Ремонт двора и бани, опасный выезд и аварийные деревья. На субботние «прямые линии» в Кореличский райисполком продолжают поступать звонки

На суботнія «прамыя лініі» з кіраўніцтвам Карэліцкага райвыканкама працягваюць паступаць званкі ад жыхароў раёна.

Так, жыхарка райцэнтра паведаміла пра цяжкасці з выездам з вул. Камсамольскай на вул. Арцюха і паскардзілася на ваду і бруд каля дома № 40 па вул. 8 Сакавіка. Супрацоўнікі ДАІ абследавалі вуліцы Камсамольскую і Арцюха, прыняўшы рашэнне ўсталяваць там знак «Саступіць дарогу». Заяўніцы паведамілі, што пры наступленні спрыяльных умоў надвор’я камунальнікі правядуць адвод ліўневых вод, а дарогу прагрэйдзіруюць.

Жыхарка в. Раманы прасіла спілаваць дрэвы ўздоўж дарогі Раманы-Мікулічы. Тэлефанаваўшай адказалі, што на дарозе Раманы-Варонча-Літараўшчына-Падгайна аварыйных і паваленых дрэў не выяўлена. Па пытанні выдалення дрэў на ўчастку аўтадарогі да в. Мікулічы неабходна звярнуцца ў Баранавіцкі райвыканкам.

Жыхар райцэнтра паскардзіўся на дрэнны стан асфальту каля дома № 22 па вул. Гагарына. Паводле інфармацыі РУП ЖКГ, рамонт двара запланаваны на трэці квартал бягучага года.

Жыхар агр. Турэц пацікавіўся, ці пачне працу лазня ў гэтым населеным пункце. У адміністрацыі КУСП «Чарняхоўскі-Агра» паведамілі, што на рамонт лазні грошай пакуль не хапае. Аднак аматараў пары і веніка транспартам сельгаспрадпрыемства дастаўляюць у лазню в. Тарасавічы.

Іна ЛЕЙКА