На планерке у председателя: как порядок на производстве влияет на качество работы, кто из аграриев будет с деньгами, когда построят объездную дорогу вокруг Мира

Чысціня і парадак на вытворчых аб’ектах уплывае на якасць працы. Такое меркаванне выказаў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на штотыднёвай рабочай нарадзе з раённымі службамі.

Твар кожнага населенага пункта — гэта стан дваровых тэрыторый яго жыхароў. Часам чаго там толькі не ўбачыш: металалом, будаўнічае смецце, пустазелле вышынёй у пояс. Работнікі санстанцыі кантралююць санітарны стан пасёлкаў і вёсак і па выніках сваіх рэйдаў выдаюць прадпісанні па ліквідацыі недахопаў. Так, жыхарам Карэліч і Міра выдадзена 70 прадпісанняў.

Асаблівую ўвагу кіраўнік раёна звярнуў на збор другасных матэрыяльных рэсурсаў: у гэту работу павінны актыўна ўключацца сельгасарганізацыі раёна і ўсе гандлёвыя кропкі.

Яшчэ адна з найважнейшых тэм — стан дарог. Старшыні сельсаветаў павінны ведаць усе праблемныя ўчасткі і паведамляць аб гэтым у дарожную службу. Цяпер работнікі ДРБУ-158 заняты асфальтаваннем дарогі ў Аканавічах. Вядуцца работы па будаўніцтве аб’язной дарогі вакол г.п. Мір. Здача аб’екта плануецца ў чацвёртым квартале гэтага года.

Асобна спыніўся Генадзій Шатуеў на стане спраў у аграрным сектары раёна:

— Халодная вясна не дазваляе травам належным чынам развівацца, але ад збожжавых мы чакаем добрай аддачы. Сёлета тыя, хто атрымае добры ўраджай хлеба, будзе з грашыма: кошт пшаніцы ўжо ў тры разы вышэйшы за леташні.

У сувязі з гэтым кіраўнік раёна даручыў упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ўзмацніць кантроль за правядзеннем хімпраполкі і апрацоўкі палёў ад шкоднікаў. На сёння ў раёне завяршаецца сяўба кукурузы, якая зойме 7 008 га. Працягваецца першы ўкос траў. З 15 333 га скошана 740 га, або 5%, убрана ад скошанага 66%.

Іна ЛЕЙКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ