У Карэліцкім музеі праходзіць выстава “Адгалоскі вайны”
Да 75-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Карэліцкім краязнаўчым музеі арганізавана выстава “Адгалоскі вайны”.
На ёй прадстаўлены карціны ваеннай тэматыкі Міхаіла Сцяпанавіча Чачоткі: “Капітуляцыя”, “Збіты самалёт”, “Рэйкавая вайна”, партрэты камандзіраў партызанскіх атрадаў і іншыя.
Нарадзіўся мастак 3 лістапада 1929 года ў вёсцы Вялікая Слабада ў сям‘і калгаснікаў. Вучыўся ў Вялікаслабодскай сямігодцы. У 1969 годзе скончыў сярэднюю школу працоўнай моладзі ў г. п. Карэлічы.
У 1949-1951 г. г. працаваў ў калгасе імя Дзмітрава. У 1951 – прызваны ў армію. Там навучыўся фатаграфаваць і маляваць. Спачатку пісаў карціны акварэльнымі фарбамі, пасля маслянымі. Працаваў мастаком-афарміцелем у гарнізонным клубе. Пісаў партрэты Леніна, Сталіна. Потым паступіў завочна ў Маскву на аддзяленне малявання і жывапісу.
Працаваў мастаком у Баранавічах, затым загадчыкам сельскай бібліятэкі ў в. Незнанава Валеўскага сельсавета.
У розныя гады быў мастаком Вялікаслабадскога сельскага клуба, Карэліцкага раённага Дома культуры, Карэліцкага быткамбіната, кінатэатра. Афармляў наглядную агітацыю для калгасаў, школаў, клубаў, дзіцячых садкоў і чырвоных куткоў.
З 1983 года і да самай пенсіі працаваў мастаком-афарміцелем калгаса імя Чарняхоўскага. Прымаў удзел на выставе ў г. Масты на Дажынках.
Мастацкая выстава зацікавіць не толькі дарослае насельніцтва раёна, але і моладзь. Запрашаем усіх жадаючых да наведвання. УК “Карэліцкі краязнаўчы музей” працуе кожны дзень з 09.00 да 18.00, нядзеля – выхадны.
Таццяна СЕНЮТА,
дырэктар УК “Карэліцкі краязнаўчы музей”.