На сессии Кореличского районного Совета депутатов принято решение о создании 26 избирательных округов
У райцэнтры адбылася 55-я сесія Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў.
Удзел у пасяджэнні прыняў старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў. Адкрыў сход намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Барычэўскі.
Першым было разгледжана пытанне аб устанаўленні колькасці выбарчых акруг, якія падлягаюць стварэнню на тэрыторыі Карэліцкага раёна, і сярэдняй колькасці выбаршчыкаў на выбарчую акругу па выбарах дэпутатаў Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання. На пасяджэнні прынялі рашэнне ўстанавіць 26 выбарчых акруг, а сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на акругу будзе роўнай 623 чалавекам.
Акрамя гэтага, асаблівая ўвага была ўдзелена пытанню аб зацвярджэнні горадабудаўнічага праекта. У дакладзе начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ірыны Малышавай было адзначана, што з 20 чэрвеня па 14 ліпеня 2022 г. праводзіліся грамадскія абмеркаванні горадабудаўнічага праекта, экспазіцыя была выстаўлена ў будынку райвыканкама, уся інфармацыя была размешчана на сайце Карэліцкага райвыканкама і апублікавана ў газеце «Полымя». Генеральным планам прадугледжана далейшае развіццё існуючых вытворчых зон, жыллёвага будаўніцтва і грамадскай забудовы ў г.п. Карэлічы. Грамадзянам была прадастаўлена магчымасць прыняць удзел у абмеркаванні праекта. У перыяд правядзення грамадскіх абмеркаванняў прапаноў і заўваг па праекце не паступіла, таму дэпутаты прагаласавалі за зацвярджэнне праекта.
Наступным было разгледжана пытанне аб заключэнні дагавора арэнды з ІП Яўгенам Калядой, якому прадастаўлены вадаём недалёка ад вёскі Барацін Красненскага сельсавета для таварнага рыбаводства і рыбаводства ў рэкрэацыйных мэтах тэрмінам на 5 гадоў.
Апошнім на парадак дня было вынесена пытанне аб вызначэнні газеты “Полымя” афіцыйным перыядычным выданнем, у якім могуць быць апублікаваны нарматыўна-прававыя акты Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў, уключаныя ў Нацыянальны рэестр прававых актаў. Прапанова была падтрымана ўсімі дэпутатамі.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара