Гавораць героі Алеі Славы Карэліцкага раёна
Ганна ШКЛЯРЖ,
Заслужаная настаўніца Рэспублікі Беларусь:
— 17 верасня — урачысты дзень агульнарэспубліканскага маштабу, які з’яўляецца сімвалам вялікай гісторыі і гонару за нашу Радзіму. Я ганаруся сваёй краінай, мірнай, утульнай, стабільнай, камфортнай для жыцця, дзе ствараюцца ўсе ўмовы для развіцця, адукацыі, рэалізацыі сваіх здольнасцей, дасягнення пастаўленых мэт. Прызнаваючыся ў гэтым, я ў думках вяртаюся ў тое далёкае, саграваючае душу мінулае, калі маладой улілася ў педагагічны калектыў Карэліцкай сярэдняй школы. Вялікія вопытныя настаўнікі, мудрае патрабавальнае кіраўніцтва, вялікія па колькасці класы. Усё гэта крыху палохала і ў той жа час прымушала рухацца наперад. Цікавыя ўрокі, поспехі вучняў на ўступных экзаменах, перамогі на алімпіядах рознага ўзроўню, 100-бальныя вынікі ЦТ. Усё гэта было дзякуючы зладжанаму супрацоўніцтву «настаўнік — вучань», дзякуючы падтрымцы калектыву, разуменню бацькоў. Мы былі вялікая і дружная сям’я. У адзінстве — наша сіла, якая давала ўпэўненасць і прыводзіла да перамогі.
Я ганаруся беларускім народам, яго дабрынёй, пакладзістасцю, працавітасцю, уменнем цаніць дасягнутае, берагчы створанае. Сучаснае пакаленне павінна не толькі памятаць і ўшаноўваць подзвіг беларускага народа, але і прымнажаць дасягнутае дзеля будучых пакаленняў. Як важна бачыць прыгажосць роднага краю, чысціню вуліц, дагледжанасць палёў, магчымасць дзяцей вучыцца, займацца любімай справай! Як важна адчуваць і разумець, што гэта вынік працы людзей розных прафесій і ўзростаў! Як важна берагчы і цаніць тое, што маем! Толькі аб’яднаўшыся, мы будзем яшчэ мацней, яшчэ больш паспяховымі, яшчэ прыгажэйшай будзе наша родная Беларусь, а беларусы — багацейшымі і шчаслівейшымі.
Мікалай ГАВІНА,
старшыня КСУП «Лукі-Агра»:
— Зямля ва ўсе часы была і застаецца ў пашане ў вяскоўцаў. З ранняй вясны да позняй восені яны шчыруюць і атрымліваюць багатыя ўраджаі. Аддаўшы сельскай гаспадарцы амаль чатыры дзесяцігоддзі, неаднойчы скіроўваю позірк у тыя далёкія гады, калі прыйшоў працаваць у калгас імя Чарняхоўскага. За плячыма была вучоба ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Радзіма сустрэла мяне гасцінна, і трэба было наладжваць кантакт з вяскоўцамі. Не заўсёды гэта было проста, але шчырасць, адкрытасць, працавітасць вясковых людзей рабілі сваю справу: мне ўдавалася наладжваць з імі кантакты.
Хлебаробы вырошчвалі збажыну, лён, бульбу — іх працавітасці не было межаў. Яны шчыравалі на калгасных палетках і ўвіхаліся па асабістай гаспадарцы. Стараліся не толькі працаваць, але ўмелі адпачываць і весяліцца па-добраму. Гледзячы на іх шчаслівыя твары, перапаўняў гонар за людзей, якія ствараюць зямныя даброты.
Сёння ганаровы тым, што чалавека працы на Карэліччыне шануюць, мае землякі гэтага заслужылі. Зараз у сельскую гаспадарку прыйшлі новыя тэхналогіі, і ёсць тыя, хто можа імі кіраваць і шчыра працуе на сучаснай тэхніцы. Здаўна зямля любіць руплівых і старанных, якія ўсім сэрцам гараць за любімую справу і служаць ёй спаўна з дня ў дзень, каб былі на стале хлеб і да хлеба.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ