На примере Турецкого сельсовета смотрим, как в Кореличском районе после сноса ветхого брошенного жилья земли вводят в сельхозоборот

У Беларусі даўно ведаюць простую ісціну — усё пачынаецца з зямлі. Не бывае моцнай дзяржавы, зямля якой не корміць свой народ. Вось і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўвесь час кажа: «Кожны кавалак зямлі павінен быць выкарыстаны на карысць краіны». І гэта не толькі аб меліярацыі, але і аб тых участках, што вызваляюцца пасля зносу кінутых старых дамоў. У Карэліцкім раёне з пачатку гэтага года ўведзена ў сельгасабарот 4,1 га такіх участкаў, трэцяя частка з якіх у Турэцкім сельсавеце.

Менавіта туды і адправіліся за вопытам работы старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў на чале з першым намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгенам Бусько.

Першы прыпынак у вёсцы Вялікая Слабада. Старшыня Турэцкага сельскага Савета дэпутатаў Сяргей Барычэўскі і дырэктар КУСП «Чарняхоўскі-Агра» Наталля Дубкова сустракаюць удзельнікаў міні-семінара каля свежаўзаранага ўчастка зямлі, дзе яшчэ зусім нядаўна стаялі два дамы-развалюхі. Не відаць ні лішніх кустоў, ні дрэў — усё пайшло пад калгасную пілу. Затым у працу ўключылася спецыялізаваная арганізацыя з цяжкай тэхнікай — пні выкарчаваны, сцены разабраны на бярвёны, падмурак пахаваны. У выніку атрымліваем ладны кавалак зямлі, на якім можна сеяць хоць хлеб, хоць травы для дойнага пагалоўя.

Яўген Бусько дае станоўчую ацэнку ўбачанаму:

— Гэта выдатны прыклад цеснай сумеснай работы сельскага Савета і сельгаспрадпрыемства. Проста знесці дом і гаспадарчыя пабудовы — гэтага мала. Трэба абавязкова папярэдне спілаваць насаджэнні: хмызнякі, дрэвы. І толькі тады гэтую зямлю можна выкарыстоўваць пад сяўбу. Хутка пачнецца пасяўная. У кожным сельсавеце ёсць такія ўчасткі зямлі, якія павінны працаваць і прыносіць карысць. Трэба актывізаваць з імі працу.

Сяргей Барычэўскі расказвае, што на гэтым участку ў 0,9 га стаялі два кінутыя дамы. Спадчыннікаў удалося знайсці: адзін жыве ў Лідзе, другі ў Расіі. У выніку абодва адмовіліся ад старой маёмасці, і дамы знеслі. Выдаткавалі 2 тысячы рублёў. Калі б не дапамога КУСП “Чарняхоўскі-Агра” ў спілоўванні дрэў, затраты былі б вышэй.

— Бярвёны, якія засталіся пасля зносу жылля, мы выкарыстоўваем у якасці паліва, — тлумачыць Наталля Дубкова. — У нас на дровах працуюць тры кацельні: мехмайстэрняў, адміністрацыйнага будынка прадпрыемства і лазні ў вёсцы Тарасавічы. А на гэтым участку зямлі вясной пасеем шматгадовыя травы. У вёсцы Лыкавічы ёсць яшчэ тры зямельных надзелы плошчай 0,75 га, на якіх нядаўна знесена трухлявае жыллё. На зіму абавязкова засеем. Вось яшчэ плюс да нашых сельгасугоддзяў, а значыць больш будзе ў засеках збожжа ці кармоў для дойнага пагалоўя.

Каб пераканацца, што такая праца прыносіць свой плён, едзем у вёску Вялетава. Там летась пасля зносу кінутай хаткі вызвалілася 0,35 га зямлі. Працавалі па старой адладжанай схеме: дапамога сельгаспрадпрыемства ў спілоўванні насаджэнняў і работа спецарганізацыі. Увосень пасеялі азімае трыцікале, якое цяпер цешыць вока.

— Вядома, усходы на гэтай зямлі не такія густыя, як на астатняй раллі, — кажа Наталля Дубкова. — Яно і зразумела, бо гэта, лічы, цаліна, у якую трэба ўкладваць сілы і сродкі. Але мы гатовы на гэта ісці, бо будзе не толькі эканамічны, але і эстэтычны эфект.

— Усяго на тэрыторыі Турэцкага сельвыканкама знаходзіцца 40 пустуючых дамоў, — тлумачыць Сяргей Барычэўскі. — Цяпер актыўна працуем з чатырма, шукаем спадчыннікаў. Трэба адзначыць, што большасць з уладальнікаў закінутых дамоў жывуць за мяжой і як правіла адмаўляюцца ад сваіх правоў на старую спадчыну. Штогод на тэрыторыі сельсавета зносім у сярэднім па чатыры не прыдатных для пражывання дома. Участкі забірае сельгаспрадпрыемства, бо ў кожнага квадратнага метра зямлі павінен быць гаспадар.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара