Улюбёныя ў медыцыну і адзін у аднаго: нарыс пра сям’ю медработнікаў Готта

Напярэдадні Дня сям’і мы запрасілі да гутаркі загадчыка хірургічнага аддзялення Карэліцкай раённай бальніцы Часлава Станіслававіча Готта і Аліну Іванаўну Готта, старшую медыцынскую сястру педыятрычнага аддзялення ЦРБ, якія 39 гадоў стаяць на варце здароўя жыхароў Карэліцкай зямлі (і не толькі), каму сотні, а то і тысячы людзей дасылаюць сваю ўдзячнасць; носьбітаў залатых сэрцаў, высокага прафесійнага майстэрства, людскасці, дабрыні, вернасці клятве Гіпакрата; уладальнікаў каштоўнейшага, не маючага цаны скарбу пад назвай «Сям’я», узбагачанага іх прыроднай сціпласцю, інтэлігентнасцю і чалавечай годнасцю.

Моц лёсавага падмурка, на якім узводзіцца будынак шчасця чалавека, грунтуецца, на мой погляд, на трох найважнейшых састаўляючых: сямейных каштоўнасцях, назапашаных у бацькоўскім доме перад тым, як адправіцца ў краіну самастойнасці; беспамылковым прафесійным самавызначэнні і ў шанцаванні сустрэць тую адзіную, каханую, надзейную палавінку, з якой сямейнае суіснаванне будзе ззяць сонечнымі промнікамі суладдзя сэрцаў і пачуццяў. А меркаванне, што любіць — гэта значыць глядзець не адзін на аднаго, а глядзець разам у адным накірунку, будзе адзінадушным. У Часлава Станіслававіча і Аліны Іванаўны ўсе гэтыя састаўляючыя сышліся, думаецца, не толькі як праяўленне падарунка ад Бога, але яшчэ і таму, што і Ён, і Яна лічылі і лічаць: лёс дае нам жыццё як дзіцячую размалёўку — звычайны фон і контуры лёсу. А вось якія будуць фарбы, вырашае сам чалавек: каляровае жыццё тваё ці ў шэрых танах, наракай на мастака, — сябе, і памятай, што лёс дае табе размалёўку, а далей воля толькі твая. Вось ужо 44 гады Часлаў Станіслававіч і Аліна Іванаўна карыстаюцца толькі каляровымі фарбамі для малюнка свайго жыцця, майстэрства стварэння якога перадалося іх цудоўнейшым сынам, Дзмітрыю і Віталію, перадасцца, не сумняваюся, унукам і праўнукам…

Мабыць, нездарма ў іх біяграфіі шмат агульнага: нарадзіліся і гадаваліся на Гродзеншчыне, ён — у Лідскім раёне, яна — у Ваўкавыскім, у простых сялянскіх сем’ях, дзе панавала атмасфера спагадлівасці, працавітасці, узаемапавагі, узаемаразумення, узаемадапамогі, а грубасць ва ўзаемаадносінах, непаважлівасць да людзей, фанабэрыстасць, гультайства лічыліся найвялікшай заганай. Многае перанёс Часлаў Станіслававіч з сям’і ў сваё жыццё, як і залатое правіла, якім кіруецца да сённяшняга дня: «Калі бярэшся што-небудзь рабіць, — не раз павучаў бацька сына, — рабі добра, з адказнасцю, з душой, з сумленнем і ніколі не ўвільвай ад дапамогі чалавеку, які аказаўся ў бядзе». Для Аліны Іванаўны мудрым наказам сталі словы матулі: «Вучыцеся, дзеткі, паважаць і старых, і малых, шкадаваць кожнага, хто мае ў гэтым патрэбу, не саромейцеся праяўляць у адносінах да людзей пяшчоту і дабрыню, асабліва да дзетак, у любой сітуацыі заставайцеся справядлівымі». Няхітрая бацькоўская навука не прайшла бясследна: Часлаў скончыў у 1972 годзе 8 класаў вясковай школы з адзнакай і без экзаменаў быў залічаны ў Жалудокскае медвучылішча; у гэтую ж навучальную ўстанову праз два гады пры конкурсе 12(!) чалавек на месца паступіла пасля 8 класа Аліна. Цяга да вучобы была неймаверная, як і імкненне стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі, і ў будучым яна дала свой станоўчы вынік, аб чым гавораць немалаважныя факты: калі праз два месяцы пасля заканчэння медвучылішча юнак быў прызваны ў армію, яго адразу прызначылі начальнікам батальённага медпункта воінскай часці ва Уруччы, і з гэтай пасадай малады медык спраўляўся два гады бездакорна! Аліну ж, як лепшую студэнтку, размеркавалі ў Гродзенскі радзільны дом медсястрой у аддзяленне нованароджаных і неданошаных дзетак, а праз шэсць месяцаў таленавітай, прыгожай, маладзенькай дзяўчыне даверылі пасаду старшай медсястры аддзялення! Першы працоўны месяц быў для яе няпростым: перажывала, баялася, што не справіцца, асабліва ў начныя дзяжурствы. З усмешкай зараз успамінае яна, як запанікавала на другім у сваёй медыцынскай практыцы начным дзяжурстве, нават хацела змяніць прафесію. Пераадолець цяжкасці, пазбегнуць памылковага рашэння дапамог галоўны ўрач радзільнага дома: «Аліна, — супакойваў ён дзяўчыну, — запомні, лёгка табе ніколі не будзе, ты — здольная, у цябе ўсё атрымаецца». Яго падтрымка шмат значыла, надавала ўпэўненасць, а хвіліны, калі спавівала немаўлятак, несла іх у палаты мамам, сталі самымі шчаслівымі ў свеце! І яшчэ быў у Аліны ў складаныя хвіліны выратавальны стымул — Яе Вялікасць Каханне! На першым курсе адбылося яе знаёмства з трэцякурснікам Чаславам, стаўшым сэнсам усяго яе жыцця. Ён прысутнічаў на цырымоніі ўручэння першакурснікам студэнцкіх білетаў і сярод 90 студэнтак выдзеліў сціплую дзяўчынку, якая з першага погляду паланіла душу непасрэднасцю, унутранай чысцінёю. Сэрца адразу ж падказала: гэта твой лёс! Пасля ўрачыстасці на дыскатэцы запрасіў яе на танец і не аддаў нікому. «Памятаю, танцуем, — дзеліцца ўспамінамі Аліна Іванаўна, — а я разгубілася: чаму гэты прыгожы хлопец запрасіў менавіта мяне, ёсць жа лепшыя…» А знаёмства перарасло ў вялікае каханне, падарыўшае абоім сапраўднае сямейнае шчасце. Сябравалі пяць гадоў, Аліна Чакала суджанага з арміі, радавалася, калі пасля службы ён паступіў без цяжкасцей у Гродзенскі медінстытут, вучыўся на «4» і «5». У 1979 годзе адбылася знакавая для іх падзея: звонкае, радаснае, шматлюднае вяселле, якое доўжылася чатыры дні! Пачаўся адлік светлага сямейнага шчасця Готтаў: у 1980 г. нарадзіўся старэйшы сынок Дзіма, а ў 1984 годзе, атрымаўшы дыплом урача, Часлаў Станіслававіч з сям’ёй па размеркаванні прыехаў у Карэліцкую раённую бальніцу ў якасці хірурга-траўматолага. Аліна Іванаўна ўладкавалася медыцынскай сястрой у радзільнае аддзяленне, пасля была прызначана яго старшай медсястрой, праз некаторы час — галоўнай медсястрой бальніцы. З гэтай пасады выйшла на пенсію, але высокакваліфікаванага работніка не адпусцілі на заслужаны адпачынак, перавялі ў педыятрычнае аддзяленне, дзе і працуе яна зараз старшай медсястрой, аддае часцінку свайго спачувальнага сэрца хворым дзеткам, якія любяць цёцю Аліну, як і яна іх…

Пасля прыезду маладым спецыялістам выдзелілі пакой без усялякіх выгодаў: туалет — адзін на ўвесь паверх, гарачая вада, кухня адсутнічалі, ежу гатавалі на электраплітцы тут жа, у пакоі. Маладыя, улюбёныя ў сваю працу, яны не надавалі значэння гэтаму, цешыліся, што ў іх ёсць свой куток, і калі праз два гады атрымалі трохпакаёвую кватэру ў новым доме, радасці не было канца! Паціхеньку абжываліся, а нараджэнне сына Віталія стала для іх самым дарагім чаканым падарункам.

Пра талент хірурга Готты, пра яго залатыя рукі, чалавечнасць адразу ж пайшла пагалоска ў раёне. Ён сумяшчаў прыём хворых у паліклініцы і працу ў аддзяленні, шмат аперыраваў, бліскуча спраўляўся з самымі складанымі аперацыямі, але не пераставаў самаўдасканальвацца і вучыцца ў калегаў, аб якіх гаворыць з вялікай удзячнасцю і цеплынёй: » Урачы-хірургі вучацца ўсё жыццё, таму вельмі важна, хто працуе з табою побач. Мне неверагодна пашанцавала, што давялося авалодваць хірургічнымі навыкамі побач з карыфеямі сваёй справы — В. К. Шутом, У. П. Новікам, што працаваў разам з В. А. Жарскім, М. В. Шутом, Я. М. Марозам. За здароўе пацыентаў мы змагаліся адной камандай, стараліся адзін аднаму дапамагчы, не саромеліся раіцца, існавала сапраўдная ўрачэбная садружнасць. Першую аперацыю ў Карэлічах я правёў без празмернага хвалявання, бо побач быў загадчык аддзялення Валерый Аляксандравіч Жарскі, якому вельмі ўдзячны за многае, як і былым супрацоўнікам. Што галоўнае засвоіў я ад іх? У першую чаргу, разуменне: кожная аперацыя — гэта штосьці новае, гэта — рызыка, таму вельмі важна ўстанавіць даверлівы кантакт з пацыентам, запэўніць, што яму хочуць дапамагчы, настроіць яго на пазітыў. Перад любой аперацыяй да тонкасцей прадумваць яе ход, магчымыя нюансы.

Пятнаццаць гадоў, з 2001 года па 2016, з’яўляўся Часлаў Станіслававіч намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскай частцы, пасада неспакойная, але, па яго прызнанні, працавалася лёгка, таму што быў моцным у прафесійным плане састаў загадчыкаў аддзяленняў бальніцы, фанатаў сваёй справы, да чаго павінны імкнуцца сённяшнія маладыя ўрачы.

Не пералічваю ўзнагароды Часлава Станіслававіча за добрасумленную працу, дастаткова сказаць, што сотні яго былых пацыентаў (у тым ліку і аўтар гэтых радкоў) моляцца за здароўе  любімага ўрача, а мінскія прафесары, дактары медыцынскіх навук захапляюцца талентам хірурга-траўматолага з правінцыі, сведкам чаго з’яўлялася я не раз.

І ўсё ж самае значнае дасягненне Ч. С. Готта і А. І. Готта — сям’я, моцны тыл, без якіх чалавек — нішто. Узаемаадносіны ў іх сям’і грунтуюцца на ўзаемаразуменні, на ўзаемападтрымцы, на аднолькавых падыходах у выхаванні дзяцей. «Галоўнае ў выхаванні дзяцей — гэта ўзровень узаемаадносін, атрыманы ў бацькоўскім доме. Кантакт паміж бацькамі — немалаважны фактар у выхаванні, — сцвярджае Часлаў Станіслававіч. — Ён пераносіцца на другія пакаленні. Ні ў сям’і маіх бацькоў, ні ў сям’і Аліны Іванаўны не прысутнічала грубасць, не ведаюць яе і нашы дзеці. Трэба ўмець чуць адзін аднаго, дзе трэба, прамаўчаць, жыць узаемнымі інтарэсамі, а дзецям дарыць, нягледзячы на занятасць, максімум увагі. «У гэтым плане, — прызнаецца Аліна Іванаўна, — я многаму вучылася ў Г. А. і В. А. Жарскіх, іх сям’я служыць для мяне ўзорам. Мне заўсёды хацелася падтрымаць мужа, я перажывала і перажываю за яго пацыентаў, не сплю, калі ён аперыруе ноччу, чакаю, інакш не магу. І ён прывык да гэтага. Яго падтрымка ў нейкія складаныя моманты для мяне таксама дарагога каштуе».

Дзяцей гадавалі Готты таксама ў любові і згодзе, прывучалі да адказнасці і самастойнасці. Старэйшы сын ведаў: калі ноччу гарыць настольная лямпа, значыць, маму з татам выклікалі ў бальніцу і не трэба баяцца заставацца ў кватэры аднаму. Бывала, даводзілася Дзіме начаваць у ардынатарскай падчас начнога дзяжурства бацькоў, і хлопчык не капрызнічаў: значыць, так трэба. Нягледзячы на вялікую загружанасць у працы, Аліна Іванаўна і Часлаў Станіслававіч знаходзілі час для заняткаў з сынамі: разам вучылі ўрокі, разам наведвалі касцёл, разам праводзілі выхадныя дні. Зімой тата з сынамі станавіўся на лыжы, вясной і летам чыніў прагулкі на веласіпедах, а ў водпуску ўсёй сям’ёй адпраўляліся на экскурсіі па роднай Беларусі. Бацькі ганарацца сынамі, атрымаўшымі цудоўную адукацыю ў вНУ, стаўшымі паважанымі, высокакваліфікаванымі спецыялістамі, іх сем’ямі. Бясконца любяць унучку Варварушку, ненагляднае сваё сонейка, разумніцу, якая сёлета пойдзе ў першы клас. Зараз, як і раней, пасля нялёгкага працоўнага дня заўсёды дзеляцца перажытым, абменьваюцца меркаваннямі, расслабляюцца, седзячы на арэлях утульнага двара іх дома, радуюцца цішыні, навакольнай прыгажосці, будуюць планы на наступны дзень. Для сябе яны даўно ўжо зрабілі выснову: каб адносіны былі трывалымі, трэба ўмець быць сябрамі. Страсць гасне з часам, інтрыга загадкавасці знікае, рамантыка адступае на другі план, уступаючы месца абавязацельствам і павазе. Але павагі недастаткова, калі вы не звязаны агульнымі інтарэсамі. Трэба сябраваць сэрцамі і не пераставаць любіць, памятаць, што, як піша Марыя Лангер:

Семья — это праздник, семейные даты,

Подарки, покупки, приятные траты,

Рожденье детей, первый шаг, первый лепет,

Мечты о хорошем, волненье и трепет.

Семья — это труд, друг о друге забота,

Семья — это много домашней работы,

Семья — это важно! Семья — это сложно!

Но счастливо жить одному невозможно!

Галіна КАЛТУНОВА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ і з архіва герояў