Свята Купалле прайшло ў дзіцячым садзе г.п. Мір
Народнае свята Купалле беларусы адзначаюць з 6 на 7 ліпеня. Традыцыйнымі забавамі ў Купальскую ноч з’яўляюцца скачкі праз вогнішча, пляценне вянкоў, варажба і пошук чароўнай Папараць-кветкі.
Менавіта таму, каб далучыць выхаванцаў да беларускіх народных традыцый, звычаяў і старажытных абрадаў, у дзіцячым садзе г.п.Мір прайшло свята “Купальскія прыгоды”.
Каб знайсці чароўную Папараць-кветку, дзеці павінны былі прайсці розныя выпрабаванні: дзяўчынкі – сплесці вянок, хлопчыкі – пераскочыць праз вогнішча. Карагод вакол вогнішча трэба было вадзіць пад чароўны загавор, які адчыняў сцяжынку да Папараць-кветкі. На шляху дзеці спадкалі міфічных беларускіх істотаў – Балотніка і яго сяброўку Кікімару, якія таксама прыгатавалі пошукавікам чароўнай кветкі розныя выпрабаванні на кемлівасць, хуткасць, лоўкасць, спрыт.
У рэшце Папараць –кветка была знойдзена, і кожны змог загадаць сваё самае запаветнае жаданнне, якое – верым – абавязкова спраўдзіцца! А яшчэ разам з Папараць-кветкай дзеці знайшлі хоць і не каштоўны, але смачны салодкі скарб. Свята прайшло весела, пазітыўна і… казачна!
Святлана Петрыман,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці