Михаил Русак вспоминает события 1943-го года в родной деревне Дуброва

Жыхар Дубровы Міхаіл Адамавіч Русак, якому ў ліпені 1943-га было толькі два гады, мала што помніць пра трагедыю роднай вёскі. Але памяць да дробязяў захвала тое, што расказвалі бацькі і аднавяскоўцы.

— Ліпеньскай раніцай 1943 года на нашу вёску наляцелі немцы. Карнікі ведалі, што шмат нашых хлопцаў у партызанах. Пагрукалі ў акно, загадалі тату выйсці. Сабралі мужчын з усёй вёскі, пачалі іх аглядаць, мацалі мускулы на руках і нагах. Відаць, адбіралі жывую сілу для работы ў Германіі. У двух канцах вёскі стаялі часавыя. Раптам з лесу прагучаў стрэл і часавы ўпаў як падкошаны. Гэта партызаны нанеслі ўдар. Тады фашысты сагналі ўсіх мужчын у будынак школы і падпалілі. Партызаны пайшлі ў наступленне. У тым баі загінуў 16-гадовы партызан, але немцаў палегла больш. Калі ўсё скончылася, партызаны сказалі нам збірацца і ўцякаць. Мы пахапалі сякія-такія рэчы, узялі скаціну і пабеглі ў гушчар. Раніцай фашысты прыехалі і спалілі вёску датла, забілі старых, якія не захацелі пакідаць родную вёску. Мама расказвала, якраз за нашай хатай была ліпавая алея, дык на ёй побач ляжалі старэнькія муж і жонка. Так не стала нашай вёскі. Людзі будаваліся як маглі: хто зямлянкі капаў, хто буду рабіў. Тата збіў нам буду і пайшоў на фронт.  Ежу мы варылі на цаглінках, ад іх і грэліся. Дачакаліся тату з фронту, пасля Перамогі толькі і адбудаваліся.

 

Іна ЛЕЙКА