Заместитель председателя Кореличского райисполкома Александр Былич рассказывает о развитии строительной отрасли района

Штогод у другую нядзелю жніўня сваё прафесійнае свята адзначаюць прадстаўнікі самай мірнай і высакароднай прафесіі — будаўнікі. Іх стваральная праца годная пашаны і павагі. Людзі гэтай прафесіі ў сваёй рабоце  заўсёды імкнуцца прымяніць новыя тэхналогіі, арыгінальныя і перспектыўныя канструктарскія рашэнні і распрацоўкі. Дзякуючы ім мяняюцца райцэнтр і населеныя пункты  раёна: узводзяцца жылыя дамы, сацыяльныя і вытворчыя аб’екты і рамантуюцца будынкі. Напярэдадні Дня будаўніка аб тым, як развіваецца будаўнічая галіна раёна, наш дыялог з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Былічам.

— Аляксандр Анатольевіч, як спрацаваў будаўнічы комплекс раёна за першае паўгоддзе бягучага года ў лічбах?

— У цэлым спрацавалі нядрэнна. Будаўніча-мантажныя работы выкананы ў аб’ёме 7812 тысяч рублёў, да задання першага паўгоддзя — 173,6%.

Аб’ём падрадных работ, выкананых уласнымі сіламі, склаў 4132 тысячы рублёў, або 211% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.

— Спецыялісты якіх будаўнічых прафесій сёння найбольш запатрабаваныя на рынку працы?

— Па-ранейшаму застаецца высокім попыт на высокакваліфікаваных работнікаў, якія маюць разнапланавыя будаўнічыя спецыяльнасці, прычым такая сітуацыя склалася не толькі ў Карэліцкім раёне, але і ў цэлым па рэспубліцы.

—   Аляксандр Анатольевіч,  як ідуць справы з будаўніцтвам жылля на Карэліччыне? Якая найбліжэйшая перспектыва забудовы райцэнтра і,  увогуле, раёна?

— У асноўным  у раёне вядзецца будаўніцтва індывідуальнага жылля. У бягучым годзе пачынаем выдзяляць зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў у новым квартале індывідуальнай забудовы “Зорны” ў гарадскім пасёлку Мір. Дзяржаўным прадпрыемствам “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Навагрудскага раёна” на будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры ў квартале індывідуальнай забудовы “Зорны” ў г.п. Мір у бягучым годзе запланавана 360 тыс. рублёў. Праектам прадугледжана пад забудову 23 участкі. У наступным годзе сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам “Свіцязянка-2003” плануецца будаўніцтва 12-кватэрнага жылога дома ў аграгарадку Райца. Таксама плануем рэканструкцыю будынка пад шматкватэрны жылы дом у гарадскім пасёлку Карэлічы.

— Што трэба рабіць шматдзетнай сям’і, якая жыве ў сельскай мясцовасці, калі яна хоча пабудаваць дом і атрымаць падтрымку дзяржавы?

— Па-першае, неабходна стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Трэба прыйсці ў райвыканкам, напісаць заяву аб прадастаўленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва дома. Пасля прадастаўлення зямельнага ўчастка звярнуцца па дазвол на будаўніцтва. Наступны этап — распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Затым сям’ю ўключаюць у спісы на прадастаўленне льготнага крэдыту згодна з Указам № 240 ці № 13. Для тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці, на аднаго члена сям’і льготна крэдытуюцца 30 кв. метраў. Гэта значыць, калі ў сям’і пяць чалавек, то будзе выдадзены льготны крэдыт на будаўніцва 150 кв. метраў. Для параўнання ў Карэлічах і ў Міры — 100 кв. метраў.  Безумоўна, сям’я пры жаданні можа пабудаваць і больш прасторнае жыллё.

— Арганізацыі і прадпрыемствы раёна таксама займаліся будаўніцтвам і рэканструкцыяй сваіх аб’ектаў. Каго б Вы вылучылі?

— Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ажыццяўляюць будаўніцтва аб’ектаў гаспадарчым спосабам, якія адносяцца да пятага класу складанасці. Гэта, напрыклад, сянажныя траншэі. На іншыя аб’екты  запрашаем падрадныя арганізацыі, якія маюць адпаведны атэстат на выкананне работ.

Так, адным са значных праектаў на тэрыторыі раёна ў 2023 годзе стала будаўніцтва двух кароўнікаў на 610 месцаў і даільна-малочнага блока пры малочнатаварнай ферме ў вёсцы Востухава з аб’ёмам інвестыцый  11629 тыс. рублёў, які рэалізуецца сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам “Маяк-Заполле”. З пачатку рэалізацыі праекта асвоена 3255,4 тыс. рублёў, у тым ліку ў студзені-маі  – 2359,1 тыс. рублёў. Завяршэнне работ на аб’екце запланавана на канец 2023 года.

У  бягучым  годзе Карэліцкім РУП ЖКГ запланавана рэалізацыя такіх значных праектаў,  як рэканструкцыя кацельні па вул. Гагарына ў г.п. Карэлічы з заменай цвёрдапаліўных  катлоў на высокаэканамічныя агульным коштам 5,5 млн рублёў,   рэканструкцыя кацельні СШ № 2  г.п. Карэлічы коштам 250 тыс. рублёў, рэканструкцыя кацельні  ў агр. Райца коштам 210 тыс. рублёў, будаўніцтва артэзіянскай свідравіны ў аграгарадку Краснае   коштам 105 тыс. рублёў.

Для забеспячэння спажыўцоў  якаснай пітной вадой  штогод будуюцца станцыі абезжалезвання. У мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю  станцыя абезжалезвання,  воданапорная вежа, перакладзена вадаправодная сетка ў агр. Ярэмічы з аб’ёмам інвестыцый 752,02 тыс. рублёў. У выніку будаўніцтва аб’екта забяспечанасць спажыўцоў вадой пітной якасці павялічылася з 95,8% да 99,12 %. У гэтым годзе запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання, перабурванне свідравіны ў в. Радунь  агульным коштам 340 тыс. рублёў.

У Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы завяршаюцца работы па рэканструкцыі памяшкання аперацыйнага блока бальніцы пад аддзяленне гемадыялізу. Таксама  выконваюцца работы па рамонце прыёмнага пакоя, кошт якіх складае  400 тыс. рублёў.

Закрытым акцыянерным таварыствам “Вольна” ў г.п Карэлічы на базе былой МПМК выконваюцца работы па  рэканструкцыі будынка, дзе будзе рамантавацца  электраабсталяванне. З пачатку будаўніцтва ўжо асвоена 100 тысяч рублёў.

— Для людзей актуальнымі застаюцца пытанні капітальнага рамонту дамоў,  мадэрнізацыі цеплавых сетак і газіфікацыя. Што зроблена ў гэтым кірунку?

— Штогод Карэліцкім   РУП  ЖКГ уводзіцца ў эксплуатацыю    3 000 кв. м жылля пасля капітальнага рамонту. Сёлета такія работы  выконваюцца ў г.п.  Карэлічы па  вул. Гастэлы, д. 32 і д. 42,  вул. 1 Мая,  д. 3. Завяршэнне  работ запланавана ў трэцім квартале бягучага года.

Што датычыцца  цеплавых сетак, то работы па іх мадэрнізацыі ў раёне завершаны ў 2021 годзе. Газіфікацыя населеных пунктаў праводзілася ў асноўным у рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 368, але ў цяперашні час нашы грамадзяне актыўна  ідуць на выкарыстанне электрычнай энергіі для патрэб ацяплення, падагрэву вады і гатавання ежы. У рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 127 грамадзянам кампенсуецца частка расходаў. У бягучым годзе ў спісы ўключана 138 чалавек.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара