Мастера Кореличского Дома ремесел восстановили верхний национальный костюм района
Адным з асноўных накірункаў дзейнасці майстроў Карэліцкага Дома рамёстваў з’яўляецца аднаўленне народных рамёстваў: вышыўкі, саломапляцення, выцінанкі, ганчарства, лазапляцення і іншых.
У апошнія гады шмат увагі надаецца аднаўленню нацыянальнага строю раёна, які бытаваў тут у канцы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Аб гэтым гутарка з кіраўніком установы Юліяй БАЯРЭНКА.
— Юлія Аляксандраўна, як з’явілася задумка аб аднаўленні нацыянальнага строю?
— Мы вырашылі прадоўжыць пачатую раней працу па рэканструкцыі традыцыйнага беларускага касцюма нашага раёна. У 2018 годзе былі адноўлены святочныя сялянскія строі: мужчынскі і жаночы. Стварылі прадметы мужчынскага касцюма: кашулю, капялюш, порткі (нагавіцы) і жаночага: кашулю, спадніцу, фартух, пастрыгу. У наступным годзе іх дапоўнілі яшчэ адным камплектам мужчынскіх портак і пашылі больш цёплую жаночую хустку. Сёлета працягнулі даследчую работу па вывучэнні гісторыі верхняй цёплай вопраткі (традыцыйная назва бурнос ці сярмяга) і прыступілі да практычнай работы па яго вырабу.
— Нагадайце, з чаго ўсё пачыналася.
— Фота касцюма знайшлі толькі на паштовой марцы. Увогуле інфармацыю збіралі па крупінках. Карысталіся энцыклапедыямі, было прачытана шмат даведачных матэрыялаў. Да таго ж нас кансультавала знакаміты майстар па саломапляценні, старшыня аматарскага аб’яднання «Карэліцкія вытокі» пры Карэліцкім Доме рамёстваў Вера Салдатава.
— Раскажыце пра аздабленне касцюма.
— Каўнер, манжэты і ніз касцюма мы аздобілі ўзорам з плеценага шнура. Шнур, даўжынёй 15 метраў, плялі на спецыяльным самаробным традыцыйным прыстасаванні, «вілцы».
Драўляныя гузікі вырабілі самі, каб максімальна прыблізіцца да арыгінала.
— Якую тканіну выкарыстоўвалі для касцюма?
— Рэканструкцыя адзення — справа, дарэчы, не толькі карпатлівая, але і дарагая, бо ўсе тканіны для аўтэнтычнага касцюма павінны быць натуральнымі. Што датычыць паліто, то мы хацелі, каб па колеры і складу яно адпавядала арыгіналу, які, дарэчы, выраблены з даматканага сукна. Давялося прымяніць на справе палітовую тканіну з воўны.
— Што дапаўняе касцюм?
— Дапаўняецца касцюм саламяным капелюшом для мужчын, а для жанчын — цёплай хусткай у клетку.
— Як адноўленыя строі прыняла грамадскасць?
— Касцюмы, якія аднавілі ў 2018 годзе, прэзентавалі на традыцыйных фестывалях і святах. Іх дэманстравалі і на рэспубліканскім свяце Купалле «Александрыя збірае сяброў». У мінулым годзе касцюм стаў лаўрэатам ІІ ступені падчас рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ
Уведомление: "Фота знайшлі толькі на паштовай марцы". У Карэліцкім раёне аднавілі традыцыйны беларускі касцюм, які бытаваў тут больш за стагоддзе таму | ГУК "Гродненский ОМЦНТ"