18 сентября — День работников леса. Лесничий Мирского лесничества Андрей Масько рассказывает о специфике своей профессии
Амаль 40% нашай краіны пакрыта лясамі. Лясная прамысловасць – важнейшы напрамак дзейнасці, які забяспечвае экалагічную бяспеку рэспублікі. Мы любім бываць у лесе, адпачываць там, атрымліваць асалоду ад гаючага ляснога паветра. І вельмі важна берагчы гэтае багацце, памнажаць яго і клапаціцца аб ім.
18 верасня супрацоўнікі лясной гаспадаркі адзначаюць прафесійнае свята, з нагоды якога мы пагутарылі з ляснічым Мірскага лясніцтва Андрэем Масько.
— Андрэй Аляксандравіч, што прывабіла Вас у прафесіі? Чаму вырашылі звязаць жыццё з лесам?
— Можна сказаць, што натыкнуўся на спецыяльнасць выпадкова. Сам я з вёскі, у лесе бываў часта, вельмі падабалася знаходзіцца там, таму вырашыў паспрабаваць.
— Якія задачы стаяць перад працаўнікамі лясной гаспадаркі?
— У першую чаргу, гэта ахова лесу ад пажараў і парушэнняў. У нашы абавязкі ўваходзіць лесанарыхтоўка і аднаўленне лесу: мы садзім дрэвы, даглядаем маладняк. У пачатку жніўня гэтага году да нас прыязджала дэлегацыя з Расіі, мы знаёмілі іх з вядзеннем лясной гаспадаркі. Паказалі ўвесь цыкл ад нарыхтоўкі, пастаноўкі на ўлік (у нас ужо год дзейнічае электронная сістэма ўліку драўніны), да аднаўлення лесу: падрыхтоўкі лесасекі і самой пасадкі. У гэтым годзе мы набылі спецыяльную машыну для пасадкі лесу, работу якой прадэманстравалі сваім калегам.
— Назавіце фактары, якія адмоўна ўплываюць на лес.
— Перыядычна дрэвы сохнуць. Прычына гэтаму – караед – маленькі жучок, які вельмі хутка размнажаецца і моцна шкодзіць дрэвам. Найбольш пакутуюць ад гэтага сасна і елка. Для таго, каб пазбавіцца ад караеда, мы праводзім санітарныя высечкі, суцэльныя або выбарачныя. А для маніторынгу колькасці жука вывешваем ферамонавыя пасткі – спецыяльныя прылады, што распаўсюджваюць ферамоны, на якія злятаюцца шкоднікі.
— Як прайшоў летні сезон? Ці былі якія-небудзь надзвычайныя сітуацыі?
— Літаральна на тым тыдні здарыўся адзін невялікі пажар. Прычынай стала спякота. У цэлым па раёне была ўведзена забарона на наведванне лясоў, і лета абышлося без надзвычайных сітуацый.
— Якія парады можаце даць наведвальнікам лесу?
— Калі ёсць забарона на наведванне лесу, то яе не трэба ігнараваць. Бо гэта не чыёсьці жаданне, не капрыз лясгасу, а робіцца для таго, каб абараніць лес ад магчымых надзвычайных сітуацый. Таксама хочацца нагадаць пра пажарную бяспеку ў лесе. Не кідайце недакуркі, не пакідайце без нагляду кастры. Пасля адпачынку нельга пакідаць смецце, яно нікуды не знікае, а забруджвае лес. Трэба беражліва ставіцца да лесу. Я думаю, гэта не складана.
— Што б Вы хацелі пажадаць калегам з нагоды прафесійнага свята?
— Самае галоўнае – берагчы сябе, не грэбаваць правіламі тэхнікі бяспекі. Здароўя і дабрабыту ў сям’і, бо калі ўсё добра дома, то і на працу ідзеш з большым задавальненнем.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара