Дзякуючы двум дэканам у Міры з’явіліся замежніцы
З нагоды Дня настаўніка абавязкова хочацца сказаць добрыя словы ў адрас маладых выкладчыкаў, якія працуюць ва ўстановах адукацыі раёна поруч з карыфеямі педагогікі. Сярод іх, як водзіцца, нямала нядаўніх студэнтаў, якія прыйшлі ў школьныя сем’і па размеркаванні. Так у свой час улілася ў калектыў сярэдняй школы № 2 райцэнтра настаўнік гісторыі Настасся Аляксандраўна Бондарава. Дзяўчына з магілёўскай вёсачкі Мядзведаўка трапіла на Карэліччыну ў 2013 годзе, адпрацавала абавязковы тэрмін і вырашыла застацца. Выкладае ў СШ № 2 г. п. Карэлічы ўжо чацвёрты год.
Яшчэ ў дзяцінстве Настасся марыла стаць настаўнікам, вучыла лялек, пазней – малодшых сясцёр і сябровак. Старалася дакладней высветліць, чаму гэта прафесія так яе вабіць.
– Педагог – унікальная праца па-за часам, модай і геаграфіяй. Ён выхоўвае будучыню, у тым ліку і абапіраючыся на вопыт былых пакаленняў, – адказвае Настасся Аляксандраўна сёння.
Што права звацца настаўнікам таксама патрабуе ад чалавека самаадданасці, цярпення, нават ахвярнасці, спецыяліст усвядоміла даўно. Спачатку раскрыцца яе прызванню дапамагалі педагогі альма-матэр – факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, зараз – педагагічны калектыў і адміністрацыя СШ № 2 г. п. Карэлічы. І, канечне, дзеці. Настасся Аляксандраўна выкладае ў 5-7-м, 9 і 11 класах. Між іншым, вядзе не толькі сусветную гісторыю і гісторыю Беларусі, але і айчынную і сусветную мастацкую культуру.
– Сучаснае пакаленне дзяцей мысліць і ўспрымае інфармацыю па-іншаму. Вучні аддаюць перавагу рознаўзроўневым заданням, тэстам, наглядным матэрыялам, а не доўгім тэкстам і манатонным аповедам, – адзначае Настасся Аляксандраўна. – І настаўнік, захоўваючы лепшыя напрацоўкі айчыннай педагагічнай школы, сам павінен працаваць па-новаму.
У яе гэта, як паказваюць факты, даволі добра атрымліваецца. Так, у 2015 годзе Настасся Аляксандраўна выйшла ў фінал конкурсу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі “Лепшы ўрок па гісторыі “Вялікая Айчынная: урокі вайны і гісторыя агульнай Перамогі”. У ім за званне мацнейшых выкладчыкаў змагаліся больш за дзвесце чалавек. Дыплом і сувеніры настаўніцы ўручыў дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.
Да таго ж у Настассі Бондаравай нямала выхаванцаў, якія ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах, займаюцца пад яе кіраўніцтвам даследчай дзейнасцю, выходзілі прызёрамі раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па гісторыі.
Што казаць, ёсць у дзяўчыны жаданне працаваць, як і ў настаўніц англійскай мовы з сярэдняй школы г. п. Мір Веранікі Мікалаеўны Жданковіч і Яніны Яўгеньеўны Кудачкі, якія пачалі сваю прафесійную дзейнасць на Карэліччыне ў жніўні. Дарэчы, лёс звёў маладых спецыялістаў у знакамітым гарпасёлку дужа прыгожа. Адыгралі сваю ролю іх “хросныя” бацькі.
Выпускніца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Вераніка Жданковіч падзялілася, што яшчэ падчас паступлення ў вну яе добрым геніем стаў дэкан цяпер ужо роднага факультэта іспанскай мовы Міхаіл Іванавіч Лыцін. Менавіта масціты кандыдат філалагічных навук параіў Вераніцы Мікалаеўне вывучаць, разам з англійскай, культуру Іспаніі і Лацінскай Амерыкі. Пасля паспрыяў таму, каб дзяўчыне дазволілі выбраць заяўку з Карэліцкага раёна на размеркаванні, хаця яна родам з Пастаў.
Цяжэй было б вызначыцца з месцам працы і Яніне Кудачцы, калі б не дэкан факультэта славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Мікалаеўна Круглякова. Мудрая жанчына звярнула ўвагу сваёй студэнткБелаазёрску на вакансію ў Міры. Маўляў, паедзь туды на пераддыпломную практыку, не паспееш азірнуцца, як зробішся з гэтым школьным светам адным цэлым. Быццам у ваду глядзела.
Кожнай спецыялістцы далі пакой у інтэрнаце Мірскага ДМПТК. Вераніка Мікалаеўна займаецца англійскай мовай яшчэ і з вучнямі ДУА “Аюцавіцкі ВПК дзіцячы сад–базавая школа”, у СШ г. п. Мір у асноўным працуе з малодшымі школьнікамі. У процівагу ёй Яніна Яўгеньеўна выкладае ва ўсіх класах СШ г. п. Мір, акрамя 5-га і 11-га. Да слова, замежную мову дзеці пачынаюць вывучаць з трэцяга класа.
– Гэты школьны прадмет, скажу адразу, спецыфічны, патрабуе ад настаўніка максімальнай сканцэнтраванасці. Усе вучні павінны мець час выказацца, а мы – выслухаць іх. Урокі носяць камунікатыўны характар, каб урэшце рэшт дзіця змагло лёгка гаварыць па-англійску ці на іншай мове, – адзначае Вераніка Мікалаеўна Жданковіч.
– Настаўніку жыццёва неабходна ўмець прыцягваць увагу да таго, што ён выкладае. Важна схіліць школьную брацію на свой бок. Тады замест пытанняў “Навошта яно мне?” часцей можна будзе пачуць “А з чым яшчэ варта пазнаёміцца?”, – працягвае думку Яніна Мікалаеўна Кудачка.
У дзяўчын усё наперадзе, таму цікавяцца прафесійнымі сакрэтамі з імпэтам, сустракаюць першыя непазбежныя цяжкасці як сапраўдныя байцы. Шукаюць сябе і, канечне, мараць… Аб чым? Паглыбіўшыся ў вір уласных успамінаў, вы, шаноўныя іх калегі, адкажаце на гэта пытанне хутчэй.
Святлана ВАШЧЫЛА.
Фота аўтара і з
асабістага архіва
Н. Бондаравай.