Председатель Кореличского райисполкома Геннадий Шатуев: «Жатва — это наш продовольственный фронт»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня правёў селектарную нараду па пытаннях уборачнай кампаніі. На сувязі з Кіраўніком краіны ў рэжыме рэальнага часу знаходзіліся ўсе раёны рэспублікі. Карэліцкі не стаў выключэннем.
— Такая вялікая селектарная нарада праводзіцца нашым Прэзідэнтам не ўпершыню, — гаворыць старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў. — Калі на прамой сувязі з нацыянальным лідарам уся краіна, значыць пытанне сапраўды важнае. Нічога важнейшага за эканоміку, якая пачынаецца ў полі, не можа быць. Перапрацоўшчыкам патрэбна сыравіна, людзям — прадукцыя, жывёле — кармы.
Галоўны пасыл Прэзідэнта — забяспечыць сваю харчовую бяспеку, сканцэнтраваўшы ўсе сілы падчас уборкі ўраджаю. Традыцыйна Карэліцкі раён займае лідзіруючыя пазіцыі на Гродзеншчыне па тэмпах уборкі і ўраджайнасці. На 25 ліпеня ўбрана 26% плошчаў пры ўраджайнасці 57,7 ц/га. Усё гэта вынік велізарнай працы, праведзенай з восені мінулага года. Менавіта тады шмат сіл і сродкаў уклалі ў апрацоўку палёў, пачалі рыхтаваць сельскагаспадарчую тэхніку, на рамонт якой затрачана 8,5 млн рублёў. Дарэчы, за апошнія 5 гадоў набыта 18 новых збожжаўборачных камбайнаў, а гэта 21% ад агульнай колькасці камбайнавага парку. Нагрузка на адзін агрэгат складае 231 га, што цалкам прымальна і дазволіць правесці жніво ў аптымальна кароткія тэрміны. Але самае галоўнае, што за штурваламі стэпавых караблёў знаходзяцца людзі працавітыя і адказныя, гатовыя ад відна да цямна выконваць пастаўленую задачу.
Падчас нарады Прэзідэнт падкрэсліў, што нават у такі засушлівы год, як гэты, добра зарэкамендаваў сябе азімы ячмень. У Карэліцкім раёне з 1540 га сабралі 9498 т пры ўраджайнасці 61,7 ц/га. З гэтым вынікам раён замыкае тройку лідараў на Гродзеншчыне.
У раёне толькі пачалі ўбіраць рапс, а ён ужо дэманструе годную ўраджайнасць — 34,8 ц/га. Вядома, што гэтая культура прыносіць добры прыбытак прадпрыемствам, якія займаюцца яе вырошчваннем і перапрацоўкай. Паводле слоў Прэзідэнта, пастаўкі рапсавага алею просяць павялічыць у Кітаі і Еўропе, а ў Карэліцкім раёне яго вытворчасцю займаюцца тры сельгаспрадпрыемствы.
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што сабраць ураджай трэба без страт, а для гэтага неабходна правесці жніво на высокім арганізацыйным узроўні. Бо толькі мы самі можам забяспечыць сваю харчовую бяспеку, накарміць, апрануць і абуць народ.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара