В Кореличах провели районный семинар-совещание с участием органов территориального общественного самоуправления
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА і Наталлі САКАЛЯНСКАЙ
У Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці праведзены раённы семінар-нарада з удзелам органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Абмеркавана работа органаў мясцовага кіравання і самакіравання, служб раёна, суб’ектаў прафілактыкі па рашэнні пытанняў бяспечнага пражывання грамадзян, павышэнні якасці жыццядзейнасці насельніцтва.
Напачатку яго ўдзельнікі накіраваліся ў раённую бібліятэку, дзе пазнаёміліся з фотавыставай «Культурная спадчына — асноўнае багацце народа». Слова трымалі старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў і мастацкі кіраўнік РЦКіНТ Рыта Яроцкая.
Семінар-нарада прадоўжыўся ў актавай зале раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. З уступным словам да яго ўдзельнікаў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў, які адзначыў, што самае галоўнае — здароўе, жыццё, бяспека людзей, і трэба перабудоўваць работу на месцах, больш сустракацца з насельніцтвам і школьнікамі, і гэта будзе добрай пляцоўкай для зносін.
Будзем пільнымі
і прадбачлівымі
Начальнік аддзела ўнутраных спраў раённага выканаўчага камітэта Аляксей Гаўрош адзначыў, што на тэрыторыі Карэліцкага раёна назіраецца стабільная аператыўная абстаноўка. Узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва ў цэлым па раёне склаў 21,4 (у сярэднім па вобласці — 23). Найбольшая колькасць злачынстваў зарэгістравана на тэрыторыі г.п. Карэлічы (9), Мірскага і Турэцкага сельсаветаў (па 8).
Па складзе ўчыненых злачынстваў 10 з 22 з’яўляюцца крадзяжамі, што складае 45,4%. Па стану на 1 красавіка бягучага года колькасць зарэгістраваных крадзяжоў усіх відаў уласнасці ў параўнанні з 2020 годам нязначна паменшылася (сёлета — 10, летась — 12).
Асноўныя накірункі дзейнасці аховы правапарадку і прафілактыкі Карэліцкага РАУС у гэтым годзе былі накіраваны на папярэджанне злачынстваў і правапарушэнняў, якія ўчынялі асобы ў стане алкагольнага ап’янення, у грамадскіх месцах, у сферы сямейна-бытавых адносін, на прафілактыку крадзяжоў маёмасці юрыдычных і фізічных асоб, ахову грамадскага парадку.
З мэтай прафілактыкі злачынстваў, учыняемых у стане алкагольнага ап’янення, супрацоўнікамі Карэліцкага РАУС вядзецца мэтанакіраваная работа па ізаляцыі хранічных алкаголікаў у ЛПП. Па стану на 31 сакавіка 2021 года ізалявана 10 асоб.
Асноўнымі фактарамі, якія вызначаюць супрацьпраўныя паводзіны грамадзян, па-ранейшаму застаюцца п’янства, сацыяльная і сямейна-бытавая неблаганадзейнасць.
Пры правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў з насельніцтвам па-ранейшаму трэба ўдзяляць увагу павышэнню пільнасці грамадзян, недапушчэнню бяспечных адносін да захавання маёмасці, мераў асабістай бяспекі, у тым ліку пажылых грамадзян.
Не дапусцім пажараў!
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік прывёў статыстычныя дадзеныя па пажарах: у бягучым годзе адбылося 12, за аналагічны перыяд мінулага года — 6. Сёлета ўсе пажары — у прыватным жылым сектары, з іх — 7 у жылых дамах, 1 — у кватэры, 4 — у надворных пабудовах. Колькасць пажараў павялічылася па прычынах неасцярожнага абыходжання з агнём, парушэння правілаў эксплуатацыі печаў і цеплагенерыруючых агрэгатаў.
Асаблівую ўвагу прамоўца ўдзяліў пажарам у прыродных экасістэмах, якім садзейнічае гаспадарчая дзейнасць чалавека. Як правіла, гэта палы травы, спальванне смецця. Найбольш складаная абстаноўка ў раёне звычайна назіраецца пасля сходу снежнага покрыва і прасыхання глебы на працягу трох-чатырох тыдняў да пачатку актыўнага росту маладой травы ў маі. Часцей пажары ўзнікаюць каля населеных пунктаў, удалечыні ад аўтамабільных дарог, па берагах рэк. У гэтым годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 4 выпадкі загарання сухой расліннасці.
Начальнік РАНС назваў патрабаванні правіл пажарнай бяспекі пры спальванні смецця на прыдамавой тэрыторыі: яго неабходна спальваць у бязветранае надвор’е, ажыццяўляць пастаянны кантроль за працэсам гарэння, забяспечыць пярвічнымі сродкамі тушэння, заліць вадой альбо засыпаць пяском да поўнага спынення гарэння.
Разам з тым галоўны выратавальнік раёна заклікаў не праходзіць міма ачагоў пажараў. Пры немагчымасці затушыць агонь самастойна, тэрмінова паведамляць аб гэтым у службу РАНС па тэлефонах 101 альбо 112.
З клопатам пра дзяцей
«Бяспека, ахова жыцця і здароўя дзяцей — найважнейшая задача дзяржаўных органаў і прыярытэтны накірунак дзейнасці камісіі па справах непаўналетніх. Менавіта таму пытанне абмежавання доступу да неэксплуатуемых ведамасных будынкаў знаходзіцца на кантролі камісіі па справах непаўналетніх як у раёне, так і ў вобласці», — адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Базар. Уласнікам неабходна трымаць на пастаянным кантролі пытанне абмежаванага доступу да неэксплуатуемых будынкаў і іншых небяспечных аб’ектаў. У выпадку выяўлення падобных аб’ектаў ці ўстанаўлення магчымасці свабоднага доступу да іх, адсутнасці ці ліквідацыі інфармацыі на вадаёмах, кар’ерах неадкладна прымаць меры, інфармаваць уласнікаў, старшыняў сельвыканкамаў, камісію па справах непаўналетніх.
Па-другое, гэта і пастаянная растлумачальная работа ў працоўных калектывах, на сходах жыхароў вёсак, у гутарках з суседзямі, сваякамі. Асаблівую актуальнасць набывае пільнасць усіх да паводзін дзяцей каля небяспечных аб’ектаў у перыяд канікул. Аб гэтым трэба нагадваць дарослым, бацькам, бабулям, дзядулям пры кожнай магчымасці.
Навядзём парадак
на зямлі
Аб добраўпарадкаванні і падтрыманні ў належным стане тэрыторый населеных пунктаў, захаванні прыродаахоўнага заканадаўства пры арганізацыі работ па ліквідацыі камунальных адходаў вялі размову дырэктар РУП ЖКГ Аляксандр Рудак і галоўны ўрач раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандр Германюк.
Трэба адзначыць, што для збору смецця ў раёне ўстаноўлена 286 кантэйнераў, у тым ліку для раздзельнага збору другаснай сыравіны — 119. У г.п. Карэлічы абсталявана 19 пляцовак, у г.п. Мір — 8. Ачыстка кантэйнераў праводзіцца згодна з зацверджанымі графікамі аўтатранспартам РУП ЖКГ.
На тэрыторыі раёна дзейнічае адзін палігон, які размешчаны ў вёсцы Беразавец. У 2020 годзе рэкультывавана 10 міні-палігонаў.
Зараз на тэрыторыі раёна праходзіць месянік па санітарнай ачыстцы і навядзенні парадку на зямлі.
Былі названы і асноўныя задачы для землекарыстальнікаў. Па-першае, трэба актывізаваць работу па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі, падтрыманні ў належным санітарным стане месцаў агульнага карыстання, прылягаючых тэрыторый пустуючых і старых дамоў. Па-другое, пры выяўленні парушэнняў санітарнага ўтрымання тэрыторый старшыням сельскіх выканаўчых камітэтаў у поўным аб’ёме рэкамендуецца прымяняць паўнамоцтвы, прадастаўленыя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Дому патрэбен гаспадар
Начальнік упраўлення ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ірына Малышава расказала аб арганізацыі работы па выяўленні пустуючых і старых дамоў на тэрыторыі сельсаветаў. Уласнікі жылых дамоў абавязаны самастойна сачыць і клапаціцца аб сваёй маёмасці, утрымліваць свае жылыя дамы ў парадку. Размова ідзе аб фасадах будынкаў і захаванні санітарных і тэхнічных норм, добраўпарадкаванні сваіх тэрыторый у межах землекарыстання. Але як паказвае практыка, не ўсе разумеюць і ведаюць аб сваіх абавязках, аб адказнасці, якая сёння прадугледжана на адмістрацыйным узроўні за невыкананне ці неналежнае выкананне правамоцтваў уласніка, землекарыстальніка і адпаведна ўтрымліваюць сваю маёмасць безгаспадарча. Больш таго, не ўсе імкнуцца аформіць дакументальна свае правы.
24 сакавіка 2021 года Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканальванні работы з пустуючымі дамамі». Дакументам прадугледжана стварэнне спрыяльных умоў для адчужэння і эфектыўнага выкарыстання гэтых відаў нерухомасці.
Прамоўца таксама закранула пытанне і самавольнага будаўніцтва. Будаўніцтва можна ажыццяўляць толькі пры наяўнасці дазволу на яго і наяўнасці праектнай дакументацыі, узгодненай ва ўстаноўленым парадку. Менавіта праектам будзе прадугледжана размяшчэнне пабудовы ў адпаведнасці з жаданнем забудоўшчыка і патрабаваннямі горадабудаўнічых і будаўнічых норм і правіл.
У правядзенні семінара-нарады прынялі ўдзел і падзяліліся сваімі меркаваннямі старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў і яго намеснік Яўген Чычкан. «Мы імкнёмся зрабіць усё, каб пасёлак быў чысты, заклікаем захоўваць чысціню і парадак на вуліцах — будуем новую моцную Беларусь», — гаварылі кіраўнікі раёна.
Лепшыя старасты вёсак адзначаны ўзнагародамі.
Увазе прысутных была прадстаўлена канцэртная праграма «Пад небам адзіным», прысвечаная Дню адзінства народаў Беларусі і Расіі.
Слова — удзельніцы нарады
Ніна СУРАН,
стараста вёскі Горная Рута Красненскага сельсавета:
— Горная Рута — вельмі прыгожы і ўтульны куточак. Ён стаіць на гары, тут размешчана частка ландшафтнага заказніка «Навагрудскія яры», бруіцца крынічка. Адметныя мясціны і тым, што па Горнай Руце калісьці праязджаў славуты паэт Адам Міцкевіч.
У вёсцы глыбока шануюць памяць воінаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Тэрыторыя ля помніка добраўпарадкавана, пасаджана шмат кветак. З наступленнем вясны вяскоўцы актыўна ўключыліся ў навядзенне парадку на зямлі.
Радуе тое, што і пра нас не забываюць. У вёску наведваецца бібліобус з цікавымі кнігамі, выконваюцца нашы запыты.
Увазе прысутных прадстаўлена канцэртная праграма «Пад небам адзіным», прысвечаная Дню адзінства народаў Беларусі і Расіі.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА і Наталлі САКАЛЯНСКАЙ
Вiдэа Наталлi САКАЛЯНСКАЙ