Педагоги Кореличского района обсудили выпускную кампанию
У 2023 годзе выпускнікі беларускіх школ здавалі экзамены па-новаму. Замест чатырох школьных экзаменаў і трох этапаў цэнтралізаванага тэсціравання адзінаццацікласнікі здавалі два цэнтралізаваныя экзамены і праходзілі адно ЦТ. Змены ў кампаніі былі закліканы палегчыць нагрузку на выпускнікоў. Многія ацанілі іх станоўча, аднак у ходзе кампаніі ўзнікалі спрэчныя пытанні.
Перад пачаткам новага навучальнага года работнікі адукацыі раёна сустрэліся на дыялогавай пляцоўцы, дзе абмеркавалі плюсы і мінусы ЦЭ і ўнеслі свае прапановы па змяненні ўступнай кампаніі. У пачатку гутаркі начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч заклікала калег выказваць свае прапановы і паабяцала, што ўсе пажаданні педагогаў будуць улічаныя.
Слова ўзяла дырэктар сярэдняй школы №1 райцэнтра Алена Вярбіцкая. На базе гэтай установы адукацыі сёлета праходзілі цэнтралізаваныя экзамены. Кіраўнік адзначыла, што ацэньвае новаўвядзенні станоўча, бо цэнтралізаваны экзамен апраўдаў сябе і дапамог зменшыць нагрузку на дзяцей. Алена Вярбіцкая ўнесла прапанову праводзіць тры цэнтралізаваныя экзамены і адмовіцца ад цэнтралізаванага тэсціравання, бо яно праводзіцца ў іншым горадзе, і некаторыя дзеці, хвалюючыся, могуць паказаць больш нізкі вынік.
Ад аднаго з педагогаў прагучала пытанне аб паступленні ў продаж зборнікаў матэрыялаў для падрыхтоўкі да ЦЭ. У 2022/2023 навучальным годзе настаўнікі рыхтавалі выпускнікоў да іспытаў «усляпую», абапіраючыся на заданні ЦТ мінулых гадоў. Педагогі не бачылі заданняў ЦЭ і судзяць пра іх толькі па словах сваіх вучняў. Форму правядзення ЦЭ, як і час выканання заданняў прапанавалі пакінуць без змен.
Пагаварылі на пасяджэнні і аб шкале пераводу вынікаў ЦЭ ў дзесяцібальную сістэму. Цяперашняя шкала многім была незразумелая, з-за яе ўзнікла блытаніна пры выстаўленні выніковых балаў. Была ўнесена прапанова пабудаваць шкалу так, як працуе шкала ацэньвання кантрольных работ, калі пэўнае пытанне ацэньваецца пэўным балам.
Абмяркоўвалася на пасяджэнні і пытанне аб экзамене па гісторыі Беларусі. У гэтым годзе абавязковы экзамен па гэтым прадмеце здавалі вучні дзявятага класа. Многія педагогі выказалі ўпэўненасць у тым, што экзамен па гісторыі павінны здаваць адзінаццацікласнікі: у гэтым узросце школьнікі ўжо могуць аналізаваць прачытаны матэрыял, а не проста завучваюць білеты. На сходзе вынеслі прапанову правяраць веды па гісторыі Беларусі ў адзінаццатым класе шляхам правядзення рэспубліканскай кантрольнай работы, як было ў гэтым годзе.
Кіраўніцтва аддзела адукацыі згадзілася з усімі прапановамі, якія прагучалі на сустрэчы.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара