Медсестра терапевтического отделения Мирской горпоселковой больницы Светлана Панкрат: «Я такой человек — хочу помочь всем»

Безумоўна, адной з самых значных прафесій у свеце з’яўляецца прафесія ўрача. Гэтыя людзі сочаць за нашым здароўем, дапамагаюць у цяжкіх сітуацыях, ратуюць жыцці. Але ёсць людзі, якія, у адрозненне ад дактароў, знаходзяцца ў штохвілінных зносінах з хворымі, ажыццяўляюць пастаянны догляд за імі і ад іх якаснага, добрасумленнага стаўлення да сваіх абавязкаў залежыць многае. Медсёстрам даводзіцца кожны дзень не толькі прымяняць у працы сваю кваліфікацыю, але і ў нейкай ступені выконваць ролю псіхолага. Бо заўсёды неабходна выслухаць хворага, супакоіць, даць рэкамендацыі, парады, усяліць надзею на выздараўленне.

Медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Мірскай гарпасялковай бальніцы Святлана Панкрат працуе на пасадзе ўжо амаль 30 гадоў. За гэты час яна зарэкамендавала сябе як выдатны спецыяліст і добры чалавек. Сама ж Святлана выхваляцца не любіць. Кажа, што проста імкнецца добра выконваць сваю працу.

— Не скажу, што я суперпрафесіянал, — кажа Святлана. — Калі была маладой, бывала, нешта не атрымлівалася, не саромелася папрасіць дапамогі ў старэйшых калег, якія заўжды падказвалі, дапамагалі. З гадамі набралася вопыту, набыла больш навыкаў.

Святлана нарадзілася ў вёсцы Краснае, што недалёка ад райцэнтра. Мама дзяўчынкі працавала ветэрынарам, і маленькая Света часта хадзіла да яе на працу, назірала за тым, як тая лячыла жывёл. Так і з’явілася мара стаць урачом.

— Калі мая сястра вучылася ў першым класе, у яе былі праблемы са зрокам, — распавядае Святлана Георгіеўна. — Мы з бацькамі вазілі яе да ўрача ў Навагрудак, я назірала, як ён праводзіць абследаванне, і мне захацелася стаць урачом-афтальмолагам.

Пасля заканчэння Красненскай сярэдняй школы Святлана вырашыла стаць урачом, але ёй не хапіла балаў, таму дзяўчына падала дакументы ў Гродзенскі медыцынскі каледж, скончыўшы які па размеркаванні прыйшла працаваць у Карэліцкую цэнтральную раённую бальніцу, дзе ёй прапанавалі пасаду працэдурнай медсястры ў Мірскай бальніцы. Святлана пагадзілася, аб чым не шкадуе:

— Тут я пазнаёмілася з мужам, у нас нарадзілася дачка. Пасля дэкрэтнага адпачынку выйшла на працу на пост у тэрапеўтычнае аддзяленне, дзе працую і па гэты дзень. Мне падабаецца жыць у нашым пасёлку. Мы з мужам самі, без дапамогі пабудавалі кватэру, наладзілі побыт.

Святлана Георгіеўна прызнаецца, што яна чалавек, які хоча дапамагчы ўсім. На працы — пацыентам, дома — родным.

— Медыцынскі работнік павінен быць спагадлівым і перажываць за астатніх. Здароўе пацыента выходзіць на першы план. Пра сябе часам не думаеш, — прызнаецца Святлана. — Калі ў цябе на пасту цяжкі пацыент — 10 разоў да яго падыдзеш, спытаеш пра самаадчуванне. Трэба быць у любы час гатовым дапамагчы, бо бывае, што і ноччу тэлефануюць.
Яшчэ з часоў, калі мама Святланы працавала ветэрынарам, жанчына любіць жывёл. Яна прызнаецца, што хатнія гадаванцы сталі яе аддушынай, спосабам расслабіцца пасля цяжкай змены. У доме Панкрат жывуць сабака і кот. Абодвух Святлана знайшла на вуліцы і прытуліла. Жывёлы, у якасці падзякі, імкнуцца дапамагчы гаспадыні расслабіцца пасля працы.

— Ката я знайшла 14 гадоў таму, — успамінае Святлана. — Быў вельмі халодны люты, калі мы з ім сустрэліся. Сабачка з’явіўся чатыры гады таму. Я прыходжу дадому, яны мяне сустракаюць.

На пытанне, якім павінен быць медыцынскі работнік Святлана адказвае: адказным і сумленным. Затым дадае, што ён павінен праяўляць любоў да пацыентаў, дабрату і міласэрнасць.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара

2