Выпускники Кореличчины и их родители рассказывают о пересмотре результатов ЦЭ

Самае галоўнае — справядлівае стаўленне да людзей. Менавіта гэтым пастулатам заўсёды кіруецца Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка. У гэтым мы ўсе ў чарговы раз пераканаліся, калі па яго распараджэнні былі пералічаны вынікі першага цэнтралізаванага экзамену па новай, больш простай і зразумелай сістэме.

Вынікі ЦЭ пералічылі

14 мая выпускнікі здалі першы цэнтралізаваны экзамен па рускай і беларускай мовах па выбары. Аднак вынікі мала каго парадавалі: выніковыя балы апынуліся ніжэй чаканых і атрыманых падчас рэпетыцыйнага экзамена. Абітурыенты і іх бацькі абурыліся, пасыпалася мноства пытанняў: чаму за адну памылку здымаецца адразу 12 і больш балаў?

Чаму шкала ацэньвання складаная для разумення і адрозніваецца ад той, якую выкарыстоўвалі пасля рэпетыцыйнага экзамену? І тады ў сітуацыю ўмяшаўся Прэзідэнт, які даручыў разабрацца ў сітуацыі і, калі трэба, пералічыць вынікі. Тым самым ён яшчэ раз нагадаў кіраўнікам простую і важную ісціну: памыліўся — здолей прызнаць памылку і галоўнае — выправіць. Праз некалькі дзён на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў з’явіліся абноўленыя вынікі экзамену. І сацыяльныя сеткі зноў забурлілі, гэтым разам словамі падзякі Прэзідэнту за дапамогу ў складанай сітуацыі.

Выпускніца СШ г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай Яна Філончык не хавае эмоцый:

— Калі ўбачыла першапачатковы вынік ЦЭ па беларускай мове, была шакавана: 86 балаў. Хоць на рэпетыцыйным экзамене атрымлівала ад 92 да 98 балаў. Крыўдна было, што за адну памылку знялі адразу 14 балаў. Пасля пераліку мой бал стаў значна вышэй — 96. У выніку я атрымала дзясятку ў атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы. Вынік другога экзамену таксама парадаваў: 91 бал па гісторыі Беларусі, а гэта таксама ацэнка 10 у атэстат. Такім чынам я пацвердзіла гадавыя адзнакі і выйшла на залаты медаль. Буду паступаць на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Я вельмі ўдзячная нашаму Прэзідэнту за ўмяшанне ў сітуацыю і пазітыўнае яе вырашэнне. Бо і ён сам у мінулым годзе быў у ролі бацькі, сын якога здаваў экзамены за курс сярэдняй школы і паступаў у вну.

Уладзіслаў Ламан з сярэдняй школы № 1 райцэнтра таксама ўдзячны Кіраўніку дзяржавы за дапамогу:

— За першы ЦЭ па рускай мове спачатку атрымаў 82 балы, пасля пераліку вынік палепшыўся — 92. Вядома, мы з бацькамі спачатку вельмі перажывалі, а потым натхніліся, з’явіліся больш ясныя перспектывы для паступлення ў вну. Другі ЦЭ па матэматыцы здаў добра — на 95 балаў. Планую паступаць у адзін з тэхнічных універсітэтаў сталіцы.

Пра перанесеныя хваляванні расказвае Наталля Адамцэвіч, дачка якой скончыла сярэднюю школу № 2 г.п. Карэлічы:

— Вікторыя цэлы год рыхтавалася да ЦЭ па рускай мове самастойна і з рэпетытарам. Атрымаўшы ўсяго 72 балы, мы былі шакаваны. Пасля перагляду вынікаў у маёй дачкі стала 84 балы, што роўна ацэнцы 10. У выніку ў атэстат яна атрымала дзясятку. Мы не думалі, што пералік зробяць, але ўсё ж справядлівасць перамагла. Усе рабяты з нашага класа і іх бацькі вельмі рады і ўдзячныя Прэзідэнту за такое вырашэнне пытання.

Аб сітуацыі, якая склалася, і выніках двух цэнтралізаваных экзаменаў у раёне расказвае начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч:

— Безумоўна, умяшанне Прэзідэнта ў праблемную сітуацыю зняло напружанне ў грамадстве. І выпускнікі, і бацькі супакоіліся, цяпер яны больш упэўнена глядзяць у будучыню.
Першы ЦЭ па рускай і беларускай мовах у раёне здавалі ўсе 68 выпускнікоў. Рускую мову здавалі 29 чалавек, беларускую — 39. Больш за 14% навучэнцаў пацвердзілі свае гадавыя адзнакі, 76,5% — павысілі іх. Сярэдні бал па мовах па выніках года склаў 7,3, па выніках ЦЭ — 8,6.

Вынікі другога ЦЭ па матэматыцы парадавалі: 82,1% навучэнцаў пацвердзілі гадавыя адзнакі або напісалі вышэй за іх. Па англійскай мове з чатырох здаваўшых трое атрымалі дзявяткі ў атэстат. Вынікі ЦЭ па грамадазнаўстве і  гісторыі Беларусі паказалі, што 83,3% выпускнікоў пацвердзілі гадавыя адзнакі або напісалі вышэй за іх. Па хіміі 50% навучэнцаў пацвердзілі свае гадавыя адзнакі.

Хочацца адзначыць лепшыя вынікі па ЦЭ. Гэта адзін 100-бальны вынік па беларускай мове ў СШ № 1 райцэнтра, 99-бальны па хіміі ў Мірскай СШ. Парадавалі поспехі выпускнікоў СШ № 1 райцэнтра па матэматыцы: з 9 здаваўшых ЦЭ пяцёра атрымалі ад 95 да 98%.

Без адукацыі не можа быць краіны

Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сказаў 6 чэрвеня падчас нарады па бягучых пытаннях уступнай кампаніі. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ў 2024 годзе жалезабетонна вызначыцца з сістэмай паступлення, асаблівую ўвагу надаў паступленню маладых людзей ва ўстановы вышэйшай адукацыі, мэтаваму набору.

— Усе гэтыя пытанні хвалююць выпускнікоў, бацькоў і педагогаў на месцах: ад буйной сталічнай школы да невялікай сельскай, — лічыць Ірына Асташэвіч. — Што тычыцца Карэліцкага раёна, то нашы выпускнікі штогод дэманструюць высокі працэнт паступлення ў вну. Так, у 2020 годзе ён склаў 60, у 2021 г. — 65,5, у 2022 г. — 69,7. Пры гэтым больш за 80% юных карэліччан навучаюцца за кошт сродкаў бюджэту.

Вялікая ўвага ў раёне надаецца рабоце з выпускнікамі, якія плануюць паступаць у вну на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. У бягучым годзе шасцёра рабят будуць атрымліваць педагагічныя спецыяльнасці па мэтавым наборы. У 2020 годзе мэтавымі накіраваннямі скарысталіся чатыры чалавекі, у 2021 г. — шэсць, у 2022 г. — адзін. Праводзімая работа задавальняе нашы патрэбы ў кадрах. Маладым людзям важна памятаць, што пасля заканчэння вну яны вернуцца ў наш раён на працу мінімум на 5 гадоў. Гэта вельмі важна, бо маладому спецыялісту гарантавана першае працоўнае месца і настаўніцтва, прадастаўлена жыллё.

У бягучым навучальным годзе ў раёне падрыхтавалі 4 залатых медаліста. Для параўнання ў 2020 г. іх было 10, у 2021 г. — 10, у 2022 г. — 5.

У завяршэнне нарады Кіраўнік дзяржавы даручыў яшчэ раз глыбока і ўсебакова прааналізаваць, як спрацаваў ланцужок «школа — уступныя экзамены — вну». Гэта трэба для таго, каб восенню сустрэцца ў больш шырокім фармаце, выслухаць розныя меркаванні і прыняць узважанае канчатковае рашэнне.

Іна ЛЕЙКА