Пункт погляду журналіста: «Пенсіянер — гэта вопыт і мудрасць. І магчымасць заняцца любімай справай…»

Вам колькі: шэсцьдзясят, семдзесят, восемдзесят? А, магчыма, дзевяноста ці больш? Ужо тое, што вы дасягнулі пенсійнага ўзросту, з’яўляецца падарункам лёсу. Многім жа было адмоўлена ў гэтай магчымасці — быць пенсіянерам.

Пенсійнага ўзросту многія чакаюць з нецярпеннем, каб вырашыць сваю даўнюю мару — заняцца любімай справай. Другія працягваюць працаваць і ўдзячны лёсу за гэтую магчымасць. У адным і другім выпадку пенсіянеры, у якіх за плячыма вялікі вопыт, могуць падзяліцца ім з маладымі.
Маладосць і мудрасць — розныя ўзроставыя катэгорыі, але ёсць тое, што іх аб’ядноўвае: жаданне быць шчаслівымі. Калі ў юнацтве дзяўчатамі і юнакамі кіравалі мары-летуценні, то ў сталым узросце яго прадстаўнікі па-іншаму ацэньваюць каштоўнасці жыцця. Гэтыя два звяны аднаго ланцужка цесна пераплецены паміж сабою: маладым іншы раз будзе карыснай парада старэйшых, якія ў сваю чаргу чакаюць увагі і падтрымкі.
Адзіноту ў старасці кожны ўспрымае па-свойму. Можна даваць розныя парады на гэты конт, але нічога не заменіць у залатым узросце любові дзяцей і ўнукаў, іх візітаў у родны дом і тэлефонных званкоў. Не ўсе дзеці гэта разумеюць, і некаторым з іх прадстаўнікі дзяржаўных службаў накіроўваюць пісьмы аб тым, каб яны наведаліся да роднага парога.
А як прыемна падчас творчых камандзіровак пры сустрэчы з пажылымі людзьмі слухаць іх аповеды пра дзяцей і ўнукаў! Сапраўды, так моцна любіць, як маці, ніхто не можа. Сэрца матулі хапае на ўсіх дзяцей у любым узросце. Дочкам і сынам трэба паспяшацца да бацькоў, каб не спазніцца і праз гады не дакараць сябе ў нязробленым.
Чалавеку патрэбны чалавек. У гэтай выснове пераконвалася не раз, у асаблівасці пры сустрэчы з людзьмі залатога ўзросту. У патухлых вачах чытала мальбу аб удзеле ў іх незайздросным жыцці. Магчыма таму ў калядныя дні праводзіцца дабрачынная акцыя «Ад усёй душы» для пажылых людзей. Прадстаўнікі розных арганізацый наведваюцца ў дамы да пенсіянераў, каб выказаць ім словы ўдзячнасці за сумленную працу на карысць радзімы і прыносяць падарункі.
Наша Карэліччына багатая на працавітых, годных, шчырых работнікаў. Многія працягваюць працаваць на пенсіі ў розных галінах народнай гаспадаркі: вырошчваюць хлеб, вучаць дзяцей, лечаць людзей і не забываюць аб галоўным прызначэнні на зямлі — быць Чалавекам. Ці не прыклад для маладых, якія толькі пачынаюць сваю жыццёвую дарогу? Тыя зярняткі, якія старэйшыя пасеюць у душах дзяўчат і юнакоў, праз гады змогуць даць добрыя ўсходы — яны вызначацца ў жыцці. Арыенцірам застанецца багаты вопыт, які ім перадалі ветэраны працы.
…Я з ліку тых, хто працуе і робіць тую справу, якой прысвяціла ўсё жыццё. Па-ранейшаму еду ў творчыя камандзіроўкі і сустракаюся з землякамі, адзначаючы ў іх учынках і характары ўсё годнае і прыгожае. З асаблівай цеплынёй стаўлюся да вяскоўцаў, у якіх шмат мудрасці і дабрыні. Яны шчодра дзеляцца сваім унутраным багаццем, не хаваюць сакрэтаў свайго жыцця. Я стараюся данесці чытачам раёнкі праз газетны радок хараство душы і заўсёды радуюся, калі слова адгукнецца ў іх сэрцах. У гэтым бачу сэнс жыцця.

Галіна СМАЛЯНКА