У Карэліцкім раёне праведзены агляд-конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху
12 мая на базе ДУА “Лукская сярэдняя школа” супрацоўнікамі МА ДАІ Навагрудскага РАУС сумесна з раённымі аддзеламі адукацыі, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, РК ГА “БРСМ”, Карэліцкай раённай арганізацыяй Беларускага Чырвонага Крыжа праведзены агляд-конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, у якім прынялі ўдзел шэсць каманд устаноў адукацыі раёна.
Праграма злёту абяцала быць насычанай. Да дзесяці гадзін да месца збору сталі пад’язджаць аўтобусы з камандамі-ўдзельнікамі, юнакі і дзяўчаты, хвалюючыся, актыўна абмяркоўвалі магчымыя заданні.
Віталі ўдзельнікаў мерапрыемства і пажадалі поспехаў у вывучэнні і прымяненні правілаў дарожнага руху загадчык сектара ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзь Карпаленка і старшы дзяржінспектар МА ДАІ Навагрудскага РАУС Аляксандр Палуян.
Усе ўдзельнікі ўпарта змагаліся за званне каманды-лідара ЮІД раённага этапу і магчымасць адправіцца на абласны злёт юных інспектараў. На працягу некалькіх гадзін яны дэманстравалі веды правілаў дарожнага руху ў ходзе тэарэтычнага экзамену, уменні аказваць першую медыцынскую дапамогу пацярпелым. Відовішчным стаў конкурс, у якім удзельнікі дэманстравалі навыкі фігурнага і практычнага кіравання веласіпедам, віртуозна аб’язджаючы ўстаноўленыя на шляху перашкоды. Па выніках конкурсаў першае месца заняла каманда ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І Сташэўскай”, другое – каманда ДУА “Лукская сярэдняя школа”, трэцяе – каманда ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа”. Каманды-пераможцы атрымалі дыпломы, каштоўныя падарункі і салодкія прызы. Таксама граматамі і падарункамі на асобных этапах конкурснай праграмы адзначаны самыя актыўныя ўдзельнікі спаборніцтваў.
– Прафілактыка дзіцячага траўматызму – адзін з асноўных напрамкаў у рабоце Дзяржаўтаінспекцыі. А штогадовы злёт – гэта толькі частка той работы, якая з году ў год вядзецца супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі, педагогамі, школьнікамі. Прафілактычная дзейнасць падахвочвае дзяцей і іншых удзельнікаў дарожнага руху выконваць правілы і быць уважлівымі і дысцыплінаванымі на дарогах, – адзначыў Аляксандр Палуян. – Дзеці лепш засвойваюць і разумеюць правілы, калі гэта ім прапануецца ў выглядзе гульні, віктарыны або эстафеты.
Кіраўнік каманды пераможцаў з ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І Сташэўскай” Міхаіл Шаплыка лічыць:
- Падобныя спаборніцтвы, конкурсы, сустрэчы, гутаркі ва ўстановах адукацыі праводзяцца штогод. Для ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства важна было сабрацца разам на адной конкурснай пляцоўцы, каб прадэманстраваць свае веды правілаў дарожнага руху, навыкі бяспечных паводзін на вуліцах і дарогах. Мы добра разумеем, што толькі выкананне ўсіх патрабаванняў ПДР стварае перадумовы бяспечнага руху транспартных сродкаў і пешаходаў на вуліцах і дарогах, а вывучэнне і прытрымліванне ўсіх правіл істотна дазваляе паменшыць дарожна-транспартны траўматызм сярод дзяцей і падлеткаў.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара