Як у аграгарадку Краснае на Купалле Каваль Вярнідуб перамог нячыстую сілу (+ відэа купальскага вогнішча)
У аграгарадку Краснае заўсёды ўмелі здзіўляць гасцей. Вось і ў ноч на Івана Купалу тут упершыню зладзілі свята «Каваль Вярнідуб».
Каваль Вярнідуб – герой казкі вядомага беларускага пісьменніка Алеся Якімовіча. Напісаная ў 1934 годзе, яна застаецца цікавай і для сучасных чытачоў. Каваль Вярнідуб неверагодна дужы, але не толькі сілай славіўся герой: ён быў смелы, справядлівы, спагадлівы да слабых і пакрыўджаных.
На імправізаванай сцэне каля Красненскага Дома культуры Гусляр апавядае пра тое, як асілак Вярнідуб дапамагае людзям, бароніць іх ад зла і несправядлівасці.
У Купальскую ноч, як вядома, уся нячыстая сіла выходзіць з лясоў ды балот, каб тварыць зло і спраўляць свае вяселлі.
Каваль Вярнідуб перашкаджае злосным намерам: ён выходзіць на адкрыты бой з нячысцікам, але той ашуквае асілка і выкрадае прыгажуню Купалінку.
На сцэне кіпяць жарсці: нячысцік прапаноўвае дзяўчыне вялікае багацце за каханне, але яна кліча свайго адзінага — Каваля Вярнідуба.
Юнак спяшаецца на крыкі аб дапамозе і выратоўвае каханую.
Гледачы задаволены: гісторыя завяршылася класічна — перамогай дабра над злом.
А вось хто не разгубіўся ў гэтай гісторыі, дык гэта Баба Яга. Яна хуценька адкрывае казіно і пачынае зарабляць. Людзі падыходзяць ахвотна: некалькі манет у кішэню чараўніцы — і ты ўжо круціш рулетку. Сімпатычная бландзінка выігрывае варажбу ад Бабы Ягі, цягне карты і задаволена смяецца, пачуўшы пра хуткае багацце і падарожжа.
Паспытаць свой лёс вырашыла і я. Цікава, што прадкажа мне Яга? Але кола фартуны спынілася на бярозавым веніку для лазні. Што ж, таксама нядрэнна, а то хто яго ведае, што можа напрарочыць лясная вядзьмарка?
Дзяўчаты, якія стаялі ў чарзе за мной, выйгралі прываротнае зелле. Побач турбуецца іх бабуля: «Што гэта вы піць збіраяцеся?» Баба Яга супакойвае: «Звычайны бярозавік. Не хвалюйцеся: сама закатвала». Аказваецца, нячысцікі таксама кулінараць.
Сабіна і Арцём прыехалі з Карэліч. Ахвотна круцяць рулетку і таксама атрымліваюць венік.
— Бярыце, не пашкадуяце, — запэўнівае іх Баба Яга. — Сама рэзала, сама вязала. Тут яшчэ і зёлкі ёсць. Як папарыцеся, дык будзеце здаровыя!
У казіно зазірае і кампанія маладых людзей. Аказваецца, моладзь прыехала ў Краснае аж з Гродна. Падарожнічаюць па замках Беларусі, пачулі пра свята і прыехалі.
— Вельмі весела тут, чакаем вось, пакуль запаляць вогнішча, — усміхаецца кампанія.
Цікавяцца госці свята і саламянымі вырабамі мясцовай майстрыхі Святланы Дубчонак.
— Так, саломка зараз у трэндзе, так што атрымліваецца зарабіць. Вядома, прадаю танней, чым гэта таго каштуе, але на жыццё хапае. Напрыклад, каб зрабіць капялюш або карзіну, мне трэба каля тыдня і 30-50 метраў зубаткі. Да Вялікадня людзі добра замаўляюць карзінкі. На выставах-кірмашах у вялікіх гарадах гандаль ідзе добра. І сёння на свяце людзі гуляюць у нашу бяспройгрышную латарэю і просяць менавіта саламяныя вырабы.
Завяршылася свята запальваннем купальскага вогнішча і вялікім сяброўскім карагодам.
Аляксандр і Аксана Кіпра прыехалі на Карэліччыну з дзецьмі Філіпам і Карынай з Брэста:
— Мы штогод прыязджаем у Карэлічы да родных і наведваем мясцовыя святы. Нам тут вельмі падабаецца, бо мерапрыемствы атрымліваюцца не толькі маштабныя, але вельмі цёплыя і па-дамашняму душэўныя. Прыгожая прырода, спагадлівыя людзі, размеранасць жыцця — нават не хочацца назад у горад.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара
Відэа Ларысы ШУГЛІ