Мясцовая ўлада і жыхары падарылі новае жыццё царкве Узнясення Гасподня ў Вялікай Мядзвядцы
Вёска – гэта своеасаблівая прырода, людзі, атмасфера і рамантыка. На правым беразе ракі Уша, у баку ад цэнтральных дарог, размясцілася Вялікая Мядзвядка – вёска, якая нарадзіла шмат цудоўных і таленавітых людзей. Сярод іх – наш знакаміты зямляк Ігнат Дамейка. Але не толькі былымі поспехамі можна ганарыцца.
У Вялікай Мядзвядцы на вясковых могілках стаіць царква Узнясення Гасподня, якая была пабудавана ў пачатку ХІХ стагоддзя. Звонку сцены не маюць ніякіх упрыгожванняў, што характэрна для традыцыйнай народнай архітэктуры. Аднак прысутнічаюць элементы класіцызму ў выглядзе чатырохвугольнай званіцы, якая ўпрыгожана купалам. Унутранае аздабленне храма прадстаўлена драўляным разным іканастасам і шматлікімі іконамі, якія былі набытыя за ахвяраванні і падораны мясцовымі жыхарамі.
У апошнія гады будынак патрабаваў рамонту. Жыхары вёскі сабралі грошы і сваімі сіламі адрамантавалі дах, вокны, зрабілі ўнутраны касметычны рамонт. У жудасным стане знаходзіўся фасад царквы, таму на агульным сходе жыхары вёскі прынялі рашэнне адрамантаваць яго.
Трэба было прыкласці шмат намаганняў, каб знайсці будаўнічыя матэрыялы, рабочых, якія добрасумленна адновяць нашу святыню. Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Мікалаевіч Шатуеў пасля сустрэчы з вяскоўцамі вырашыў дапамагчы ў рэканструкцыі царквы. Ён дамовіўся з дырэктарам таварыства з абмежаванай адказнасцю “Сула Плюс” Філіповічам Паўлам Ігаравічам пра бескаштоўную перадачу будматэрыялаў для храма. Шчыры дзякуй за такі цудоўны падарунак!
Айцец Уладзімір дапамог не толькі грашыма, але і параіў будаўнікоў, якія прафесіянальна, добрасумленна і адказна працавалі на рэканструкцыі святыні: Дзямбоўскі Анатоль Мікалаевіч, Пракопаў Вячаслаў Сяргеевіч, Манько Сяргей Сяргеевіч, Манько Аляксандр.
Словы падзякі і старшыні СВК «Жухавічы» Дзмітрыю Дзмітрыевічу Янкоўскаму, які дапамог матэрыяльна ў нашай справе.
Не засталася ў баку ад добрай справы і мясцовая ўлада. Жыхары вёскі Мядзвядка выказваюць шчырую падзяку старшыні Мірскага сельскага Савета Маркевічу Аляксандру Лявонцьевічу за падтрымку і дапамогу ў вырашэнні розных пытанняў, якія ўзнікалі пры рамонце царквы.
Актыўна праявілі сябе жыхары вёскі Бусько Валянціна Фёдараўна і Аляшкевіч Галіна Мікалаеўна.
Калі праца ішла да завяршэння, заставалася навесці парадак на могілках. І тут мы таксама не засталіся без падтрымкі. Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Мікалаевіч Чычкан дапамог рабочай сілай і тэхнікай. Дзякуючы зладжанай працы вяскоўцаў, раённай і мясцовай уладзе царква атрымала другое жыцце.
Калі людзей аб’ядноўвае мэта захаваць сваю святыню, нябесныя сілы прыходзяць на дапамогу. Няхай так будзе заўсёды!
Вольга КОСМАЧ,
стараста вёскі Вялікая Мядзвядка
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ