У Карэліцкім раёне ўсе сельгаспрадпрыемствы прыступілі да першага ўкосу траў

Для механізатара ДП «Лукі-Агра» Аляксандра Зусько наступіў адзін з  самых любімых перыядаў сельскагаспадарчага года: з пачатку тыдня ён працуе на нарыхтоўцы травяных кармоў.

— Звычайна ў полі я ўжо ў 7 раніцы, але калі прайшоў дождж, то да гадзін 10-11 чакаю, пакуль травы прасохнуць — і наперад, — кажа аграрый.

— За дзень убіраю 30-40 гектараў. Вядома, сёлета травы слабейшыя, чым летась, але наперадзе яшчэ другі ўкос, так што мы сваё возьмем. Тэхнікі ў нас дастаткова, людзей таксама. Напрыклад, свой «Беларус 1523» я атрымаў летась. Ён спраўна бегае ў счэпцы з 3,5-метровай касілкай «Кроне». Двойчы на дзень у поле прывозяць гарачую ежу. Заробак у нас добры. Вядома, хто хоча зарабіць, той заробіць.

Галоўны аграном гаспадаркі Павел Тананка расказвае, што сёлета першы ўкос трэба правесці на 3766 гектарах. Зацяжная і халодная вясна замарудзіла фарміраванне травастою. Да таго ж у сакавіку і ў першай палове мая выпала мала ападкаў. Зараз убіраюць зёлкавыя травы. Ужо скошана 150 гектараў, атрымалі 787 т зялёнай масы. Усяго на зімова-стойлавы перыяд трэба нарыхтаваць 23260 т сенажу і 150 т сена.

У мінулым годзе ў гаспадарцы нарыхтавалі 34,6 цэнтнера кармавых адзінак у разліку на ўмоўную галаву жывёлы. За студзень-красавік атрымалі 956,8 тоны мяса, у тым ліку мяса буйной рагатай жывёлы — 230,4 тоны, што больш на 22,9 тоны да аналагічнага перыяду 2021 года. На прадпрыемстве пільна сочаць за якасцю кармоў, каб палепшыць сельскагаспадарчую вытворчасць.

У Карэліцкім раёне ўсе сельгаспрадпрыемствы прыступілі да першага ўкосу траў, які трэба правесці на 15333 гектарах. Ужо скошана 1647 га, або 11% плошчаў. Травы ўбраны з 1328 га скошаных плошчаў, або 81%. Нарыхтавана 6176 тон сенажу, што на 2097 т больш да аналагічнага перыяду 2021-га, і 636 тон сіласу.

 Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара