Доброжелательность, терпение, ответственность — три кита профессии продавца

Штогод у першую суботу ліпеня   работнікі гэтай галіны   адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень кааперацыі Рэспублікі Беларусь.

Прафесіяналы з вялікай літары працуюць у магазіне “Родны кут” у вёсцы Міратычы. Прадаўцы прызнаюцца, што самае галоўнае ў іх дзейнасці – гэта адносіны да пакупнікоў.

– Прыемная, усмешлівая жанчына, якая выклікае прыхільнасць да сябе, умее хутка наладжваць кантакт нават з самымі патрабавальнымі і пераборлівымі спажыўцамі,  – менавіта так адклікаюцца аб загадчыцы магазіна Наталлі Савоська  калега Наталля Машчонская і пакупнікі-аднавяскоўцы. А гэта значыць, што чалавек на сваім месцы, любіць сваю справу і аддае ёй не толькі фізічныя, але і душэўныя сілы.

– Ніколі не думала, што давядзецца працаваць прадаўцом, – прызнаецца Наталля Канстанцінаўна і дадае: – Час дыктуе свае ўмовы і ўносіць папраўкі і карэктывы ў лёсы людзей, якія жывуць у вёсцы.

Свой працоўны шлях у галіне гандлю  суразмоўца пачала  ў 2008 годзе ў  краме  ў роднай вёсцы Міратычы. Пачынала  прадаўцом. Працавітасць і адказнасць у рабоце далі свае вынікі – ужо сем гадоў  загадчык гэтага ж  сельскага  магазіна.  Яна  на сваім месцы і  цяпер ужо не бачыць сябе ў іншай прафесіі.

–  На першы погляд можа здацца, што праца прадаўца аднастайная і сумная, – дзеліцца Наталля Канстанцінаўна, –  аднак я з гэтым не магу пагадзіцца, бо кожны дзень мы сутыкаемся з рознымі людзьмі і да кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход. Вось ўсміхнешся чалавеку –  табе адкажуць узаемнасцю, і на душы адразу становіцца святлей. А калі ўзнікае канфліктная сітуацыя, то галоўнае – захоўваць спакой. Работа з людзьмі прымушае быць не толькі прадаўцом, але яшчэ і псіхолагам. Часта  вяскоўцы прыходзяць да нас не толькі, каб нешта купіць, але яшчэ і выгаварыцца: падзяліцца радасцю або нейкімі жыццёвымі праблемамі.

Пакуль размаўляю з Наталляй Канстанцінаўнай, аглядаю магазін. Вялікі асартымент, арыгінальная выкладка  –   усё прадумана да дробязяў. Тут пакупнік можа знайсці як харчовыя, так і прамысловыя тавары. Адным словам,  ёсць усё неабходнае. У магазін  прыемна зайсці  –  усюды чысціня, парадак. Жыхарам вёскі Міратычы пашанцавала, што тут працуе такая абаяльная, шчырая, добрасумленная  жанчына. Адзін з пакупнікоў прызнаўся, што сорамна бывае пайсці без пакупкі, бо загадчыца так ветліва да людзей ставіцца, заўсёды параіць, што лепш купіць, зробіць рэкламу тавара.

–   Калі жывеш і працуеш у роднай вёсцы, ведаеш усіх  жыхароў, таму не складае цяжкасці вывучыць іх перавагі.  Пры выбары асартыменту мы з калегай Наталляй Іванаўнай  арыентуемся менавіта на людзей. Стараемся, каб  на прылаўках  быў выбар і разнастайнасць, а жыхары, у сваю чаргу, з задавальненнем прыходзілі ў краму, – адзначае загадчыца магазіна.  – Безумоўна, у нас ёсць асартыментны пералік, які паказвае, якія тавары і ў якой колькасці павінны быць у краме.  Мы таксама сочым за сезоннасцю продажу.  Летам у вёсцы жыхароў становіцца больш: да бабуль прыязджаюць унукі,   жыве шмат  дачнікаў, а яшчэ   непадалёку знаходзіцца   возера Свіцязь, і  да нас часта наведваюцца турысты.   У гэты перыяд  павышаным попытам карыстаюцца  садавіна, агародніна, розныя напоі, марожанае  і  тавары для адпачынку на прыродзе.

На маё пытанне, якія якасці самыя важныя ў працы прадаўца, Наталля Канстанцінаўна адказала, што перш за ўсё гэта добразычлівасць, цярпенне, адказнасць. А стратэгія такога  нешматлікага калектыву – ветлівасць і кампетэнтнасць. А ўсё, што яны робяць,  – для людзей.

Пра  сваю  калегу Наталлю Іванаўну Машчонскую загадчыца магазіна гаворыць толькі са станоўчага боку:

–  Мы  як адна сям’я. Самае важнае ў нас – давер, разуменне і падтрымка. Дзякуючы гэтаму  пануе сяброўская атмасфера, і на працу ідзём з добрым настроем.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара