Жительница Кореличского района Кристина Щара рассказывает, как после вынужденного отъезда из Армении нашла вторую родину в Беларуси
Амаль два тыдні запар я, як і большасць суайчыннікаў, кожны дзень прачынаюся і засынаю з пачуццём трывогі: навіны аб тым, што адбываецца ў нашай краіне, б’юць па нервах. Скажу шчыра: мне страшна ад таго, што раптам усе мы, беларусы, апынуліся па розныя бакі барыкад, страшна за будучае нашай мірнай Беларусі.
Літаральна ўчора журналісцкія сцежкі прывялі мяне ў сельгаспрадпрыемства “Малюшычы”, дзе сустрэла галоўнага заатэхніка гаспадаркі Крысціну Шчару. Гаварылі пра вытворчасць і, зразумела, пра падзеі ў Беларусі.
— Разбурыць пабудаванае дзесяцігоддзямі вельмі лёгка, а вось аднавіць…, — уздыхае жанчына і расказвае, як амаль 30 гадоў таму яе сям’і прыйшлося пакінуць Радзіму і шукаць прытулку на чужыне.
— Я нарадзілася і вырасла ў сталіцы Арменіі горадзе Ерэване. Пасля паспаду Савецкага Саюза войны і канфлікты на тэрыторыі Паўднёвага Каўказу зрабілі немагчымым транзіт грузаў у Арменію. Краіна апынулася ў блакадзе, падача газу і электраэнергіі была прыпынена. Святло з’яўлялася на 2 гадзіны ў суткі, газу ўвогуле не было, амаль не стала працы. Мама, рэвізор галоўнага паштовага аддзялення, хадзіла на працу толькі на 2 гадзіны — роўна на столькі давалі электрычнасць. Тата быў фатографам, аднаўляў старыя фатаграфіі. У магазінах — пустыя паліцы, хлеб — па талонах: 200 грамаў на чалавека ў суткі (для параўнання: жыхары блакаднага Ленінграда атрымлівалі па 250). Куплялі кукурузную муку і з яе пяклі хлеб у буржуйцы, якая стаяла на балконе. Часам дзякучы татаваму заробку ўдавалася дастаць на рынку рыбы ці яек.
У 93-м тата Крысціны, які праходзіў вайсковую службу ў Барысаве, прыняў рашэнне аб пераездзе ў Беларусь. Так сям’я трапіла ў пасёлак Мір Карэліцкага раёна.
— Мы зайшлі ў магазін і не паверылі сваім вачам: такая разнастайнасць! Тата купіў хлеб і пацалаваў: не мог паверыць, што можна купіць некалькі буханак за раз…
Крысціна Іванаўна не любіць успамінаць тыя гады, слёзы наварочваюцца, ком у горле. Але яна з задавальненнем расказвае, як жыццё склалася далей.
— Нас прынялі на работу ў калгас “Савецкая Беларусія”, далі жыллё. Спачатку я была даяркай, потым пайшла вучыцца ў аграрны каледж, стала лабарантам. А пасля заканчэння сельгасакадэміі ў Горках атрымала дыплом заатэхніка.
У Крысціны Іванаўны ўсё, як у людзей. Сям’я: муж, дзеці і ўнукі, адказная пасада галоўнага заатэхніка ў КСУП “Малюшычы”, дыхтоўны прыватызаваны дом у аграгарадку, невялікая гаспадарка.
— Сёння людзі ў нашым калектыве працуюць зладжана і ў камандзе, бо разумеюць, што за намі — нашы сем’і: дзеці і ўнукі, старыя бацькі. Пра іх мы павінны думаць у першую чаргу. І не забываць, што наш дабрабыт і мір у краіне — у нашых уласных руках.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара і з архіва рэдакцыі