Майстрыха Надзея Іосіфаўна Комар з Турца: «Вышыванне і вязанне напаўняюць гармоніяй жыццё»
Гісторыя чалавецтва заўсёды ішла рука аб руку з развіццём розных рамёстваў і мастацтваў, і гісторыя вышыўкі не выключэнне. Нават сёння, у час тэхнічнага прагрэсу і інфармацыйнага буму, які часам проста накрывае нас з галавой, гэта займальны, творчы працэс, які дазваляе не толькі забыцца на надзённыя праблемы, але і стварыць сваімі рукамі выдатныя карціны і прадметы інтэр’еру, якія будуць радаваць вас і вашых блізкіх доўгія гады. Сапраўдныя захавальніцы сямейнага ачага ў ранейшыя часы абавязкова павінны былі ўмець і любіць рукадзельнічаць – прасці, вязаць, вышываць. Багатыя і бедныя, дзяўчаты і бабулькі займаліся гэтымі чыста жаночымі рамёствамі не столькі для душы, колькі для забеспячэння дамачадцаў адзеннем, для ўладкавання дома, для прыгажосці і выгоды.
Наша сённяшняя гераіня – вышывальшчыца Надзея Іосіфаўна Комар. Нарадзілася на Навагрудчыне ў 1941 годзе.
Скончыла Нягневіцкую школу, працавала ў калгасе, потым пайшла вучыцца ў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум на агранома. Увесь час жыла ў вёсцы. Для вясковых жыхароў асноўны занятак – праца на зямлі. У бацькоў была вялікая гаспадарка. З дзяцінства жанчына памятае няспынную працу ад зары да зары, і маму, Марыю Уладзіміраўну Матчак, якая пасля цяжкага дня схілялася над пяльцамі.
– Мая мама была на ўсе рукі майстрыха, – успамінае Надзея Іосіфаўна, – яна не толькі вышывала ручнікі, навалачкі, абрусы, кашулі, але ўмела добра шыць, вязаць, прасці, ткаць. Мне заўсёды хацелася ёй дапамагчы, і я пачала спасцігаць асновы рукадзелля, а было мне тады каля дзесяці гадоў. Калі выйшла замуж, гэтае ўменне вельмі спатрэбілася. Жылі мы на той час з Анатолем Сцяпанавічам у бацькоўскай хаце ў в. Лозкі. Хацелася стварыць у сямейным гняздзе своеасаблівую прыгажосць, і я стала займацца вышыўкай. Аздабляла прыгожымі ўзорамі ручнікі, настольніцы, занавескі, нават з’явіліся першыя карціны. Калі нарадзіліся дзеці, навучылася яшчэ вязаць спіцамі і кручком, а пазней асвоіла тэхніку макрамэ. Вольнага часу амаль не было, але займацца любімай справай прымудралася.
Майстрыха ўзяла ў рукі іголку, пяльцы, ніткі. З’яўляюцца першыя штрыхі. Яна тлумачыць, што для выканання вышыўкі неабходны ўзор, малюнак. Ва ўмелых руках Надзеі Іосіфаўны тысячы немудрагелістых крыжыкаў ператвараюцца ў сапраўдныя мастацкія палотны. На іх плывуць лебедзі, пераліваюцца на сонцы купалы касцёлаў, патанаюць у снезе дамы, дрыжаць кроплі вады на букетах. Сюжэты работ тыповыя для вышыўкі крыжыкам: кветкі, пейзажы, нацюрморты, а яшчэ шмат іконаў, іх майстрыха любіць вышываць больш за ўсё. Усе работы светлыя і добрыя.
Свае ўменні Надзея Іосіфаўна перадала дачцэ Святлане і ўнучкам Вользе, Юлі і Анжэле.
– Праўда, яны больш вяжуць, але тэхнікай вышывання таксама валодаюць, – удакладняе жанчына, – ды з-за недахопу часу займаюцца рукадзеллем рэдка, а вось самая малодшая ўнучачка Арына захапляецца маляваннем.
Жанчына ўпэўнена, што кожнай з іх, як і ёй калісьці, спатрэбяцца гэтыя ўменні, бо, як у народзе кажуць, “гэта за плячыма не насіць”. Вышыванне, вязанне супакойваюць, напаўняюць гармоніяй жыццё. Але яшчэ больш прыемна бачыць ўсмешкі блізкіх і знаёмых, якія з’яўляюцца на тварах, калі яны бачаць гатовыя вырабы. Надзея Іосіфаўна прымеціла даўно, што за любімым заняткам час ляціць незаўважна. У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве жанчына знайшла крыніцу свайго натхнення, а калі маем справу па душы, жыць становіцца цікавей.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара