На планерке у председателя: подготовка к жатве, оздоровительная кампания и ремонт школ
У Карэліцкім раёне ідзе падрыхтоўка збожжаўборачных камбайнаў да масавага жніва. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай працоўнай нарадзе ў старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева.
Усяго на жніве гэтага года ў раёне плануюць задзейнічаць 80 зерняўборачных камбайнаў. У цэлым гатоўнасць парка камбайнаў на сёння складае 24%. Зернеачышчальна-сушыльныя комплексы гатовыя на 42%.
— На сёння задача нумар адзін — завяршыць першы ўкос траў на працягу сямі дзён, — сказаў Генадзій Шатуеў. — З першага ўкосу плануецца нарыхтаваць 45% сенажу, або 71 тысячу тон. Для параўнання ў мінулым годзе гэты паказчык склаў 80, 4 тыс. т. З-за засухі бягучага года дасягнуць паказчыкаў мінулага года не атрымаецца.
У раёне набірае абароты аздараўленчая кампанія. 11 чэрвеня стартуе першая спартыўная змена ў лагеры “Вясёлка”, дзе адпачнуць 50 хлопчыкаў і дзяўчынак. У прышкольных лагерах праводзяць час 174 дзіцяці, у лагерах працы і адпачынку — 12.
Установы адукацыі пачалі рыхтавацца да новага навучальнага года. Традыцыйна летам ажыццяўляецца бягучы рамонт: праводзіцца афарбоўка памяшканняў, збудаванняў спортгарадкоў, рамантуецца мэбля, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя, выконваюцца іншыя работы.
Будынак былога прафесійна-будаўнічага ліцэя таксама рыхтуецца прыняць аматараў актыўнага адпачынку: ідзе ўладкаванне залаў па цяжкай атлетыцы і фітнесе.
Іна ЛЕЙКА