Прынцып яе жыцця — працаваць, дык працаваць. Расказваем пра былую даярку саўгаса «Людвікі», лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Ванду Пятроўну Напорка
Год міру і стварэння абавязвае нас задумацца над глыбокім унутраным сэнсам гэтых двух паняццяў, якія спакон вякоў з’яўляюцца моцным і надзейным падмуркам, на якім грунтавалася і грунтуецца шчаслівае існаванне грамадства. Без міру няма і не можа быць стваральнай дзейнасці, бо, як вядома, гвалт, агрэсія нясуць у сваёй згубнай сутнасці знішчэнне, пакуты, гора. Таму ні ў якім разе нам нельга аддаць мір і стварэнне на разарванне злым сілам, будаваць сённяшняе і заўтрашняе жыццё на прыкладзе гераізму і працавітасці мінулых пакаленняў. Зберагаць у сэрцах памяць не толькі аб тых, хто цаной свайго жыцця, непамернай мужнасці падарыў нам шчасце жыць пад мірным небам, але і тых, хто дзякуючы бяспрыкладнай працавітасці адраджаў зруйнаваную ў гады Вялікай Айчыннай вайны зямлю, ствараючы яе дабрабыт, росквіт, незалежнасць.
З іх ліку — былая даярка саўгаса «Людвікі», лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Ванда Пятроўна Напорка.
З Вандай Пятроўнай я пазнаёмілася 20 гадоў таму, калі рыхтавала любімы карэліччанамі вечар-сустрэчу «Ад усёй душы», адной з гераінь якога была і яна. Памятаю, як уразілі тады мяне яе знешняя прыгажосць, сціпласць, прыроджаныя сардэчнасць і памяркоўнасць, сялянская мудрасць, адданасць жыццёваму прынцыпу, перададзенаму ёй у спадчыну матуляй: «Працаваць, дык працаваць!». Менавіта гэты прынцып дапамог жанчыне калісьці пакарыць вяршыню Алімпу Працоўнай Славы. Потым не раз мы сустракаліся на розных раённых мерапрыемствах, і я заўсёды грэла сэрца шчырасцю, цеплынёй яе душы. І вось праз столькі часу мы зноў сядзім ва ўтульным дворыку двухкватэрнага дома па вуліцы Фаменкі, дзе па-ранейшаму жыве Ванда Пятроўна, дзе, як і ў мінулыя гады, пануюць парадак і дагледжанасць, заведзеныя ёю. Адразу ж кідаюцца ў вочы прадуманасць дэкаратыўных высадак і кветкавага афармлення, сярод якіх знайшлося месца і для альтанкі, і для шашлычнай пляцоўкі, і для вясёлага невялікага газона, любімага месца для гульняў праўнучак Стэфаніі і Сафіі, для адпачынку ўнукаў. Дачка Рэгіна, яна падтрымлівае, стварае зайздросную прыгажосць. Яна цэлымі днямі прападае ў матулі, дорыць ёй цеплыню свайго сэрца, акружае клопатам і ўвагай.
Менавіта таму, нягледзячы на 85-гадовы ўзрост, Ванда Пятроўна захавала маладжавасць, радуецца кожнаму пражытаму дню, бясконца любіць дачушку, унукаў (іх у яе трое), двух праўнукаў, не перастае дзякаваць мясцовай уладзе за клопат аб ёй, не наракае на хібы ў здароўі, з ахвотай дзеліцца ўспамінамі аб пражытых гадах, галоўнае месца ў якіх займала праца не дзеля асабістага, па яе словах, узбагачэння, а дзеля стварэння дабрабыту і росквіту роднай зямлі.
У свае нялёгкія юнацкія гады Ванда Пятроўна Напорка не магла нават у марах уявіць сабе, што ў будучым стане лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, што яе імя, яе працоўныя поспехі будуць вядомыя не толькі на ўсю рэспубліку, але і на ўвесь Савецкі Саюз. А працаваць прыйшлося пачынаць у няпоўныя 14 гадоў. Апроч яе, у беднай сялянскай сям’і, якая жыла на хутары Рудзьма, было яшчэ чацвёра дзяцей, таму, калі дзяўчынка скончыла чатыры класы, бацькі вырашылі: «Пісаць, чытаць навучылася, няхай хоць якія грошы зарабляе на сям’ю». Ванда не цуралася ніякай работы, і калі бралася за што, старалася быць ва ўсім лепшай, беручы прыклад з матулі. Маленькая, спрытная, працавітая дзяўчына падабалася многім хлопцам, яна ж аддала сваё сэрца маладому настаўніку, з якім пераехала ў в. Антанёва, потым — у Сіняўскую Слабаду. Спачатку працавала прыбіральшчыцай і поварам у школе, брала, як усе, дзялкі буракоў, лёну ў калгасе, яе залатыя рукі паспявалі ўсюды. Руплівасць маладой жанчыны заўважыў старшыня, прапанаваў пайсці працаваць на ферму, даглядаць авечак. Участак работы нялёгкі, а яна аддавала працы ўсю душу, старалася, таму ўсе гады лічылася лепшай з лепшых, не раз перамагала ў сацыялістычным спаборніцтве. І дома на зайздрасць сяльчанам трымала ідэальны парадак, гадавала дачушку Рэгіну, марыла, каб тая атрымала ў будучым добрую адукацыю.
У 1985 годзе па многіх прычынах Вандзе Пятроўне прыйшлося змяніць месца жыхарства: услед за мужам пераехала ў г.п. Карэлічы. Не раздумваючы, атрымаўшы прапанову, пайшла працаваць на ферму «Людвікі»: спачатку праявіла сябе на адкорме маладняку, потым стала падменнай даяркай, а пазней ёй даверылі групу кароў. Работа гарэла ў руках жанчыны, нягледзячы на цяжкасці працы даяркі: у тры ночы — пад’ём, у 12 ночы — толькі на адпачынак, пры гэтым яна старалася гатаваць смачныя сняданкі, абеды для сям’і, прывучала Рэгіну да самастойнасці, і дачка не падвяла маму ні ў чым: добра вучылася, была памочніцай у доме, паспяхова скончыла школу, атрымала вышэйшую адукацыю ў Мінскім політэхнічным інстытуце, вярнулася на сваю малую радзіму, стала паважаным чалавекам у раёне. На пенсію Рэгіна Аляксандраўна выйшла з пасады начальніка аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама. Толькі доўга ў статусе пенсіянеркі не прабыла: вопытнаму аўтарытэтнаму работніку прапанавалі сёлета ўзначаліць раённае аб’яднанне інвалідаў, членаў якога яна з першай жа сустрэчы пакарыла сваім залатым характарам.
Ванда Пятроўна, успамінаючы гады працы на ферме, не хавае: «Было цяжка, гэта зараз казачныя ўмовы для работы на малочнатаварных комплексах, жывёлагадоўчых фермах, а раней усё выконвалі ўручную — і даілі, і чысцілі стойлы, корм віламі разносілі, ледзяной вадой бідоны мылі, «зараблялі» поліартрыт суставаў. Але мы былі маладымі, паверце, не звярталі ўвагу на цяжкасці; апантаныя працай, імкнуліся да высокіх вынікаў, жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму, выручалі ў складаныя моманты. Атрымаўшы ў 1991 годзе за высокія надоі, за стараннасць у рабоце заслужаную высокую ўзнагароду, яна ніколі не патрабавала, не патрабуе і цяпер для сябе нейкай асаблівай увагі, не выдзяляла сябе сярод паплечніц, і яшчэ доўга, знаходзячыся на пенсіі, хадзіла на ферму, дапамагала сяброўкам. Калі запрасілі папрацаваць дворнікам у Доме Саветаў, пайшла, бо не прывыкла сядзець без пэўнага занятку ў хаце. На гэтай пасадзе, як і было заўсёды ў яе жыцці, аддавала сябе без астатку, пакуль хвароба не прымусіла застацца дома. Зараз Ванда Пятроўна грэе сэрца любоўю дачкі, унукаў, праўнукаў радуецца іх поспехам, моліцца ў душы за іх шчасце і здароўе, просіць у Бога міру для роднай зямлі, жыве добра і годна, як і належыць сапраўднаму чалавеку.
Галіна КАЛТУНОВА
Фота з сямейнага архіва В. П. НАПОРКІ