас імя Кірава, з сакавіка 1952 г. уваходзіла ў розныя гаспадаркі. З 21.04.1965 г. — у саўгасе «Варонча». З 12.01.1988 г. да 22.01.1994 г. — у складзе калгаса «Ленінскі шлях». Зараз — у складзе СВК «Свіцязянка-2003». З 21.08.1989 г. да 28.09.1995 г. адносілася да Цырынскага сельсавета (пасля да Варанчанскага, цяпер — да Райцаўскага). На 01.01.2000 г. — 33 двары, 55 жыхароў.

З кнігі «Памяць»

Пасля вайны няшмат засталося ў вёсцы дарослых мужчын, нялёгка прыйшлося салдацкім удовам, рана сталелі дзеці, якіх звыкла называлі па імені матуляў: Марылін Андрэй, Мальвініна Зіна, Гэлін Іван, Вольчына Жэня… Вытрымалі цяжкасці, дапамагаючы адзін аднаму. Яшчэ адной асаблівасцю вызначаліся жыхары Падгайны: унутранай інтэлігентнасцю, прагай да ведаў, незвычайнай павагай да настаўнікаў, таму кожны другі падгаенскі юнак і кожная другая дзяўчына ў 60-70-я гады выбралі прафесію настаўніка, стаўшы ў будучым паважанымі людзьмі. Што дзіўна: у Падгайне ў 50-я гады існаваў свой тэатр! Артыстамі з’яўляліся дзеці, моладзь, сталыя людзі. На імправізаванай сцэне, змайстраванай на вуліцы, пасля ў калідоры новапабудаванай пачатковай школы ішлі на «біс» спектаклі: «Прымакі», «Збянтэжаны Саўка», гучалі песні, мастацкае слова. На ўсё хапала часу: і на працу, і на адпачынак.

Працоўная слава

Працавітасцю і добрасумленнасцю калгаснікаў з Падгайны захапляліся заўжды. Вызначалі і земляробаў, і паляводаў, і механізатараў, і шафёраў. Мясцовая малочнатаварная ферма (у складзе саўгаса «Варонча»), дзякуючы адданасці яе работнікаў справе, узаемаразуменню і ўзаемападтрымцы, выйшла ў перадавыя, лічылася адной з лепшых у раёне і вобласці. Грыбок Зінаіда, Пятрушка Лідзія, Адамушка Яўгенія, Пацко Клаўдзія, Адамушка Іван — вось героі тых дзён. Аб іх часта пісалі, іх ушаноўвалі на розных форумах. І нездарма менавіта ў гэтым калектыве дасягнула працоўнай вяршыні Грыбок Зінаіда Паўлаўна, узнагароджаная дзяржаўнай прэміяй Савецкага Саюза. На жаль, яе няма ўжо ў жывых, але свецяцца дагледжанасцю хата, прысядзібны ўчастак — заслуга дзяцей і ўнукаў. З Зінаідай Паўлаўнай было цікава размаўляць, яна любіла расказваць аб паездцы ў Маскву, у Крэмль, на ўзнагароджванне Дзяржаўнай прэміяй, дзе з ёй здарыўся кур’ёзны выпадак у дзень урачыстай цырымоніі. Яе, адзіную з усіх прадстаўніц розных рэспублік былога СССР, затрымаў дзяжурны міліцыянер пры ўваходзе ў Крэмль. Пячатка ў пашпарце паказалася яму не такой, як трэба. Вызвалі генерала, той хутка разабраўся ў сітуацыі, сам правёў усхваляваную жанчыну ў патрэбную залу, дзе ў яе папрасілі прабачэння, а потым яшчэ і слова далі для выступлення. Не разгубілася простая сялянская жанчына. Так выступіла, што доўга не змаўкалі ў зале апладысменты!…

Даўно ўжо на месцы будынкаў фермы, канюшні, свірна каласуецца засеянае збажыной поле. Апусцела мнагалюдная раней Падгайна, пастарэлі дамы, сумныя ў сваёй адзіноце, ажываюць некаторыя з іх толькі вясной і летам, калі прыязджаюць дачнікі. Сэрца ж марыць, сэрцу ж хочацца, каб знайшліся энтузіясты-мецэнаты і адрадзілі мой мілы Падгаенскі кут, каб ён адкрыў новую, на радасць людзям, старонку свайго жыцця.

Цябе не забуду я, вёска,

Хоць буду за тысячы вёрст,

Усё роўна прысняцца бярозкі,

За грэбляю новенькі мост,

Дзе першая зорка кахання

Свячой незгасальнай гарыць,

Дзе лепшыя ў свеце світанні,

Ніколі мне іх не забыць…

Галіна КАЛТУНОВА
Фота з архіва аўтара