22 апреля — День судебного эксперта. Судебный эксперт-стажер из г.п. Кореличи Максим Пацко рассказывает о тонкостях профессии
На шчасце, далёка не ўсе з нас становяцца ўдзельнікамі і ахвярамі злачынстваў. Аднак пра тое, пры якіх абставінах і якім чынам яны звычайна здзяйсняюцца, уяўленне мае кожны. Падобную крымінальную інфармацыю падкідваюць гледачам і штодзённыя серыялы такога характару, і выпускі навін. У рэагаванні, а пазней – у раскрыцці злачынстваў актыўны ўдзел прымаюць не толькі супрацоўнікі правапарадку, крымінальнага вышуку, следчага камітэта, але і судовыя эксперты.
Напярэдадні прафесійнага свята судовы эксперт-стажор Карэліцкага экспертна-крыміналістычнага сектара Навагрудскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Максім Пацко пра сваю работу распавядае вельмі натхнёна, з іскрай у вачах.
– Максім Уладзіміравіч, чаму Ваш выбар спыніўся менавіта на гэтай прафесіі?
– Прыехаў я ў г.п. Карэлічы з Лідскага раёна. У дзяцінстве, напэўна, усе хлопчыкі мараць стаць міліцыянерам, але я на службу ў органы прыйшоў не адразу. У 2018 годзе закончыў агранамічны факультэт Гродзенскага аграрнага дзяржуніверсітэта, крыху папрацаваўшы па спецыяльнасці ў Салігорскім раёне, пайшоў у армію. А калі адслужыў, то па рэкамендацыі роднага дзядзькі, які доўгі час аддаў працы ў МУС, вырашыў звязаць свой далейшы лёс з органамі. Таму, можна сказаць, выбар прафесіі судовага эксперта цяпер ужо цалкам усвядомлены. Я толькі пачынаю сваю працоўную дзейнасць у якасці эксперта, таму немалую частку маёй паўсядзённай працы складае ўдзел у правядзенні аглядаў месцаў здарэнняў, часцей пажарышч. Для ўдасканалення ў прафесіі завочна вучуся ў ДУА “Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь”.
– Што найбольш цікава ў Вашай працы?
– Асабліва натхняюць тыя моманты, калі ты сам, асабіста, грунтуючыся на навыках, ведах і ўменнях, дапамагаеш у раскрыцці злачынства. А ўвогуле, судовая экспертыза цікавая мэтанакіраваным, амбіцыйным, гатовым да пастаяннага самакантролю і самаўдасканалення людзям, якія, нягледзячы на выхадныя і святы, будуць працаваць з поўнай самааддачай. Прычым неабходна самастойна прыйсці да дадзенага выбару і, зрабіўшы яго, прытрымлівацца і дасягаць прафесійных вышынь.
– Усе ведаюць, што да прыбыцця следча-аператыўнай групы на месца здзяйснення злачынства ніхто не мае права што-небудзь чапаць або перасоўваць, таксама староннім асобам туды ўваход забаронены. Гэтыя меры прымаюцца для таго, каб захаваць сляды злачынства… А якія дзеянні вашы супрацоўнікі праводзяць перш за ўсё?
– Гэта фотаздымка на месцы здарэння, усё як ёсць. Далей эксперт-крыміналіст прымае ўсе меры для выяўлення і збору доказаў, да якіх прынята адносіць пэўныя сляды і прадметы. А разам з гэтым і фотаздымка, больш дэталёвая. Задача спецыяліста выявіць, зафіксаваць і выключыць сляды злачынства. Увесь знойдзены на месцы здарэння біялагічны матэрыял па рашэнні следчага адпраўляецца на экспертызу.
– Наколькі важна Ваша заключэнне ў ходзе расследавання крымінальных спраў? Ці мае судовы эксперт права на памылку?
– Адназначна не. Ад правільнасці і дакладнасці праведзенай судовай экспертызы залежыць жыццё і лёс чалавека, высновы даследавання кладуцца ў аснову абвінаваўчага або апраўдальнага прысуду.
– Які выезд на агляд месца здарэння Вам запомніўся больш за ўсё?
– Выездаў пакуль што было небагата. Адзін з такіх – пажар у агр. Аюцавічы, што забраў жыццё чалавека. Быць сведкам і бачыць жахлівыя карціны заўсёды псіхалагічна вельмі складана.
– Якімі якасцямі павінен валодаць судовы эксперт?
– Для працы экспертам у першую чаргу неабходна мець вялікую вытрымку і маральную ўстойлівасць, таму што часта даводзіцца сутыкацца з адваротным бокам злачыннага свету, выбываць на месцы здзяйснення здарэнняў, прымяняць спецыяльныя метады для выяўлення і фіксацыі слядоў. Кожны эксперт праходзіць першапачатковую падрыхтоўку і здае экзамены для самастойнага ўдзелу ў аглядах месцаў здарэнняў і правядзення экспертыз. Свае веды неабходна пастаянна ўзбагачаць новай інфармацыяй, быць у курсе сучасных метадаў і тэндэнцый. Трэба быць гатовым да бесперапыннага прафесійнага навучання, уключаючы самастойнае навучанне.
– Дома аб працы думаеце?
– Патрабаванні да сябе ў мяне дастаткова высокія, таму цалкам не магу абстрагавацца. Бывае, пасля выезду на агляд месца здарэння, пасля вяртання, некалькі разоў пракручваю ў галаве падзеі, свае дзеянні: ці нічога не ўпусціў, ці была магчымасць яшчэ нешта выявіць.
– Што хочацца пажадаць калегам у Ваша прафесійнае свята?
– З нагоды прафесійнага свята жадаю ўсім шчасця і здароўя, поспехаў у службе і сямейнага дабрабыту, годнай ацэнкі працы і заўсёды ўдалага завяршэння спраў, верных сяброў побач і надзейных калег. Хай шанц будзе вашым вечным спадарожнікам, а высокі прафесіяналізм – візітнай карткай!
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара