Ведаць пра тых, хто побач
Наведаць усіх адзінокіх састарэлых грамадзян. Такая задача пастаўлена перад членамі аглядных камісій сельскіх Саветаў на чарговым пасяджэнні рабочай групы па каардынацыі дзейнасці аглядных камісій, якое прайшло пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслана Юр’евіча Абрамчыка.
Клопат пра адзінока пражываючых грамадзян — адзін з асноўных. З боку прадстаўнікоў мясцовай улады і адпаведных службаў раёна ён пастаянна праяўляецца. Як адзначалі старшыні сельсаветаў, маючыя патрэбу ў падтрымцы і дапамозе абследуюцца. У далейшым члены аглядных камісій будуць наведваць грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку, а таксама тых, якія жывуць адпаведны час на сваіх дачах.
Пры наведванні домаўладанняў састарэлых будзе звяртацца ўвага на спраўнасць электраправодкі ў доме, пячное ацяпленне, наяўнасць паліва, а адным з асноўных пытанняў пра абследаванні было і застаецца самаадчуванне састарэлага, магчымасць самастойна сябе абслугоўваць. Будзе вырашацца пытанне пра накіраванне ў дом-інтэрнат альбо ўстанаўленне апекі.
“Трэба ведаць пра тых, хто жыве побач”, — выказаная думка на пасяджэнні рабочай групы датычыць не толькі яго ўдзельнікаў, але і ўсіх жыхароў раёна. Як не раз было адзначана: пажар лепш папярэдзіць, як і любую бяду. Ну, а што датычыць увагі і клопату пра людзей састарэлага ўзросту, дык гэта можа паслужыць на карысць абодвум бакам: адзінокі чалавек рады кожнаму, хто адчыніць дзверы яго дома, а службовыя асобы выканаюць не толькі прафесійныя абавязкі, але стануць багацейшымі душой. Гэта датычыць у першую чаргу і дарослых дзяцей, якіх члены аглядных камісій пастаянна заклікаюць наведваць сваіх састарэлых бацькоў.
Галіна СМАЛЯНКА.