Известные уроженцы и жители района говорят о роли Кореличчины в их судьбе
Іван КРУПКО, міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь:
— Малая радзіма для кожнага чалавека — гэта асаблівае месца. Тут ты нарадзіўся, зрабіў свае першыя крокі, першы раз адкрыў буквар у школе, знайшоў верных сяброў. А яшчэ тут кожны праходзіць свой шлях і становіцца чалавекам: вучыцца адрозніваць дрэннае ад добрага, рабіць дабро, шчыра любіць сваю родную беларускую зямлю, ганарыцца яе гісторыяй і прыроднымі багаццямі.
Такім асаблівым месцам для мяне з’яўляецца Карэліцкі раён і вёска Бурдзевічы, дзе прайшлі маё дзяцінства, юнацтва, а цяпер жывуць блізкія мне людзі. Таму сёння я хачу сардэчна павіншаваць усіх сваіх землякоў з 80-гадовым юбілеем нашага раёна! Жадаю здароўя, дабрабыту ў справах, поспехаў, радасці, міру, развіцця і росквіту. Упэўнены, што ініцыятыва, энергія і мэтанакіраванасць дапамогуць нам справіцца з любымі задачамі і далей плённа працаваць на карысць Карэліцкага раёна і ўсёй Беларусі.
Лідзія НАГОРНАЯ, былы старшыня раённага Савета дэпутатаў, занесена ў Кнігу Славы Карэліцкага раёна:
Карэлічы — мая другая Радзіма, хоць мае карані на Дзятлаўшчыне, вёска Явар. На Карэліччыне з 1970 года. Калі прасачыць мой працоўны шлях, то выстройваецца такі ланцужок: настаўніца, старшыня сельскага Савета, сакратар райвыканкама, старшыня раённага Савета дэпутатаў, паралельна старшыня раённага савета жанчын.
Галоўны накірунак маёй працоўнай дзейнасці — работа з людзьмі. За гэтым выразам скрываецца многае: сельскія сходы, ветэраны вайны і працы, салдацкія ўдовы. Да сённяшняга дня старэйшае пакаленне раёна памятае праводзімыя святы вёсак і злёты салдацкіх удоваў, пасяджэнні клуба даярак.
Лічу, што я шчаслівая тым, што ў мяне былі цудоўныя настаўнікі па жыцці: Я.М. Вырко, А.А. Яновіч, І.А. Базевіч, І.М. Шматко, Я.Э. Альфяровіч, У.М. Сатыга. І радуе тое, што сённяшняе пакаленне кіраўнікоў раёна не толькі прадаўжае добрыя справы, але і значна іх памнажае. Непазнавальна змяняюцца вёскі, расце дабрабыт людзей, і Карэліччына славіцца сваімі дасягненнямі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Ёсць надзея, што Карэліцкі раён і застанецца флагманам станоўчых здабыткаў, дзякуючы працавітасці, самаадданасці, вернасці сваёй зямлі нашых людзей.
Хочацца пажадаць плёну, мірных сонечных ранкаў, людской згоды, здароўя і ўсяго, што ўкладваецца ў паняцце пад назвай «Шчасце».
Мікалай ЛАМАН, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:
— Я нарадзіўся ў вёсцы Загор’е Турэцкага сельскага Савета. Больш за шэсцьдзясят гадоў таму скончыў Турэцкую дзесяцігодку, і магу з упэўненасцю сказаць, што атрымаў вельмі якасную базавую адукацыю, чым ганаруся і сёння. У пасляваенныя гады ў школах быў дэфіцыт прафесійных кадраў, а ў нашу школу прыйшлі выпускнікі педагагічных універсітэтаў! Гэта былі высокія прафесіяналы сваёй справы, і я па сённяшні дзень успамінаю іх з удзячнасцю. Турэцкую школу закончылі вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі людзі: герой Беларусі Віталій Крамко, народны пісьменнік Янка Брыль і многія іншыя.
Я шчаслівы, што мая сувязь з малой радзімай не парываецца. Я працую над архіўнымі дакументамі, якія распавядаюць пра гісторыю Турэцкай царквы і Загорскіх могілак, аднаўляю бацькоўскі дом, дзе нарадзіўся і ўсё зроблена рукамі таты. Ураджэнцам Карэліччыны жадаю не забываць бацькоўскія гнёзды і часцей вяртацца сюды, каб стаць чысцей душою.
Ганна ШКЛЯРЖ, Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, занесена ў Кнігу Славы Карэліцкага раёна:
— Усё жыццё я ўдзячна лёсу за тое, што прыехала на працу ў Карэліцкі раён. Свой прафесійны шлях прысвяціла школе і вучням.
Мне, як маладому педагогу, у той час пашанцавала працаваць поплеч і многаму навучыцца ў дырэктара Карэліцкай сярэдняй школы Аляксандра Міхайлавіча Зайца, настаўніцы біялогіі Зоі Фёдараўны Троска, намеснікаў дырэктара школы па выхаваўчай і вучэбнай рабоце Галіны Паўлаўны Калтуновай і Мікалая Мікалаевіча Данільчыка — Настаўнікаў з вялікай літары.
Мой гонар — мае вучні, сярод якіх неаднаразовыя пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па біялогіі Дар’я Шугля, Раман Пярэська і іншыя. Тры вучні на ЦТ па біялогіі атрымалі 100 балаў і зараз яны — студэнты медуніверсітэта. Выпускнікі Карэліцкай школы — граматныя кіраўнікі, якія прысвяцілі сябе педагогіцы і Карэліччыне. Сярод іх — начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі райвыканкама Марына Станкевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Ніна Чычкан.
Зычу Карэліцкаму раёну далейшага росквіту, а яго жыхарам — здароўя, міру, дабра, шчасця.
Іван ГАВАКА, упраўляючы ўчасткам № 1 СВК “Маяк-Заполле”, узнагароджаны ордэнам Пашаны:
– Я вельмі рады і ўдзячны лёсу за тое, што ён звязаў маё жыццё з Карэліччынай. Нарадзіўся я ў Стаўбцоўскім раёне, аднак падчас вучобы ў Навагрудскім аграрным тэхнікуме трапіў на практыку ў калгас імя Калініна ў Малюшычы. Прыехаў на карэліцкую зямлю і быў уражаны ўрадлівасцю і багаццем глебы, гасціннасцю карэліччан, прыгажосцю прыроды. Для сябе адназначна вырашыў – буду працаваць у Карэліцкім раёне.
Так і атрымалася. І вось ужо 44 гады я жыву і з задавальненнем працую на карэліцкай зямлі, дзе адразу пасля вучобы з бляскам у вачах спасцігаў аграрную навуку, прымяняў на практыцы тэарэтычныя веды. Менавіта тут адбылося маё прафесійнае станаўленне. Тут я змог адчуць гонар за працу каманды “Маяка”, неймаверную радасць і задавальненне, гледзячы на залацістае мора спелай пшаніцы.
У дзень нараджэння Карэліцкага раёна хочацца пажадаць міру і росквіту, небывалых поспехаў і дасягнення самых высокіх вынікаў. Няхай наша Карэліччына займае толькі лідзіруючыя пазіцыі і заўсёды будзе маяком, на які раўняюцца іншыя вобласці рэспублікі.
Падрыхтавалі Іна ЛЕЙКА, Аксана ЯНУШ, Галіна СМАЛЯНКА