В ГП “Луки-Агро” после модернизации открыта молочнотоварная ферма “Луки”. Теперь 230 дойных буренок находятся на беспривязном содержании

У ДП «Лукі-Агра» пасля мадэрнізацыі адкрыта малочнатаварная ферма «Лукі». Вось ужо месяц 230 галоў дойнага статку знаходзяцца на бяспрывязным утрыманні.

—   Бяспрывязнае ўтрыманне кароў з даеннем у індустрыяльных даільных залах — гэта тэхналогія будучыні, — гаворыць дырэктар прадпрыемства Мікалай Гавіна. — Дзякуючы бяспрывязі можна палепшыць якасць малака і дасягнуць зніжэння яго сабекошту, укараніць аўтаматызацыю ўборкі памяшканняў, ажыццявіць камп’ютарны кантроль здароўя жывёл.

Да мадэрнізацыі фермы прыступілі яшчэ ў мінулым годзе і перш за ўсё абнавілі дах. З мая па кастрычнік бягучага года правялі рэканструкцыю памяшкання для ўтрымання дойнага статку, зманціравалі даільную залу на 8 галоў. Гэта дазволіла палепшыць умовы работы аператараў машыннага даення.

На набыццё малочнага абсталявання ў гаспадарцы выдаткавалі 170 тысяч рублёў, на мадэрнізацыю памяшканняў — 150 тысяч рублёў уласных сродкаў.

На парозе фермы мяне сустракае яе загадчыца, 33-гадовая Таццяна Штэйн. Усмешлівая, са стыльнай прычоскай і модным манікюрам, яна кажа: «Нашы дзяўчаты сочаць за сабой. А як жа інакш? Жанчына заўсёды і ўсюды павінна быць прывабнай». Таццяна паказвае свой працоўны кабінет: невялікі, але ўтульны пакой, на працоўным стале — камп’ютар, у памяці якога — электронныя пашпарты здароўя кожнай каровы.

— Вось на дойку ідзе Таганка, і камп’ютар тут жа счытвае з ашыйніка яе нумар. Мы адразу бачым, колькі яна дае малака, які ў яе стан здароўя. І так па кожнай карове. Гэта вельмі зручна і для мяне, і для ветэрынарнага ўрача.

Таццяна расказвае, што ў жывёлагадоўлю прыйшла некалькі гадоў таму з агранаміі. Дырэктар прадпрыемства разглядзеў у маладой стараннай дзяўчыне патэнцыял кіраўніка. Спачатку была намеснікам загадчыцы на МТФ «Асташын», потым перавялі на «Лукі» ўжо загадчыцай.

— Да мадэрнізацыі фермы ад кожнай каровы мы атрымлівалі штодня па 18 літраў малака, але з-за стрэсу, які каровы атрымалі, перайшоўшы ў новае памяшканне, надоі знізіліся да 14,8 літраў, — расказвае загадчыца. — Гэта нармальная рэакцыя жывёл на змену абстаноўкі, бо каровы — вельмі адчувальныя, нават далікатныя жывёлы. Яны не церпяць грубых адносінаў, крыкаў, лаянкі. На шчасце, на нашай ферме сабраўся калектыў аднадумцаў, дзе кожны ведае сваю справу і душой хварэе за даручаны ўчастак. Нашы аператары машыннага даення: Святлана Лісоўская, Лілія Гоцка, Кацярына Папкоўская і Вольга Варава — сапраўдныя прафесіяналы. Думаю, праз месяц мы вернемся да паказчыка ў 18 літраў на карову.

Энергічная Таццяна Штэйн выношвае амбіцыйныя планы: не больш чым праз год атрымліваць ад кожнай каровы па 24 літры малака. Для гэтага на МТФ «Лукі» зроблена нямала: прайшла мадэрнізацыя, падабраны надзейны калектыў, цяпер трэба паступова абнаўляць статак. Дарэчы, на ферме ўтрымліваецца 301 цёлка дагадоўвання. Вырошчванне здаровых цёлак — гэта інвесціраванне ў будучыню малочнага статку.

Таццяна знаёміць мяне з даглядчыкам Міхаілам Чамярысам.

— На абноўленай ферме я ўжо 7 месяцаў, — расказвае Міхаіл. — Раней працаваў у паляводстве, потым зваршчыкам. Калі на МТФ «Лукі» фарміравалі новы калектыў, атрымаў прапанову перайсці сюды. Вядома, тут працы пабольш, але і заробак вышэй. Ды і ў цяпле ўвесь час, дах над галавой.

Працоўны дзень Міхаіла пачынаецца ў 5 раніцы. Ён падвозіць кармы спачатку ў радзільнае аддзяленне, потым займаецца чысткай кармавога стала. Калі рагулі паелі, іх трэба загнаць на дойку, падкінуць кармоў. З 11.00 да 17.00 ён дома. У 6 вечара зноў на ферме.

— З каровамі трэба абыходзіцца, як з малымі дзецьмі. Яны так жа ласку любяць. Вось, напрыклад, ёсць у нас ручная кароўка па мянушцы Пчолка. Дык яна, як убачыць мяне, бяжыць насустрач, чакае пачастунку. Я ёй, вядома, кожны дзень прыношу то кавалачак хлеба, то цукерку.

20-гадовая ветэрынарны фельчар Анжаліка Баціст прыйшла ў «Лукі-Агра» ў мінулым годзе пасля заканчэння Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа.

— Я ўраджэнка горада Ашмяны. У дзяцінстве шмат часу праводзіла ў вёсцы ў бабулі, якая працавала на ферме. Так і прызвычаілася да сельскай працы. Работа мне падабаецца, зарплата таксама добрая. Далі пакой у інтэрнаце. У маі наступнага года ў мяне занчваецца тэрмін абавязковай адпрацоўкі, але я планую застацца тут. Прывыкла да калектыву, да сваіх падапечных. Адна толькі Пчолка чаго вартая! І цяляты таксама радуюць, моцныя, здаровыя — будучыня нашай фермы.

У аб’яднанай гаспадарцы «Лукі-Агра» дзейнічаюць 6 малочнатаварных ферм, 4 з іх — мадэрнізаваныя, дзе каровы ўтрымліваюцца без прывязі. Дойны статак налічвае 2110 галоў. Яшчэ летам бягучага года ад рэалізацыі малака ў гаспадарцы штомесяц атрымлівалі каля 1 млн рублёў выручкі. Восенню з-за зніжэння прадуктыўнасці дойнага статку выручка знізілася да 850-900 тыс. рублёў.

— Такі вынік быў чакаемы, — гаворыць Мікалай Гавіна. — На МТФ «Кайшоўка» расфарміравалі непрадуктыўны дойны статак, будзем яго абнаўляць. Саму ферму ў наступным годзе таксама чакае рэканструкцыя.

ДП «Лукі-Агра» — адзін з малочных флагманаў Карэліцкага раёна. За апошнія тры гады тут штогод дадавалі па 300 кг малака на карову. У 2020 годзе  кожная рагуля давала па 7 тысяч літраў малака. У гэтым годзе чакаецца каля 6 тысяч літраў. На думку Мікалая Гавіны, трэба не менш за 2 гады, каб аб’яднаная гаспадарка выйшла на ранейшыя межы. У тым, што ў гаспадарцы ўмеюць працаваць, сумнення няма. На зімова-стойлавы перыяд для кожнай каровы нарыхтавана па 33 цэнтнеры кармавых адзінак. Гэтага з лішкам хопіць, каб пагалоўю сытна перазімаваць. На палях ва ўсю моц кіпіць праца: зябліва паднята на 28%, буракі ўбраны на 74% плошчаў. Уносяцца ўгнаенні. Дзякуючы вопытнаму касцяку механізатараў і добра падрыхтаванай тэхніцы ад леташніх тэмпаў не адстаюць.

— Сёння ў аб’яднаным сельгаспрадпрыемстве працуюць 480 чалавек, — гаворыць дырэктар. — Сярэдняя заработная плата ў аб’яднанай гаспадарцы складае 973 рублі. На вёсцы можна зарабляць, і той, хто працуе, той і зарабляе.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара