Бывший учитель иностранных языков Мария Костюкевич из Кореличей рассказывает, как не скучать на пенсии

«Усе захапленні важныя»

Выхад на пенсію кожны з людзей залатога ўзросту ўспрымае па-свойму. Для адных — гэта доўгачаканы момант, калі можна ажыццявіць свае задумкі, для іншых — прадоўжыць служыць любімай справе, для трэціх — наведваць гурткі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — кожны імкнецца займацца тым, што яму бліжэй да душы.

Чым жыве на заслужаным адпачынку Марыя Аляксандраўна Касцюкевіч з г.п. Карэлічы, пацікавілася журналіст раённай газеты «Полымя».

З біяграфіі

Нарадзілася ў вёсцы Забердава.

Закончыла Карэліцкую СШ і Інстытут замежных моў у г. Мінску.

Працавала ў Карэліцкім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 125 будаўнікоў выкладчыкам замежнай мовы.

З 2000 года на заслужаным адпачынку.

— Марыя Аляксандраўна, у жыцці чалавек праходзіць тры лесвіцы: дзяцінства, юнацтва, сталасць. Якая з іх Вам бліжэй да душы?

— У кожным перыядзе былі свае радасці і смутак, але радасцей больш. Дзяцінства для мяне — жыццё на прыродзе: сярод азёраў, палёў, лугоў і кветак. Юнацтва — гэта наш дружны клас і гады вучобы ў інстытуце. Сталасць — працяг жыцця, але ўжо з большымі магчымасцямі менавіта для сябе.

— Залаты ўзрост называюць узростам мудрасці і жыццёвага вопыту. А якое вызначэнне далі б Вы?

— Поўнасцю згодна з гэтым. За ўсё жыццё чалавек набіраецца ведаў і ўжо навучаны выкарыстоўваць іх у жыцці.

— Якому занятку на заслужаным адпачынку Вы аддаяце перавагу?

— У мяне іх вельмі шмат, і ўсе для мяне аднолькава важныя і цікавыя. Я вельмі люблю чытаць кнігі, але для іх у мяне, на жаль, не хапае часу. Цікаўлюся замежнымі мовамі. Вельмі важны занятак для мяне — штосьці тварыць рукамі. Люблю шыць, вязаць і асабліва вышываць, атрымліваю задавальненне ад выкананых работ.

— Што прывяло ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: жаданне пазнаць штосьці новае ці знайсці занятак па душы?

— Жаданне авалодаць камп’ютарнай граматнасцю, таму што гэтага патрабуе час. Акрамя гэтага, наведваю гурток «Літаратурная гасцёўня», бо люблю паэзію і часам на сустрэчах у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённай бібліятэцы чытаю вершы.

— У Вас ёсць аднадумцы?

— Вядома. Гэта мае былыя калегі па рабоце і сябры, з кім магу пагаварыць, абмеркаваць, паспрачацца на розныя тэмы.

— Як адносіцеся да заняткаў фізкультурай і спортам?

— Вельмі станоўча, бо гэта здароўе. Уся мая фізкультура — гэта пешыя прагулкі на далёкія адлегласці з сяброўкай. Па дарозе мы гутарым на розныя тэмы.

— Пра што марыце?

— Каб усе былі здаровыя, і каб было мірнае неба над галавой — мір і спакой у краіне. А яшчэ хочацца, каб улеглася крыху пандэмія, бо я люблю падарожнічаць. Мару яшчэ пабываць у многіх замежных краінах і ў знакамітых мясцінах роднай Беларусі.

— Вашы пажаданні людзям залатога ўзросту: як усё-такі ўспрымаць восень жыцця?

— Не задумвацца над сваім узростам. Быць аптымістам па жыцці. Весці актыўны лад жыцця, але ўдзяляць увагу і свайму здароўю.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ