Ідэолагі раёна абмеркавалі Пасланне Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу і іншыя актуальныя пытанні

На чарговыя заняткі ідэолагі раёна сабраліся ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры. Асноўная тэма адзінага дня інфармавання — «Ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь». Слова трымала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка. Прамоўца назвала зварот Кіраўніка краіны добрай традыцыяй, у ім закрануты пытанні, якія датычаць кожнага беларуса. Размову з народам назвала шчырай, адкрытай, даступнай, зразумелай, у якім закрануты галоўныя тэмы — суверэнітэту і незалежнасці. «Наша краіна мірная, а наша задача — мірная і стваральная праца», — адзначыла Лідзія Мікалаеўна.
Лідзія Шэўка падрабязна спынілася на ўсіх накірунках Паслання і пытаннях, на якія была звернута ўвага: урокі 2020 года, Год гістарычнай памяці, сімвалы Беларусі, дэмаграфічная бяспека, развіццё рэгіёнаў, дыспансерызацыя насельніцтва, пытанні сям’і і адукацыі і іншыя. «Выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт», — сказала прамоўца.
Лідзія Мікалаеўна адзначыла, што кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь павінен працаваць на сваім рабочым месцы і мацаваць суверэнітэт роднай краіны.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Нэлі Маісеенка назвала Пасланне «штогадовай стратэгіяй, дзе можна даведацца аб тым, што нас чакае ў будучым, і гэта азбука для нашай дзейнасці».


Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама Вольга Базар паведала аб праблеме гвалту ў сям’і і назвала гэтую тэму актуальнай. На канкрэтных прыкладах прамоўца імкнулася пераканаць прысутных, што не трэба заставацца раўнадушнымі, калі побач сустракаюцца такія прыклады, і пры іх наяўнасці паведамляць у адпаведныя органы. Біць трывогу трэба і тады, калі бацькі непаўналетніх дзяцей выпіваюць — чарка да дабра не прывядзе. У рэшце рэшт, прамоўца звярнула ўвагу на бяспеку дзяцей у сетцы інтэрнэт, бацькі павінны цікавіцца захапленнямі дзяцей.


«Палы сухой расліннасці. Адпачынак на прыродзе. Акцыя «За бяспеку разам!» — тэма выступлення начальніка пажарнай часці № 1 Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Паўла Гушчы. Вясной грамадзяне наводзяць парадак на прыдамавых тэрыторыях і многія спальваюць смецце. Кастры рэкамендуецца разводзіць на бяспечнай адлегласці, улічваючы пры гэтым накірунак ветру, абкапаць месца і ні ў якім разе не пакідаць яго. Пры загаранні патрэбна неадкладна патэлефанаваць у РАНС. «Чым раней патэлефануеце — тым раней акажам неабходную дапамогу», — адзначыў прамоўца.
Павел Гушча звярнуў увагу і на занятасць дзяцей падчас канікул і на тое, што ў Карэліцкім раёне можна купацца толькі на азёрах Юбілейнае і Свіцязь. Заклікаў устанаўліваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ў пакоях дома і не пакідаць мабільныя тэлефоны на зарадцы на начны час, каб не здарылася бяды. Трэба заўсёды заставацца пільнымі і абачлівымі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ