На планерке у председателя: борьба с борщевиком Сосновского, введение в севооборот пустующих участков
На Карэліччыне працягваецца барацьба з небяспечнай інвазіўнай раслінай — баршчэўнікам Сасноўскага. На штотыднёвай працоўнай нарадзе старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў даручыў адпаведным службам правесці чарговае абследаванне месцаў магчымага вырастання гэтай расліны і знішчыць яе.
У бягучым годзе выяўлены месцы вырастання баршчэўніка Сасноўскага агульнай плошчай 14,5 гектараў. Мерапрыемствы па яго знішчэнні праведзены на ўсёй плошчы як механічным, так і хімічным спосабам. Работы выконваліся самастойна землекарыстальнікамі, а на землях агульнага карыстання населеных пунктаў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – спецыялізаванымі арганізацыямі.
— Вельмі важна не дапускаць, каб расліны масава зацвіталі і фарміравалі насенне, — сказаў кіраўнік раёна. – Таму барацьба з зялёным агрэсарам —гэта не толькі справа дзяржавы, але і звычайных грамадзян.
Завастрыў увагу Генадзій Шатуеў і на зямельных участках, якія вызваляюцца пасля зносу пустуючых і старых дамоў.
— Дом знеслі, а тое, што расце за ім: дрэвы, хмызнякі — засталося. Як ўвесці такі кавалак зямлі ў севазварот? Таму старшыням сельскіх Саветаў трэба кантраляваць якасць выкананых па зносе састарэлага жылля работ, — даручыў старшыня райвыканкама. — Ёсць нявырашаныя пытанні па наяўнасці несанкцыянаваных звалак, па-ранейшаму засмечаныя могілкі. Несанкцыянаваныя звалкі трэба рэкультываваць і садзіць лес, а могілкі пастаянна чысціць ад рытуальных адходаў. Трэба быць руплівымі гаспадарамі на сваёй зямлі.
Абмеркавалі на нарадзе і меры па забеспячэнні бяспекі людзей на вадзе і ў побыце. Рэйды па вадаёмах і наведванне дамоў спецыялістамі розных службаў будуць працягвацца, бо галоўная задача выканаўчай улады —захаваць здароўе і жыццё людзей.
Іна ЛЕЙКА