Як зрабіць правільную «пальму» на Вербную нядзелю — сакрэтам падзялілася гродзенская майстрыха
Чатыры сястры збераглі традыцыі сваіх бацькоў.
— Гродзенскія пальмы — гэта мастацкія дзівосы з простых раслінаў, якія ўпрыгожваюць пакойчыкі хат і цэлы год ганарова вісяць за абразамі, — адзначыла Наталля Рамановіч. — Пальмы, што вырабляюць у Гродне і Адэльску, Індуры, Сапоцкіне, з’ява мясцовая, рэгіянальная. Менавіта тут з’явіліся на свет вытанчаныя творы з галінак раслінаў, лугавых, лясных і балотных зёлак, каласкоў збажыны. «Гродзенскія пальмы» ці «гродзенскія вербы» ў 2014 годзе былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Чатыры сястры, Дамініка Каваленак, Данута Альшэўская, Ванда Лапацінская і Часлава Чараднікова, збераглі традыцыі сваіх бацькоў і зараз навучаюць гэтаму рамяству ўсіх жадаючых. Паколькі ўсе яны змянілі дзявочае прозвішча Сарасек, іх часцей за ўсе і называюць па-просту сёстры Дамінікаўны.
Адна з сясцёр, Дамініка Дамінікаўна, падкрэслівае, што неад’емны элемент «гродзенскай» пальмы – гэта 3 галінкі вярбы вышынёй каля паўметра, якія сімвалізуюць Святую Тройцу. Цікава, што гродзенскія вербы часам блытаюць з польскімі ці літоўскімі. Але ў іх ёсць прынцыповае адрозненне: «віленскія» нагадваюць сапраўдныя букеты, «гродзенскія» – не аб’ёмныя. Маюць плоскую форму, што прадыктавана традыцыяй захоўваць вербы за абразамі.
У паўночных шыротах хрысціянскія вернікі замест пальмы для ўслаўлення Хрыста выкарыстоўваюць вярбу (яна першая пачынае ажываць пасля зімы). Для яе ўпрыгожання бяруць іншыя расліны, якія захоўваюць зялёны колер пад снегам — ядлавец ці ядловец, галінкі брусніцаў, барвінак. Першыя расцвіўшыя галінкі вярбы ў руках вернікаў праслаўляюць Збаўцу як Пераможцу смерці, сімвалізуюць перамогу Хрыста над смерцю і ўяўляюць сабой відавочны знак уваскрэсення ўсіх з мёртвых. Звычай асвячэння вербаў у касцёле пісьмова засведчаны на нашай зямлі з ХVІ стагоддзя. Магчыма, дзесьці ў першай палове ХІХ стагоддзя яна была «інспіравана» з’яўленнем у шырокім гарадскім ужытку каляровай паперы, з якой пачалі вырабляць штучныя кветкі, каб упрыгожваць імі галінкі вярбы на Вербніцу.