Супрацоўнікі Карэліцкага РАУС наведалі выхаванцаў Сацыяльна-педагагічнага цэнтра
Супрацоўнікі Карэліцкага РАУС далучыліся да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» і напярэдадні самага чаканага і любімага дзецьмі свята — Новага года — наведалі выхаванцаў Сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў аграгарадку Палужжа.
У госці да рабят міліцыянеры завіталі не з пустымі рукамі: павіншаваўшы дзяцей са святам, уручылі салодкія сюрпрызы і загаданыя ў Дзеда Мароза падарункі. Начальнік Карэліцкага РАУС Аляксей Гаўрош пажадаў выхаванцам прытулку выканання ўсіх іх жаданняў:
— Не забывайце: каб задуманае ажыццявілася, трэба шмат старацца і ніколі не апускаць рукі. А мы, дарослыя, зробім так, каб у вас была магчымасць стаць шчаслівымі і паспяховымі.
Супрацоўнікі РАУС ужо шмат гадоў шэфствуюць над дзецьмі, якія часова адабраны з сем’яў, у якіх яны знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Такія рабяты асабліва маюць патрэбу ва ўвазе і клопаце. Таму кожны год праваахоўнікі ператвараюцца ў добрых чараўнікоў, каб парадаваць хлопчыкаў і дзяўчынак. Акрамя таго, штогод аказваюць дапамогу сацыяльна-педагагічнаму цэнтру ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— Дзеці супрацоўнікаў міліцыі, а іх у нас 63, таксама не застаюцца без сюрпрызаў: работнікі аддзела ў касцюмах Дзеда Мароза і Снягурачкі развозяць па дамах падарункі. Штогод шматдзетныя сем’і наведваюць навагодняе свята на галоўнай ёлцы краіны, — рэзюмаваў Аляксей Гаўрош.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара