Навстречу VI Всебелорусскому народному собранию. Индивидуальный предприниматель Александр Шлык: «Малому и среднему бизнесу нужна дополнительная поддержка»
Напярэдадні VІ Усебеларускага народнага сходу карэліччане выказваюць свае меркаванні наконт далейшага развіцця краіны.
Аляксандр ШЛЫК, дырэктар ПГУП “ДалексПрод”:
Якія пытанні і тэмы з’яўляюцца, на Ваш погляд, актуальнымі на бліжэйшую пяцігодку?
– На мой погляд, побач з умацаваннем дзяржаўных прадпрыемстваў неабходна больш актыўна развіваць малы і сярэдні бізнес, асабліва ў сельскай мясцовасці. На сённяшні дзень для работы буйных прадпрыемстваў створаны шэраг умоў на заканадаўчым узроўні. У той жа час прыватнаму бізнесу, які можа разлічваць толькі на асабістыя сілы, прыходзіцца значна цяжэй. Тым больш ва ўмовах нарастаючай канкурэнцыі.
Не сакрэт, што малы і сярэдні бізнес з’яўляюцца важнейшым складнікам устойлівага развіцця эканомікі краіны. Таму лічу, што ў заканадаўстве павінны быць прадугледжаны дадатковыя меры стымулявання для яго паспяховага развіцця.
Да таго ж такія пытанні, як рост валавога ўнутранага прадукта, павышэнне заробку і ўзроўню жыцця беларусаў, павінны заставацца на пастаянным кантролі ўрада.
З якімі ініцыятывамі Вы пайшлі б на Усебеларускі народны сход?
– На тэрыторыі Карэліччыны працую з пачатку 2000-х гадоў і дастаткова добра вывучыў сферу прыватнага гандлю раёна. На маю думку, у выканаўчай улады павінна быць моцная матывацыя для развіцця прадпрыемстваў на тэрыторыі раёна і цеснае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі прыватнага бізнесу. Нешта накшталт бізнес-інкубатараў, дзе можна было б атрымаць пэўную кансультацыю.
Я лічу, што неабходна актыўна займацца дабрачыннасцю. Асабліва актуальна гэта гучыць напярэдадні навагодніх святаў. Штогод мы прымаем удзел у акцыі “Нашы дзеці” і дапамагаем царкве і касцёлу з салодкімі падарункамі для дзяцей.
На Ваш погляд, якая ідэя сёння аб’ядноўвае жыхароў Беларусі?
– На сённяшні дзень усіх жыхароў Беларусі аб’ядноўвае жаданне жыць у краіне, дзе робіцца ўсё магчымае для павышэння дабрабыту беларусаў. Кожны з нас павінен мець магчымасць выказаць сваё меркаванне і быць пачутым на дзяржаўным узроўні. Адным з такіх спосабаў з’яўляецца Усебеларускі народны сход.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара